«Белсат» на Новы года пакажа відэаверсію юбілейнага канцэрта «Народны альбом. 20 гадоў»
На Новы год, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня, ў эфіры тэлеканала «Белсат» і на сайце www.belsat.eu адбудзецца прэм’ера відэаверсіі юбілейнага канцэрта «Народны альбом. 20 гадоў», а таксама дакументальнага фільма «Ненаўмысны шэдэўр», прысвечанага гісторыі стварэння культавага праекта.
Канцэрт «Народны альбом. 20 гадоў» адбыўся на пачатку верасня ў Беластоку праз ініцыятыву тэлеканалу «Белсат». Квіткі на яго разыйшліся за дзве гадзіны. У стварэнні юбілейнай версіі бралі ўдзел Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч. Упершыню праект атрымаў паўнавартасныя дэкарацыі і аноўленыя аранжыраванні ў удзелам джаз-бэнду Apple Tea, духавой секцыі і іншых інструментаў.
Паказ канцэрту будзе папярэджваць дакументальны фільм «Ненаўмысны шэдэўр», які распавядае пра тое, як паўставаў праект.
«Фільм вытканы з успамінаў і рэдкіх архіўных матэрыялаў. Мы запісалі 20 інтэрвʼю ўдзельнікаў «Народнага альбому» працягласцю ад паўгадзіны і да дзвюх гадзінаў. Знайшлі прыблізна 15 гадзінаў эксклюзіўнага архіўнага відэа, здымкаў і аўдыёзапісаў», — адзначаюць яго аўтары Сяргей Будкін і Яўген Шапчыц.
Між тым 24 лютага ў мінскім Prime Hall адбудзецца першы за 10 год паказ «Народнага альбому» ў Беларусі. Квіткі на танцпляц каштуюць 35 рублёў, а на месцы за столікамі і на сектарах — ад 20 рублёў. Набыць іх можна ў Тэатральна-канцэртнай касе па вул. Калініна, 5 з панядзелка па пятніцу з 10:00 да 19:00 альбо праз сайт Ticketpro.by.
Обсудим?