Прафесар Макмілін пра беларускую літаратуру: я прыехаў да вас не на пахаванне

Брытанскі даследчык упэўнены, што тыя, хто пішуць добрыя кнігі на беларускай мове, абараняюць краіну ад ад «Вялікага Брата».

У Гомелі 7 кастрычніка адбылася сустрэча брытанскага даследчыка беларускай літаратуры, прафесара Арнольда Макміліна з удзельнікамі Школы маладога літаратара.

Макмілін прадставіў таксама сваю новую кнігу «Рунь», у якой аналізуе творчасць 40 маладых беларускіх паэтаў на падставе іх дэбютных зборнікаў, выдадзеных на пачатку ХХІ стагоддзя.

Прафесар пазнаёміўся з Нінай Шкляравай, якая ў 2007 годзе арганізавала Школу маладога літаратара, і яе «выхаванцамі», творы некаторых у кнізе «Рунь» даследаваў брытанскі навуковец.

Макмілін адзначыў, што Беларусь — маленькая краіна і важна бараніць і берагчы мову, калі ёсць «Вялікі Брат» — Расія. «Украінцы лепш шануюць сваю мову. У Беларусі простыя людзі думаюць, што руская мова больш культурная, чым беларуская. Я ванітую! Тое, што робяць паэты і празаікі, якія пішуць добрыя кнігі на беларускай мове, — гэта абараняе ад расійскага ўплыву. І таму я не чытаю рускамоўнай беларускай літаратуры. Магчыма, гэта мая памылка, але хопіць у іх на рускай мове свайго. Будучыня ёсць у беларускай літаратуры — канечне. Я не прарок, але я не бачу канца: душа народа адраджаецца ў вершах маладых. Я прыехаў сюды не на пахаванне, не люблю могілкі і пахаванне. Можна сказаць — на вяселле», — заявіў БелаПАН прафесар.

Ён дадаў, што калі культурныя людзі будуць размаўляць па-беларуску, то мова будзе існаваць. «Мая сяброўка Ганна Кісліцына (беларускі крытык і літаратуразнаўца. — БелаПАН.) мае вельмі гучны голас, і толькі па-беларуску, так што палова Мінску чуе беларускую мову», — пажартаваў суразмоўца.

Удзельнікам сустрэчы ён распавёў пра свой шлях да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, падзяліўся ўспамінамі пра сяброўскія стасункі з Васілём Быкавым, знаёмства з якім для брытанскага даследчыка — «вялікі гонар». Дзякуючы Быкаву прафесар упершыню пакаштаваў самагон, а пры сустрэчы ў Германіі яны «пілі чарніла, елі піцу і шмат размаўлялі». «Я напісаў розныя кнігі: добрыя, дрэнныя і сярэднія, і я вырашыў пісаць пра маладых паэтаў, таму што беларуская крытыка не дайшла да шмат каго. У мяне не так шмат прынцыпаў у жыцці, але я пішу толькі пра тое, што я магу чытаць, я не фантазірую. Так што хаця б тут сорак паэтаў, ёсць яшчэ іншыя, пра якіх я проста не ведаў», — падзяліўся Арнольд Макмілін.

З беларускіх класікаў яму найбольш блізкія Максім Багдановіч і Алесь Гарун. У Якуба Коласа прафесару спадабаўся «Сымон-музыка». З тых, хто нарадзіўся на гомельскай зямлі, даследчык найбольш шануе Анатоля Сыса.

Літаратуразнаўца зазначыў, што кніга «Рунь», хутчэй за ўсё, апошняя, але, дадаў ён, «пабачым, пабачым».

Макмілін вучыўся ў Лонданскім універсітэце, абараніў дысертацыю, выкладаў рускую мову і літаратуру ў розных ВНУ, прафесар рускай літаратуры, член Англа-беларускага таварыства, Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, чытае курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя».


  • Sirgay Thecatch
    Брытанскі даследчык упэўнены, што тыя, хто пішуць добрыя кнігі на беларускай мове, абараняюць краіну ад ад «Вялікага Брата». === а кольки ирландцев, уэльсцев и шотландцев пишут на своём языке? да так, чтобы иметь всемирную известность типа короткевича... прафесар не мог бы здесь привести примеры?! стыдоцце лицемернае...