Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Сальвадор Дали и Пабло Пикассо — впервые в Минске в подлинниках
    Выставка скульптуры, керамики и графики величайших испанских художников современности открылась в Национальном историческом музее...
  2. Этно-трио «Троіца» надеется выпустить седьмой студийный альбом уже в этом году
    Как рассказал на концерте в Минске лидер группы Иван Кирчук, для этого придется «еще подсобрать денег»…


Культура

Ніл Гілевіч: беларусы не маюць права падаць духам


Ніл Гілевіч30 верасня споўнілася 80 гадоў аднаму з самых знакамітых і старэйшых беларускіх літаратараў — Народнаму паэту Нілу Сымонавічу Гілевічу.

Родныя, сябры, знаёмыя і проста прыхільнікі яго таленту віншуюць Ніла Сымонавіча з самай раніцы. Актывісты гомельскага ТБМ нават па тэлефоне спелі яму “Паланэз Агінскага”. 

Паэт ад колькасці віншаванняў нават ужо стаміўся. Бо, як ён сам прызнаецца, «здароўя ўжо няма». Менавіта з-за гэтага спадар Гілевіч амаль чатыры гады не выходзіць з дому і не дае інтэрв’ю. Тым не менш, ён працягвае сачыць за грамадска-палітычным жыццём краіны. І, канешне, на жаль, працягвае хвалявацца за яго. Так, напрыклад, у сакавіку гэтага года ён выступіў у падтрымку Зміцера Дашкевіча. 

А пасля з’яўлення на Беларусі маўклівых акцый, Ніл Сымонавіч прысвяціў гэтай хвалі пратэстаў свой верш:

I.
Во хітруга!
Не б'е ў барабан.
Не пяе,
Не крычыць.
А стаіць і маўчыць. Як нямы!

Вось у нас і напруга.
Каб ён проста маўчаў —
Дык жа не!
Ён пра нешта маўчыць!
А пра што?

А пра што ён маўчыць?
Прызнавайся, хітруга!

II.
О народ беларускі!
Ты так красамоўна маўчыш,
Што маўчанне тваё
Ім страшней
За бунтоўныя крыкі.

Не, не доўга ўжо несці табе
Свой пакутніцкі крыж.
Ты — не раб.
Ты — вялікі.
Ва ўсім.

І ў маўчанні вялікі.

Ніл Сымонавіч збіраецца працягваць працаваць і супакойвае сваіх прыхільнікаў.

«Хоць і здароўя няма, але пакуль чалавек жывы, ён павінен трымацца і верыць, што Бог існуе, і ён яшчэ праявіць сваю міласць і ласку. Так і я, — распавёў Ніл Сымонавіч Naviny.by. — Калі маіх сябраў, чытачоў гэта цікавіць, хачу іх заспакоіць: я збіраюся яшчэ не толькі пратрымацца, але і папрацаваць, штосьці зрабіць».

На сёння галоўная для яго праца — падрыхтоўка ўласнага збору твораў у 23 тамах. Пакуль выйшла 16 з іх. Прыкра і сумна, што выходзяць яны на ўласную пенсію паэта. Каб выдаць адзін том, народнаму паэту Беларусі трэба нічога не есці тры з паловай месяцы… 

«Я сам калісьці напісаў «Не падайце духам, хлопцы!», — працягвае ён. — І сам стараюся не падаць духам. Мы, беларусы, не маем на гэта права. Пакуль мы не зробім Беларусь шчаслівай — то бок, свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай і беларускай! — мы не маем права складаць рукі. Трэба працаваць, працаваць і працаваць. І можна сказаць, што сінонім да слова «працаваць» у дадзеным выпадку — «змагацца».

Ніл Сымонавіч Гілевіч. Народны паэт, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У 1951 годзе скончыў Мінскую педагагічную вучэльню. У 1956 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсытэту, а пасля — аспірантуру пры БДУ. Сябра Саюзу пісьменнікаў БССР з 1954 году. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. У 1958-1963 гадах працаваў літаратурным кансультантам газеты «Звязда». У 1960-1986 — супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980-1989 — першы сакратар праўлення Саюзу пісьменнікаў БССР. З 1989 — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Скарыны. Галоўны рэдактар газеты-бюлетэня ТБМ «Наша слова». Дэпутат Вярхоўнага Савету 11 і 12 скліканняў (1985-1996), дзе ўзначальваў камісію па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Падчас перадвыбарчай кампаніі 2006 году ўваходзіў у штаб Аляксандра Казуліна.
Друкавацца пачаў у 1946 г. У 1957 г. выйшаў першы зборнік “Песня ў дарогу” — паэтычны маніфест студэнтаў-рамантыкаў 1950-х гадоў. У розных літаратурных жанрах ГІлевічам напісана каля 80 кніг. На першым месцы для яго — паэзія.


«Такая беларускасць, як у Ніла Сымонавіча, мала ў каго ёсць. Гэта сапраўдны сын беларускага народа. І ён накіраваў усё свае жыццё на гэты шлях. Ён — падмурак беларускай культуры», — лічыць Аляксандр Казулін.

Сябра і паплечнік Ніла Сымонавіча Генадзь Бураўкін у сваю чаргу кажа: «Ніл Гілевіч, бясспрэчна, — адна з самых знакавых асобаў апошняга часу для беларускай літаратуры, культуры і гісторыі”.

«Без яго творчасці, яго пазіцыі мне цяжка ўявіць сабе Беларусь,
— расказаў Генадзь Бураўкін Naviny.by. — Ён заўсёды прымае ўдзел у жыцці Беларусі: сваёй паэтычнай творчасцю, навуковай дзейнасцю і сваёй прынцыповай вельмі смелай грамадзянскай пазіцыяй. Памятаю, як на самым пачатку майго творчага шляху я пазнаёміўся з Нілам. Тады ён стаў для мяне не толькі сябрам, але і настаўнікам. Гэта было такое шчасце — наблізіцца да яго! Знаёмства з ім грае вельмі важную ролю ў маім станаўленні, як творцы і як грамадзяніна. І, канешне, калі мы кажам пра Ніла Сымонавіча Гілевіча, мы не можам не узгадаць пра яго барацьбу за беларускую мову, за тое, каб яна квітнела і была гаспадыняй на нашай зямлі, за тое, каб яна была вечнай. І ў гэты дзень я яшчэ раз за гэта хачу нізка пакланіцца дарагому, шаноўнаму, паважанаму Нілу Сымонавічу Гілевічу».

Як кажа Генадзь Мікалаевіч, лепшым падарункам сёння для Ніла Сымонавіча стала бы навіна пра тое, што «беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай, пра тое, што Беларусь стала сапраўды дэмакратычнай краінай». «І больш яму нічога не трэба, — кажа сябра юбіляра. — Ён для гэтага жыў усе 80 гадоў, і дай Бог, пажыве і далей».

2 кастрычніка з нагоды 80-годдзя Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца святая Імша ў яго інтэнцыі. Набажэнства распачнецца ў 17.00.

Оценить материал:
Средний балл - 4.80 (всего оценок: 30)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева