"Тузін гітоў" прадстаўляе "Беніфэст Анемпадыстава"

 

Сваё трохгоддзе партал "Тузін гітоў" вырашыў адзначыць выданьнем чарговага дыску — "Прэм’ер Тузін 2006" і вялікім канцэртам, прысьвечаным Міхалу Анемпадыставу.

Рок-паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў стаўся на "Тузіне гітоў" чалавекам году. Ён выступіў аўтарам адразу двух галоўных беларускіх гітоў — "Аўтабіяграфіі" (Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі) і "Сьвятла ў цемры" у выкананьні IQ48. У вялікім канцэрце "Бэніфэст Анемпадыстава" 12 сьнежня ў клюбе "Юла" возьмуць удзел праект "Народны альбом", "Apple Tea", IQ48, Кася Камоцкая, Зьміцер Вайцюшкевіч ды іншыя беларускія музыкі. "Сюрпрызаў і неспадзяванак будзе шмат!", — папярэджвае Міхал Анемпадыстаў.

Штогод пры канцы году "Тузін гітоў" сваімі сіламі рыхтуе канцэртам з удзелам галоўных герояў сэзону. У 2003 гадавіну сваёй дзейнасьці партал справіў ў "Палацы Рэспублікі". Тады гралі Indiga, IQ48, "Нейра дзюбель" і "Крама", а канцэрт вялі Лявон і Ганна Вольскія, якія аб’ядналіся ў "сацыяльна актыўны дуэт" Сьцяпанаўна і Маргарыта Сьцяпанаўна. Год таму сьціплая, але ня менш цёплая вечарына "Тузіна Гітоў" прайшла ў кавярні "Добрыя мысьлі" з удзелам Indiga і таямнічай каманды з Горадні — "Айша".

Сёлета, на трохгоддзе "Тузіна Гітоў" вечарыну было вырашана прысьвяціць Міхалу Анемпадыставу, таму яна і атрымала назву "Беніфэст Анемпадыстава". "Бэніфэст" — нешта сярэдняе між бэнэфісам, маніфэстам і фэстывалем. Весьці яго будзе сам герой году: "Такога маштабнага творчага вечара ў мяне яшчэ не было, — прызнаецца Міхал. — Таму я запрасіў сваіх сяброў-музыкаў, як у якасьці выканаўцаў, так і ў якасьці гасьцей. Буду распавядаць пра кожнага ўдзельніка імпрэзы. Бо няма каму звычайна сказаць пра чалавека, калі ён выступае — бо сам пра сабе ён не скажа, а тут ёсьць нагода да кожнага ўдзельніка зрабіць такія рэмаркі. Натуральна, што пазытыўныя".