«Купалаўскі тэатр быў нам домам, а Рахленка — бацькам»

Фотарэпартаж з імпрэзы ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння беларускага рэжысёра і акцёра, аднаго з заснавальнікаў Купалаўскага тэатра...

 

Фотарэпартаж з імпрэзы ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Леаніда Рахленкі

Імя Леаніда Рыгоравіча Рахленкі ведае кожны акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Помняць яго і гледачы, і калегі, шмат якіх сабралася сёння на імпрэзу ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння гэтага беларускага рэжысёра і акцёра, народнага артыста БССР і аднаго з заснавальнікаў Першай нацыянальнай сцэны Купалаўскага тэатра.

Спачатку акцёры ўсклалі кветкі на магілу Леаніда Рыгоравіча, а пасля адправіліся на адкрыццё фотавыставы ў Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Як адзначыў супрацоўнік музея Аляксандр Міхаленя, эспанаты на выставу збіраліся з фондаў музея, шмат чаго прадаставіла дачка Рахленкі. Аднак самымі каштоўнымі сталі грымёрны столік, які перадаў Купалаўскі тэатр, а таксама фотаздымкі Леаніда Рыгоравіча з трупай.

“Наша задача, каб наведвальнікі музея, гледзячы на фотаздымкі, аднаўлялі эмоцыі, якія перажылі падчас пастановак Рахленкі”, — кажа загадчык музея Зінаіда Кучар.

Пра лёс выдатнага дзеяча ніхто так захапляльна не раскажа, як тыя, хто з ім працаваў і жыў. Цяперашні дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалай Кірычэнка прыйшоў у тэатр зусім маладым. Ён прызнаўся, што баяўся Рахленку. “Мне, як дырэктару, зараз вельмі не хапае такіх людзей, якія б ставіліся пільна да маладых і падтрымлівалі дысцыпліну”, — зазначае Мікалай Міхайлавіч.

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Зінаіда Зубкова распавяла пра тое, якое выбітнае пачуццё гумару было ў Рахленкі. Таму не дзіва, што адна з найлепшых роляў Леаніда Рыгоравіча — Гарлахвацкі ў спектаклі паводле камедыі Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”. Таксама глядач бачыў у яго выкананні Сымона (“Салавей” Змітрака Бядулі), Бераста (“Платон Крэчат” А.Карнейчука), Сцяпана Сыраварава (“У мяцеліцу” Л.Лявонава) і іншых.

Сярод рэжысёрскіх прац Леаніда Рыгоравіча вядомы “Ваўкі і авечкі” А.Астроўскага, “Скупы” Мальера, “У стэпах Украіны” А.Карнейчука, “Пані міністэрша” Б.Нушыча, “Жыццё кліча” У.Біль-Белацаркоўскага і іншыя.
Папаўненне фондаў музея адбывалася на вачах у гледачоў: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Марыя Зінкевіч перадала некалькі фотаздымкаў.

Працаваць у часы Рахленкі ў Купалаўскім тэатры было не так проста. “Сёння ты выбітна граеш, а заўтра можаш патрапіць ці ў Сібір, ці ў Курапаты”, — прыгадвае былы дырэктар тэатра Іван Вашкевіч.
Аднак тым не менш тэатр тагачасны быў эталонам беларускай мовы нават для радыё. Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч працавала адначасова і на беларускім радыё, і ў Купалаўскім, дзе набіралася сакавітай мовы.

Але галоўнае, аб чым пашкадавалі выступоўцы на імпрэзе, дык гэта аб тым, як хутка пусцее фае сучаснага тэатра. Яны прыгадвалі, як пасля спектакляў доўга сядзелі, абмяркоўвалі, весяліліся і нараджалі новыя ідэі.
“Купалаўскі тэатр быў для нас сапраўдным домам, а Леанід Рахленка — бацькам”, — сказала Марыя Захарэвіч.
На працягу некалькіх тыдняў усе жадаючыя могуць азнаёміцца з жыццём і творчасцю Леаніда Рахленкі на фотавыставе ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны завулак, 5).

Народная артыстка Беларусі Марыя Георгіеўна Захарэвіч.

Фотаздымкі разглядае Мікалай Кірычэнка, народны артыст, дырэктар тэатра імя Янкі Купалы.

Кветкі і праграма спектакля «Хто смяецца апошнім» на тэатральным століку Рахленкі.

Заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова.

У цэнтры — Зінаіда Лявонаўна Кучар, дырэктар музея.

Узнагароды Рахленкі.