Мінск маладосці нашай. Шпацыр па містычнай Кальварыі

Экскурсію па мясцінах сваёй маладосці для Naviny.by зладзіла пісьменніца Людміла Рублеўская.

Пісьменніца Людміла Рублеўская, маючы на ўвазе вуліцу дзяцінства — Бірузова і цяперашнее месца жыхарства — вуліцу Волаха, кажа, што пераехала з аднаго боку Кальварыі на другі. Я таксама была ўпэўнена, што гэты раён для Людмілы Іванаўны не чужы, бо ён не раз упамінаецца ў яе творах.

 

Паміж трубой «Люда» і турмой

— Мая мама атрымала кватэру на вуліцы Бірузова ў пачатку 60-х гадоў. Гэта была ўскраіна Мінска. Вось тут на месцы жылога комплексу «Пушкінскі» стаяў вінзавод, за ім — жытнёвае поле. Добра памятаю пах гнілых яблык, заўсёды там роіліся мухі і пчолы.

Раён Кальварыі — і мой родны, таму я таксама памятаю пах яблык. Адзін раз дакладна бачыла іх у кузавах машын і на дзіцячы розум думала: што ж яны ляжаць і псуюцца, калі можна прадаць, каб людзі елі? Гэты вінзавод закрылі, мусіць, у часы Гарбачова. А яго прахадную ў выглядзе веранды сельскага дома, як і нейкія іншыя памяшканні выкарыстоўвалі ў якасці бытовак будаўнікі ЖК «Пушкінскі».

— Наш дом — каля завода ацяпляльнага абсталявання. Квартал вакол завода называлі рабочае гета. Натуральна, ніякі завод не абыходзіўся без вялізнай трубы. У той час была такая мода, што кожная труба мела імя. Нават было супрацьстаянне: рабочыя малявалі імя, начальства зафарбоўвала. Дык вось, з аднаго боку нашай пяціпавярхоўкі была труба «Люда». На Харкаўскай вуліцы труба мела імя «Надзя».

А каля нашай «Люды» снег быў колеру кавы — столькі шкодных рэчываў выкідваў завод. Паўсюль стаяў такі густы прамысловы смурод… Амаль усе, хто там жыў, мелі захворванні дыхальных шляхоў.

Фота Васіля Сямашкі

З другога боку дома — калонія № 1. На жаль, на маіх аднакласнікаў такое суседства паўплывала не лепшым чынам. Цяпер наша школа 16-я гімназія. А тады мы і ўявіць сабе не маглі нейкіх гімназій. Даволі рана ў нашым класе ўсталяваліся парадкі па аналогіі з бандай. Былі свае «аўтарытэты» і «шасцеркі». Я не хацела ў гэтым удзельнічаць і мяне не прымушалі, бо дзяўчынка я была таксама з характарам — не любіла прымусу. Ну, і ў мяне была свая невялічкая кампанія анархістаў.

Недзе, мусіць, у класе пятым мы ўбачылі музычны фільм «Д'Артаньян і тры мушкецёры». Гэта ж цэлая падзея! Тады ў нашай кампаніі толькі ў сям’і адной дзяўчынкі быў каляровы тэлевізар, нязграбны вялізны «Гарызонт» з колерамі «вырві вока». Паглядзелі стужку, размеркавалі ролі. Я, вядома, была Д'Артаньянам, гэта ўжо потым, калі падрасла, эвалюцыянавала да Атоса. Наша кампанія звычайна гуляла каля чыгуначнай станцыі «Радыятарная». Там ляжалі вялікія горы шлаку, мы скакалі на іх, уяўлялі сабе, што гэта Альпы…

Аднойчы мы там у бетоннай агароджы замуравалі таемны статут нашага мушкецерскага ордэна. Аднойчы пайшлі з мужам (пісьменнік Віктар Шніп. — рэд.) на шпацыр, хацелася пачытаць, што ж мы там напісалі, а той агарожды ўжо няма.

У аднакласнікаў былі іншыя забавы. Хлопцы неяк прыстасоўваліся і мянялі пачкі гарбаты і цыгарэт на сцізорыкі, бранзалеты, ручкі, якія майстравалі зняволеныя. Там жа па кутах былі вышкі, і аднойчы чуць да страляніны не дайшло. А дзяўчаты ў старэйшых класах нават неяк знаёміліся з хлопцамі з калоніі, вучыліся турэмнай азбуцы і выкарыстоўвалі яе. На свае вочы бачыла, як дзяўчаты, ведаючы месца ў адным з дамоў, падавалі розныя сігналы, маўляў, перадай прывітанне Сашу з другога атрада.

Тады нам здавалася, што ўсё вечнае: куды ж можа дзецца турма? Але цяпер дзівімся на мініполіс «Каскад», які пабудавалі на яе месцы.

Фота kaskadminsk.by

 

Амаль насупраць турмы, прыкладна там, дзе цяпер уваход у метро «Маладзёжная», быў драўляны кінатэатр «Неман». У сярэдзіне 70-х гадоў ён загарэў. Цікава, што такі ж лёс напаткаў кінатэатр «Летні» у цэнтральным дзіцячым парку — цяпер на яго месцы помнік Максіму Горкаму.

 

Высахлі фантаны і зніклі ружы

Яшчэ ў 70-я гады ля Кальварыйскіх могілак быў прыватны сектар. Мы так і не успомнілі, што было раней у будынку адміністрацыі Фрунзенскага раёна — райвыканкам ці райкам партыі, але дакладна ведаем, што ў адным крыле там быў райкам камсамола. Дык вось, я памятаю, як зносілі некалькі прыватных дамоў, што былі якраз пад вокнамі шэрай будыніны. Мая цётка, якая жыла ў першай высотцы нашага раёна, казала, што «начальству не падабаецца глядзець на гэтыя домікі», а яна, хоць і карэнная гаражанка, любіла прачынацца пад спевы пеўняў.

— На месцы знесеных дамоў зрабілі фантан. Гэта быў наш басейн. Можа па гэтай прычыне фантан не надта доўга праіснаваў, — усміхаецца Людміла Іванаўна. — Тады яшчэ, думаю, нават у праекце не было будынкаў Фрунзенскага РАУС і Дзяржкамітэта судзебных экспертыз. На іх месцы быў аднапавярховы магазін. У нас была такая завядзенка шукаць капейкі і потым купляць цукеркі. Бабуля надта злавался, казала, яшчэ падумаюць, што гэта дзіця не кормяць. А нам падабалася: знайшлі — нібыта самі зарабілі. А ў тым высокім доме было кафэ «Рабінка», мы хадзілі туды з мамай.

Цяпер мы убачылі тут краму сэканд-хэнд.

Будынак Дзяржкамітэта судовых экспертызаў

Калі працягнуць тэму крам… Неяк чытала, што універсам «Фрунзенскі», які адкрылі ў сярэдзіне 70-х, быў першай універсальнай крамай у БССР і трэцяй у Саюзе. А я памятаю, як адкрылі «Гастраном» на тым месцы, дзе цяпер «Бруснічка». Не скажу за ўвесь Мінск, але ў  нашым раёне гэта была першая крама з такой назвай, і людзям вельмі не падабался чужое слова, а калі яшчэ нехта сказаў, што яно звязана са страўнікам… У «Гастраноме» пакупнікам трэба было абавязкова браць, як іх называлі, інвентарныя  кошыкі, сплеценыя з рознакаляровага дроту. А калі так, то гэта быў магазін самаабслуговання. І з’явіўся ён раней «Фрунзенскага».

Дом з тым «Гастраномам» пабудаваны на гары. А ўнізе быў цудоўны сквер з шыкоўнымі ружовымі кветнікамі ды фантанам. Цяпер фантан зрабілі бліжэй да метро, а аб ружах засталіся толькі ўспаміны.

 

Містыка Кальварыі

Людміла Іванаўна кажа, што пахмурны восеньскі дзень якраз вельмі пасуе для прагулкі па могілках: «Сапраўдны дэкаданс».

Цікава, што Ўладзіслаў Сыракомля і Павел Шпілеўскі, якія жылі ў адзін час, па-рознаму апісваюць Кальварыйскія могілкі. Першы піша, што перад брамай быў бярозавы гай, другі — жытнёвае поле. А вы заўважалі, што калі легкавая машына езде з Кальварыйскага маста, то відаць, што дарога вядзе прама да брамы могілак, і толькі пасля паварота на Гусоўскага траса зварочвае ў правы бок.

У гады майго юнацтва Кальварыя ўяўляла сабой месца збору шантрапы. Тут нават небяспечна было. У «Пярсцёнку апошняга імператара», калі я пішу пра хлопцаў, якія з гіканнем беглі па могілках і збівалі крыжы, на жаль, няма ні кропелькі пісьменніцкай фантазіі. Я гэта бачыла на свае вочы.

Касцёл на Кальварыі малады — быў асвечаны ў 1842 годзе. На дзіва, ён пратрымаўся нават ў 30-я гады, хоць і не было святара, а перад самай вайной яго зачынілі. Падчас акупацыі касцёл дзейнічаў. Пасля вайны ў ім былі майстэрні, а мінчане-каталікі езділі у вёску Краснае — там касцёл дзейнічаў увесь час. Кальварыйскі касцел Узвышэння Святога Крыжа вярнулі вернікам ў 1980 годзе. Кажуць, зрабілі гэта з нагоды Алімпіяды-80, каб было дзе маліцца замежным футбалістам.

Суседка Людмілы Рублеўскай расказвала, што нібыта аднойчы звон на званіцы касцёла ўпаў падчас буры на вартаўніка і забіў яго. Але ніякіх дакументальных пацвержданняў гэтай легенды пісьменніца не знайшла. Затое, перабіраючы архіўныя матэрыялы, даведалася, што ў другім выпадку яе пісьменніцкая фантазія вельмі блізка падыйшла да рэчаіснасці.

— У рамане «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» я пішу, што мінскага біскупа айца Мікалая катавалі ў турме, потым прывезлі да белай брамы Кальварыйскіх могілак і забілі. Але тады я дакладна не ведала аб лёсе біскупа. Пазней знайшла дакументы, і высветлілася, што ўсё так і адбывалася, толькі у іншым месцы — біскупа прывезлі на лютэранскія могілкі, непадалёк ад цяперашняга нашага дому. Іх зруйнавалі яшчэ ў 70-я гады. Нядаўна зноў раскопвалі, каб пашырць дарогу.

Пісьменніца прыгадала першы афіцыйны візіт на Кальварыйскія могілкі. Настаўніца беларускай мовы прывяла школьнікаў да магілы Янкі Лучыны (Неслуховіч). Быў халодны дажджлівы восеньскі дзень…

— Нам казалі, што гэта паэт-дэмакрат. Ужо значна пазней я даведалася, што Неслуховічы — старадаўні шляхецкі род. Шчыра скажу, што той урок літаратуры на могілках хутчэй запомніўся дрэнным надвор’ем. Але з цягам часу адкрыла для сябе Кальварыю як месца апошняга прытулку выбітных дзеячоў, цікавых асоб. Цяпер разам з мужам ходзім на Кальварыйскія могілкі праведаць пісьменнікаў. Тут пахаваны Іван Навуменка, Алесь Пісьмянкоў, літаратуразвец Генадзь Кісялёў — гэта ён адкрыў для нас ананімныя беларускія паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», Ніл Гілевіч.

З магілай народнага паэта падчас нашага візіту здарылася містычная гісторыя. Мы не змаглі яе знайсці, хоць і былі там раней, ведалі, дзе шукаць. Людміла Іванаўна шматзначна сказала:

— Гэта могілкі. Так бывае. Сёння мы яе ўжо не знойдзем.

Мы пайшлі далей па запланаваным маршруце. Але потым ужо я адна вярнулася на Кальварыю. Спытала ў загадчыка рад і месца пахавання Гілевіча. А ён кажа, што і без каардынат знайду — вось так ісці, а там немагчыма не заўважыць, бо яшчэ стаяць вянкі. Я зноў нічога не знайшла, хоть дакладна ведала, што хаджу недзе побач.

Праз тры дні зноў прыйшла на Кальварыю. Нічога ні ў кога не пыталася, ногі нібыта самі прывялі да магіл Ніны і Ніла Гілевічаў.

Побач з Кальварыяй, з боку метро «Пушкінская» — помнік забітым яўрэям. Вядома, што на Кальварыі адбываліся растрэлы ў 20-30-я гады і падчас акупацыі Мінска.

Не раз чула, што ў шматпавярхоўцы, што глядзіць на могілкі з боку той жа «Пушкінскай», было шмат самагубстваў, бо дом стаіць на касцях людзей, якіх нават не пахавалі, а проста кінулі ў зямлю.

 

Гісторыя, якую ў школе не вывучаюць

— Памятны для мяне раён Нямігі. Яе знеслі, каб пабудаваць гмах з гандлёвым домам. Тут, побач з хлебзаводам, быў гарадскі дом піянераў. Разам с сяброўкай запісаліся ў некалькі гурткоў. Яна такая дзяўчына практычная, таму выбрала кройку і шыццё, кулінарыю, а я, хоць ішла з ёй за кампанію на тыя ж кройку-шыццё, выбрала скульптуру і малюнак. Малявяць я любіла, некалькі маіх работ патрапілі на выставы. Нават думала, што і прафесія будзе звязана з выяўленчым мастацтвам.

А былы дом піянераў захаваўся. Ёсць звесткі, што гэта будынак сінагогі. Можа быць, бо тут жыло шмат яўрэяў. Ёсць сумненні, што падчас акупацыі тут быў салдацкі клуб з кінатэатрам, як пішуць у некаторых крыніцах. Гэта былая вуліца Астроўскага, а яна ўваходзіла ў гета. Пасля вайны тут быў кінатэатр «Беларусь». Калі на Юбілейнай плошчы пабудвалі новы кінатэатр па тыпавому праекту, памяшканне перадалі піянерам.

Хлебзавод даўно з’ехаў з гэтага месца. Днямі будынкі на яго тэрыторыі пачалі зносіць. Цяпер вуліца Ракаўская без звыклага паху свежага хлеба здаецца чужой.

На месцы адміністрацыі Цэнтральнага раёна быў Юбілейны рынак. Чаго тут толькі сяляне не прадавалі! Было і некалькі павільёнаў з гаспадарчымі рэчамі ды прамтаварамі. У Вільні рынак на Кальварыі, пакуль яго не адрамантавалі, і ўвесь той анутраж — са старымі драўлянымі дамамі і сучаснымі высоткамі — чымсьці нагадвае наш «Юбілейны».

У 70-80-я на месцы «Салодкага фальварка» былі сталоўка, кафэтэрый з кулінарыяй. Цяпер ужо і «Фальварка» няма… Але па сучасных мерках, калі вывескі мяняюца даволі хутка, кандытарскае кафэ праіснавала шмат часу.

— Аднойчы мы з мамай прыйшлі да помніка забітым яўрэям. Тады яшчэ не было мемарыяла, толькі яма, і на дне яе — маленькі помнік з надпісам па-руску і на ідыш. Мама расказвала мне, што тут забілі некалькі тысяч яўрэяў. Тады гэта было напоўафіцыйнае месца, і яно мяне вельмі ўразіла. Вакол — адхоны, парослыя травой, ціха... Вялізная магіла. А ўявіць, як сюды скідваюць людзей... Менавіта тут я ўпершыню задумалася, што ёсць частка гісторыі, пра якую ў школе нам не расказваюць.

Фота Сяргея Сацюка

 

Дзе прагуляць лекцыі і далучыцца да паэзіі

— Пасля восьмага класа я скарысталася магчымасцю працягваць адукацыю дзе заўгодна, толькі не ў сваім класе. Так я апынулася ў архітэктурна-будаўнічым технікуме. Гэта будынак 50-х гадоў на вуліцы Змітрака Бядулі. Хутка расчаравалася, бо думала, што архітэктура — гэта творчасць, а аказалася — сапрамат, матэматыка і жорсткія рамкі — што і як праектаваць, пра індывідуальнасць і гаворкі не ішло.

Але побач з тэхнікумам быў і ёсць кінатэатр «Мір», пабудаваны па тым жа праекце, што і стары «Беларусь» — вось вам і індывідуальнасць па-савецку. У «Мір» мы хадзілі, калі прагульвалі лекцыі.

Яшчэ адно культавае месца ў гэтай частцы горада — Вайсковыя могілкі. Памятаю, як на першым курсе вырашылі пайсці ў царкву Аляксандра Неўскага на ўсяношчную службу. Але гэта было дужа небяспечна. Тыя, хто ўсё-ткі наважыўся, прабіраліся, хаваючыся паміж могілак, бо вельмі непаждана было трапіць у рукі камсамольцаў-дружынікаў.

На Вайсковых могілках пахавана шмат дзеячоў навукі, народныя паэты. Як і на Кальварыі, тут ёсць мемарыялы і брацкія магілы. У прыватнасці, помнік ахвярам першага пасляваеннага балю для моладзі — і сёння гэта старонка гісторыі малавядомая: ні колькі людзей прыйшло на баль, ні колькі загінула. І галоўнае: што было прычынай — ёсць шмат версій, а дакладнасці няма.

У гэтым годзе свой дзень народзінаў адзначыла на Вайсковых могілках. Разам з сяброўкай прыйшлі да магілы Паўлюка Труса. О, гэта культавае месца! Помнік раней быу сціплы, у агароджы расла трава. Міхась Стральцоў тут меў схованку. Прыводзіў сяброў і казаў: «Ну, Паўлючок, сёння гасцей прывёў, сустракай». І даставаў прыхаваную бутэльку. Ну, вось такім чынам Міхась Стральцоў знаёміў людзей з самым рамантычным паэтам 20-30-х гадоў. Ад Паўлюка пайшлі да Янкі Купалы.

 

Гісторыя важней фінансаў, або Як адкрыць Мінск

— Мне падабаецца Мінск найперш тым, што гэта мой родны горад. Тут заўсёды будуць дарагія сэрцу мясціны, людзі, успаміны. Горад вельмі закрыты: я часта чую, што тут няма чаго паказваць. Але на самой справе гэта — горад-сюрпрыз. Калі захацець яго адкрыць, то можна шмат чаго цікавага даведацца. І калі нават не захаваліся матэрыяльныя помнікі гісторыі, ёсць старадаўнія архівы і там шмат цікавага. Якія лёсы, якія магутныя постаці!

Не падабаецца мне, што наша гісторыя замоўчваецца. На постсавецкай прасторы шмат хто ведае Лычакаўскія могілкі ў Львове ці Лясныя ў Таліне. На нашых Кальварыі ды Вайсковых паводле статусу такія ж людзі пахаваны, як на Лычакаўскім. Але там — гэта брэнд, а ў нас — толькі для самых цікаўных. Вось скажыце мінчукам, што ў нас быў свой замак… Мала хто нават паверыць.

Мне не падабаецца назва бізнес-цэнтра Silver Tower і іншых падобных, але я адзначаю і радуюся, што есць «Цівалі» ды «Красавік».

Як у кожным мегаполісе, у нас шмат прыезджых, якія не адчуваюць пах гісторыі горада. Мінчукі жывуць у сваіх сотах і не ведаюць суседзяў. А мне падаецца, што ў кожным доме ёсць цікавыя людзі. Жывеш такая і думаеш, я тут адна ў доме ведаю, хто такі Борхес. Але калі быць уважлівым да людей, цікавіцца імі, то высветліцца, што нас такіх шмат.

Я веру, што брэнд Мінска сфарміруецца. Урэшце рэшт, з’явіцца разуменне, што гісторыю трэба берагчы для сябе і для нашчадкаў, гэта значна важней, чым сённяшняя фінансавая выгада. Веру, што людзі зразумеюць: калі ты не ведаеш гісторыі, гэта не значыць, што яе не было. А калі была, то трэба ставіцца з павагай, бо гісторыя — дама такая, што можа і адпомсціць


  • Valeriy Rudenko
    Кальварийский костёл в период использования его в качестве скульптурной мастерской. Этюд. Декабрь 1982 г.
  • Valeriy Rudenko
    Кальварийское кладбище. Январь 2013 г.
  • Valeriy Rudenko
    Кальварийское кладбище. Февраль 2015 г.