«Стары Ольса» запрашае закаханых на раннебарочную дыскатэку
3 лютага была прадстаўлена дзевятая кружэлка ансамлю, яе канцэртная прэзентацыя адбудзецца ў Дзень Святога Валянціна...
Ансабль сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» 3 лютага прэзентаваў сваю дзевятую па ліку кружэлку, названую ў гонар беларускага танца «Дрыгула». Зборнік танцавальнай музыкі, занатаванай у «Полацкім сшытку», быў прадстаўлены ў сталічнай страўні «Камяніца». Для большай шчырасці і лепшых уражанняў сустрэча з гуртом праходзіла пры падтрымцы кампаніі-пастаўшчыка алкагольных напояў «БелПі».
Музычная прэзентацыя кружэлкі мае адбыцца 14 лютага ў вялікай зале КЗ «Мінск». Як паведаміў лідэр гурту Зміцер Сасноўскі, для медывалю — стылю сярэднявечнай музыкі, у якім выкананы танцавальны дыск, — гэта пакуль самая вялікая канцэртная пляцоўка ў Беларусі. Адзіная непрыемнасць у тым, што музыка на дыску выключна танцавальная, гэтыя танцы ўжо развучылі многія прадстаўнікі беларускіх рыцарскіх клубаў, а зала КЗ, як вядома, разлічана толькі на праслухоўванне твораў.
— У клубы ходзіць 90% моладзі, а ў канцэрныя залі ходзіць больш разнастайная публіка, таму ў нас ёсць магчымасць сабраць больш шырокае кола людзей, — патлумачыў лютніст Ілля Кубліцкі. — На «Калядным фэсце» 25 снежня нам наадварот казалі, што салідных людзей несалідна запрашаць на прэзентацыю ў клуб. І мы зробім класічную прэзентацыю ў вялікай і вядомай канцэртнай зале.
Рэліз альбома «Дрыгула» адбыўся на лэйбле «БМА» пры дапамозе «Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і падтрымцы фундатаркі з ЗША Ірэны Каляды-Смірновай, кіраўніка беларускага дабрачыннага фонду «Этнічны голас Амерыкі». Гэта ўжо чацвёрты дыск, які гурт выдае пры дапамозе згуртавання.
Вокладка новай кружэлкі, дзе князь і біскуп танчаць разам са смерцю, атрымалася дзіўнай і дэманічнай, спонсары і прадзюсеры гурта вельмі доўга спрачаліся наконт такога аздаблення, аднак «Стары Ольса» вырашыў пакінуць яго менавіта такім з-за глыбокага філасофскага сэнсу.
— Гэта адзіная ў Беларусі фрэска «Пляскі смерці», яна намалявана ў ХVII стагоддзі ў гродзенскім Кляштары брэгітак. Сэнс яе зусім не трагічны, ён у тым, што незалежна ад таго, хто ты, і якія твае ўчынкі, ты мусіш адказваць за ўсё перад богам, — кажа Зміцер Сасноўскі. — У самім жа буклеце мы дазволілі сабе змясціць не толькі анатацыю і тэхнічную інфармацыю, але і фотаздымкі інструментаў, на якіх альбом выкананы.
Колькасць інструментаў пад гэты альбом давялося значна пашырыць, паколькі, як тлумачыць Сасноўскі, беручыся за барока, гурт выйшаў на новы ўзровень:
— Мы раней баяліся граць барочную музыку, бо яна для суперпрафесіяналаў, яе вельмі складана выконваць. Але мы набраліся нахабства і выканалі. Насуперак многай крытыцы з боку акадэмічных музыкаў, мы сабе дазволілі не проста ўзяцца за барока і граць гэту музыку на аўтэнтычных інструментах, але зрабіць уласныя аранжыроўкі, не падобныя да акадэмічных. Што праўда, вынікі нашых даследванняў сведчаць пра тое, што імправізацыі такога роду маглі прысутнічаць і ў той час.
«Полацкі сшытак» з`яўляецца ўнікальным зборнікам барочнай музыкі (навуковыя назвы «Астрамечаўскі рукапіс», або «Рукапіс 127/56 Ягелонскай бібліятэкі», сучасная архіўная сігнатура 10002). Пасля вайны з нямецкіх запаснікаў у Польшчу трапіў беларускі ўніяцкі служэбнік, які ў 1956 годзе паступіў у бібліятэку Ягелонскага універсітэта (Кракаў). У вокладку гэтага служэбніка быў уклеены нотны рукапіс, які ў 1962 годзе знайшоў беларускі прафесар Адам Мальдзіс. Рукапіс быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, але належаў полацкаму біскупу, таму атрымаў назву «Полацкі сшытак». У наш час творы з «Полацкага сшытка» трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нямецкіх музыкаў. |
У новым альбоме сабрана танцавальная музыка ад позняга сярэднявечча да ранняга барока, занатаваная ў Вялікім княстве Літоўскім і краінах Заходняй Еўропы. Пяць новых інструментаў пад новы дыск гурт «Стары Ольса» замаўляў адмыслова — паводле барочных гравюр іх выканалі беларускія майстры Валеры Зянкевіч, Тодар Кашкурэвіч і Сяргей Смут.
— Напрыклад, гэта тромба марына — прататып кантрабаса. Проста немагчыма ўявіць сабе музыку ранняга барока без басуючага смычковага інструмента. На жаль, барочную лютню мы не набылі, і выконвалі музыку на рэнесанснай лютні. У альбоме ёсць гучанні інструментаў, якія мы дагэтуль не запісвалі: напрыклад, беларуская дуда. З пачатку XVI стагоддзя і да канца XVIII стагоддзя ёсць толькі шэсць выяў гэтага інструмента. Але, дзякуй Богу, нашы майстры здолелі адрадзіць гэты інструмент. І цыстру, упершыню намаляваную ў 1505 годзе, яны таксама таксама рэканструявалі, — сказаў Сасноўскі.
Лідэр гурта кажа, што запісваць альбом музыкі на сярэднявечных інструментах у Беларусі дастаткова складана, бо ў студый гуказапісу няма такога досведу.
— Спачатку мы звялі гэты альбом у адной студыі, а потым давялося перазводзіць на другой. Справа ў тым, што мы дамагаліся нармальнага гучання, калі адзін інструмент упісваецца ў гучанне іншых інструментаў і не «забівае» іх. На адной студыі гэта не атрымалася. Гэта дадало праблем нашым спонсарам.
Удзельнікі «Старога Ольсы» адмаўляюць усе чуткі пра развал гурта. Нягледзячы на тое, што на пачатку новага году іх бубнача забралі ў войска, гусляр заняўся ўласным праектам, флейтыстка пасля заканчэння ВНУ з'ехала па размеркаванні, а ў лютніста нарадзілася дачка, наперадзе ў гурта — шмат планаў. Напрыклад, не выключаюць яны магчымасці наведацца ў вайсковую часць, дзе служыць бубнач ансамбля Андрэй Апановіч, зараз ужо вядуцца перамовы наконт такога канцэрту.
— Мы жадаем, каб ён сыграў разам з намі, і мы былі б у сярэдневяковай вопратцы, а ён — у сучаснай беларускай вайсковай, — кажа лідэр «Старога Ольсы».
Акрамя танцаў з «Полацкага сшытка» ў альбом увайшлі яшчэ камерныя творы Валянціна Бакфарка, Андрыяна ле Роя, танцы заходнееўрапейскага і венгерскага паходжання.
Обсудим?