Фігура Маці Божай Фацімскай пасля году вандравання вярнулася ў Мінск
Яна будзе змешчана ў алтары, адмыслова змайстраваным у Архікафедральным саборы да 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме.
У нядзелю, 15 кастрычніка, фігура Маці Божай Фацімскай вярнулася ў мінскую архікатэдру — святыню, з якой год таму распачыналася яе перэгрынацыя (вандраванне) па парафіях архідыяцэзіі.
Пасля святой Імшы ў касцёле святога Сымона і святой Алены працэсія вернікаў на чале з архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і з фігурай Маці Божай прайшла ад Чырвонага касцёла да Архікафедральнага касцёлу. Тут адбылася імша на заканчэнне юбілейнага года фацімскіх аб’яўленняў.
Фігура, благаслаўлёная мітрапалітам Кандрусевічам у Фаціме (Партугалія) 4 кастрычніка мінулага году, прыбыла ў Беларусь 13 кастрычніка з нагоды святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай.
За год свайго падарожжа фігура пераадолела шлях у пяць тысяч кіламетраў і наведала больш за 120 парафій ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перэгрынацыя была арганізавана ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.
У Архікафедральным саборы фігура будзе змешчана ў бочным алтары, адмыслова змайстраваным да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.
Фота Сяргея Балая
Обсудим?