Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Дыктатура можа дапамагчы беларускім творцам дайсці да еўрапейскага чытача
    Вядомая чэшская пісьменніца Ірэна Доўскава наведала Мінск для ўдзелу у фестывалі еўрапейскай прозы «Еўрапеана»...
  2. Беларускі спектакль трапіў у атмасферу ўсерасійскай гістэрыі
    Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра скандал пасля спектакля “Бі-Лінгвы” ў Маскве…


Культура

Лідэр Port Mone распавёў пра свой вертыкальны інтарэс


14 сакавіка ў клубе «Рэактар» пройдзе першы фестываль музычнага партала Experty.by, які вось ужо другі год зграбае актуальную беларускую музыку з ўсіх куткоў і закуткоў, праслухоўвае яе, аналізуе і ацэньвае. Назваўшы найлепшыя беларускія альбомы 2009 года, «Эксперты.бай» вырашылі сабраць выканаўцаў некаторых з іх разам і паставіць на адну сцэну — атрымалася, што ў адзін вечар цешыць слухачоў будуць гурты The Toobes, Port Mone, «Петля Пристрастия» і Nevma. Набор настолькі ж эклектычны, настолькі і бясспрэчна цікавы.

Напярэдадні «экспертнага» свята «Беларускія навіны» пагутарылі з лідэрам таямнічага і медытатыўнага беларускага трыо Port Mone, чый дэбютны альбом Dip замежныя рэцэнзенты «Экспертаў.бай» прызналі лепшай беларускай кружэлкай. Вусаты акардыяніст Аляксей Варсоба, якога ў бліжэйшы час можна будзе назіраць на сцэне «Рэактара», распавёў пра вертыкальны інтарэс у творчасці, сваё веданне, істотнасць сваёй беларускасці, а таксама пра тое, што пазітыў — гэта самая звычайная хлусня.

Аляксей Варсоба

— Чаму, калі нехта кажа вам, што ваша музыка дрэнная, вы не злуецеся, а прапануеце паслухаць яе яшчэ раз?

— Таму што я ведаю. Я ведаю, што яна добрая.

— Як вам здаецца, чаму замежныя эксперты звярнулі на вас больш увагі, чым крытыкі ў Беларусі?

— Я лічу, што гэта лагічна. І калі я нейкай узнагароды і хацеў ад «Экспертаў», то менавіта такой. Дзікая няўпэўненасць людзей у сваім дыктуецца агульнай сітуацыяй ў краіне, дарэчы, не толькі нашай — падобнае адбываецца і ў Расіі, і ў Польшчы. Таму што няма культурнага падмурку, няма гістарычнай памяці, няма ведання. У нас, у Беларусі, нібыта і асобаў вялікіх няма. Хаця, безумоўна, гэта няпраўда.

— А хто ў нас вялікія асобы?

— Ну, напрыклад, Іван Кірчук, Андрэй Жукаў, тыя ж Ілля Чарапко, Света Бень... Пра іх могуць усе не ведаць. Але гэта і не так важна. Царква можа таксама стаяць ў глухмені, але там нешта патрэбнае, слушнае абываецца. Гэта месца канцэнтруе энергію, вакол яго фармуюцца новыя сілы. Гэткая ж гісторыя і з культурнымі героямі. Але не блытайце іх з медыякультурнымі героямі — гэта зусім іншае.

— Наколькі можна зразумець, вы самі не імкнецеся заваёўваць як мага большую аўдыторыю?

— Што тычыцца паняцця «заваёўваць», дык яно дакладна не пра мяне. Але размаўляць з вялікай колькасцю людзей на тэму музыкі мне цікава. Толькі размаўляць не словамі, а прысутнічаць ў момант абмену.

— Ці можна сказаць, што Port Mone — ваш першы і адзіны занятак?

— Так, гэта праўда.

— У адным з інтэрв’ю вы неяк адзначылі, што баіцеся хутка ўсё страціць, што адчуваеце, быццам хутка ваша музыка проста скончыцца.

— Я ведаю, што многія звярнулі на гэта ўвагу, але тады я меў на ўвазе крыху іншае. У той момант стан мусіў пераламіцца ў нейкі з бакоў: я павінен быў ці здацца, ці не. Я не здаўся.

— Ці былі нейкія водгукі на ваш альбом з боку людзей з немузычнага свету, вашых сяброў і родных?

— Мяне здзівіла, калі на мінулых выходных я даведаўся, што некаторыя з маіх сваякоў слухаюць Port Mone. Я з імі стасуюся проста як са сваімі блізкімі, яны працуюць на працах, якія не патрабуюць ніякага духоўнага высілку, мы з імі ніколі не гаворым пра музыку. І тое, што зараз я пра іх даведаўся, не тое, каб было прыемна, хутчэй, гэта стала адкрыццём знаёмых людзей з іншага боку. Я адмыслова не прасіў ацэнкі, але, аказалася, што камусьці з іх наша музыка нагадала дождж, нехта пісаў дысертацыю пад яе...

— А што вам асабіста прынёс ваш дэбютны альбом?

— Я стаў значна менш рабіць непатрэбных рэчаў.

— Пра вас пісалі, што, магчыма, вы самы беларускі гурт, бо складана ўявіць сабе такую музыку без палескай тугі, без балот, рэк, азёр. Вы адчуваеце, што робіце беларускую музыку?

— Я, вядома, касмапаліт, але заўсёды падкрэсліваю, адкуль я і каго прадстаўляю. Музыку, падобную да нашай, заўсёды нехта хоча прысвоіць. І вельмі істотна яе размясціць у тым месцы, дзе яна павінна быць. Я ведаю, што наша музыка павінна быць тут.

— Музыка ў Port Mone дастаткова дэпрэсіўная. Вы самі пакутуеце на дэпрэсію?

— Я ўвогуле не разумею, як сучасны чалавек можа жыць без яе. У свеце вельмі шмат болю, адзіноты, гэта не ўлічваць немагчыма. Я не веру ў пазітыўныя прадукты, гэта ўсё часовыя станы, як п’янка — выпіць, павесяліцца. Але па сваёй сутнасці гэта хлусня. Ніякай весялосці быць не можа. Можа быць усмешка, спакой, святло.

— Вы супрацоўнічаеце з Аляксандрам Багданавым і агенцтвам Bo Promo. Як вы паставіліся да таго, што агенцтва спыняе сваю працу ў Беларусі?

— Мы супрацоўнічаем з Багданавым, бо ў нас супадае пазіцыя і пагляды ў многіх пытаннях. Калі ён цяпер стрымае сваё прынцыповае слова, гэта будзе толькі на руку яму.

— Няўжо сапраўды настолькі цяжкая сітуацыя з канцэртамі ў Мінску?

— Так, у нас робіцца занадта шмат абы чаго. У гэтым сэнсе Беларусь вельмі адрозніваецца ад іншых месцаў, дзе таксама шмат абы чаго, але нешта істотнае паміж гэтым знаходзіцца. У нас жа практычна ўсё неістотнае, непатрэбнае, магло б не быць, лепш бы не было. У арганізатараў нашых каша ў галаве, каша ў галаве ад гэтага ў гледачоў. І ў музыкаў, якія згадзіліся ў гэтым удзельнічаць, таксама ў галаве каша.

— Калі вы так ацэньваеце нашы канцэрты, верагодна, вы ведаеце месцы, дзе з канцэртамі ўсё лепш?

— Я магу казаць пра арганізатараў. Мне вельмі спадабаліся арганізатары «Арт-поле» ва Украіне. Яны не дазваляюць сабе рабіць абы што, імкнуцца падрыхтаваць кожнае мерапрыемства, каб на яго прыйшла зацікаўленая публіка, інфармацыю распаўсюдзіць патрэбную і належным чынам. І ў іх атрымліваецца. У нас таксама атрымлівалася б, тут справа ў падыходзе. У Сашы Багданава, дарэчы, многа разоў выходзілі канцэрты цудоўнай якасці.

— Як вы ўспрынялі такое спалучэнне гуртоў, якія павінны выступіць на канцэрце «Экспертаў.бай» 14-га сакавіка?

— Калі мне ўпершыню паведамілі, хто будзе выступаць, я адразу палез у інтэрнэт слухаць, што грае гурт Nevma. Аказалася, што іх я раней не чуў. Сама ідэя сабраць разам такія розныя гурты здаецца мне крыху дзіўнай, але я чакаю, хачу паглядзець, што будзе. Ёсць усе перадумовы, каб канцэрт атрымаўся добрым. Добры канцэрт — гэта ж не дызайнерскае спалучэнне каманд, насамрэч справа зусім у іншым. Напрыклад, зараз ёсць пэўны вертыкальны інтарэс у некаторых з гуртоў, дакладна магу сказаць, што ён ёсць у нас, у «Петли Пристрастия».

— Вертыкальны інтарэс?

— Так, гэта жэст да Бога.

Оценить материал:
Средний балл - 4.56 (всего оценок: 9)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева