“Крамбамбуля” супраць Re:Public: хто наеўся мыла?

Запланаваны на 11 лютага і шырока разрэкламаваны канцэрт “Крамбабулі” з прэзентацыяй новага альбому Drabadzi Drabada, хутчэй за ўсё, не адбудзецца...

Запланаваны на 11 лютага і шырока разрэкламаваны канцэрт “Крамбамбулі” з афіцыйнай прэзентацыяй новага альбому Drabadzi-Drabada можа не адбыцца. Мінскі клуб Re:Public, з якім у “Крамбамбулі” была дамова аб канцэрте, змяніў афішу на тую лютаўскую суботу. Замест Лявона Вольскага і яго бэнда сцэну клуба аддалі іншым майстрам гітар ды мікрафонаў.



Дырэкцыя клуба кажа пра нейкія “надзвычайныя абставіны ўнутранага характара”, якія аніяк не звязаны с “Крамбамбулей”. Маўляй, чорныя спісы забароненых музыкаў тут і побач не ляжалі. Але ж ёсць дамова аб арэндзе залы паміж клубам і арганізатарам канцэрта, ёсць дазвол аддзела культуры Мінгарвыканкама, пайшла рэклама, прадаюцца квіткі... Ды і “Крамбамбуля” — не тыя выканаўцы, ад якіх адмаўляюцца з верагоднасці не сабраць касу ці не адбіць укладзенае.

У такім разе відавочная выснова — клуб замяніў “Крамбамбулю” ў сваёй афішы пад ціскам. Ну, а хто ціснуў на клуб, гэта ўжо не мае вялікага значэння. Гарвыканкам, Мінкульт, КДБ, Адміністрацыя прэзідэнта. Ціскуноў у нас хапае.

“Хто разбурыць гэтае балотнае “канцэрт забаранілі, і ўсе разыйшліся, як мыла з'еўшы”? — гэтае пытанне на старонцы “Крамбамбулі” ў Facebook задае Лявон Вольскі. — Калі ня мы, дык хто?”

Далей Вольскі піша...

“Re:Public — малады амбітны клюб, тыпу, замена “Рэактару”. Чаму б там ня зграць канцэрт, тым болей, што “Крамбамбуля” нарэшце выпусьціла новы альбом — “Драбадзі-драбада”? І Ўладзімір Шаблінскі (арганізатар канцэртаў) бярэ неабходныя дакумэнты ў аддзеле культуры выканкаму (што само па сабе нялё…гка), прыяжджае да дырэктара клюбу і гаворыць: “Давайце праводзіць”. Дырэктар жа (здаецца, прозьвішча Старцаў), паглядзеўшы паперы, вырашае пагадзіцца. Ідуць квіткі ў продаж, запускаецца рэкляма...

Ня так даўно раптам дырэктар пачынае скардзіцца Шаблінскаму на нейкі ціск з боку якіхсьці установаў, просіць прывезьці яшчэ іншыя ўплывовыя паперы... Карацей, скуголіць і скавыча.

Урэшце не далей як учора Шаблінскі атрымлівае ліст ад клюбу, дзе напісана, што па розных абставінах унутранага характару, канцрэт правесьці ня ўяўляецца мажлівым, але яго яшчэ ня позна перанесьці ў іншае мейсца. Так вось гуманна. Не ў апошні дзень.

На пытаньні прэсы дырэктар клюбу бадзёра адказвае: “Гэта звязана зусім не з гуртом. Проста ў нас ёсць унутраныя гаспадарча-камерцыйныя прычыны — пэўныя рознагалоссі паміж намі і арганізатарамі канцэрта. Прычына толькі ў гэтым”.

Дзіўна. Няўжо вышэйадзначаны дырэктар не разумее, што гэтыя ягоныя словы прачытае Шаблінскі, прачытаюць музыкі і прадусар? Ёмісьцей ня скажаш: “Поздравляю вас, гражданин, соврамши!”

Якія такія гаспадарча-камэрцыйныя прычыны, калі шчэ ўчора ты на сустрэчы з Шаблінскім хаваўся за звыкла-беларускім “ты жэ сам усё прэкрасна панімаеш”?

Мала таго. Учора ж у нэт вывешваецца рэкляма іншага канцэрту ў гэтым жа клюбе на гэтую ж дату — 11 лютага — рэкляма з афішаю і шэрагам удзельнікаў.

Хуценька знайшліся музыкі, якія апэратыўна заменяць на сцэне адмененых калегаў. Беларуская праява рок-н-рольнай салідарнасьці...

Ня ўсё так проста. У нас прызвычаіліся, што дырэктар — гэта ўжо міні-прэзыдэнт. Вырашыў, махнуў чароўнай палачкай — нешта адмянілася, а нешта іншае пачалося. Дык вось гэта ўсё да тае пары, пакуль мы з вамі згодныя з гэткім парадкам рэчаў. Якое-ніякое, кволае, а права яшчэ ёсьць. І ёсьць закон. Нават у нашай краіне. У рэчышчы закону мы й намераныя дзейнічаць далей.

І ёсьць грамадзкае меркаваньне. Спадзяюся, ёсьць нейкая салідарнасьць (ну, калі не музыкаў, дык проста нармальных людзей).

І яшчэ дзіўная рэч. Няўжо ты, дырэктар, ня мог адразу сказаць: “Ай, Валодзя, нешта ня хочацца мне праводзіць у гэтых сьвятых сьценах ваш цёмнаэнэргетычны канцэрт”. І ўсё адразу было б зразумела.

А цяпер сытуацыя такая: усе неабходныя дакумэнты ёсьць, дамова з клюбам ёсьць, квіткі прадаюцца, аднабаковая адмова клюбу ад супрацоўніцтва юрыдычна ня мае сілы.

Канец першае сэрыі”.

Выказаўся наконт адмены канцэрта і арганізатар — канцэртнае агенцтва “Шаблі”. Яно, дарэчы,  канцэрт пакуль не лічыць адмененым і сваю пазіцыю мае магчымасць бараніць юрыдычна.

У агенцтве паведамілі, что 11 студзеня атрымалі ліст ад прыватнага прадпрыемства “Канцэпт Стыль” (уладальнік клуба Re:Public) аб немагчымасці аказання паслугі па правядзенню раней запланаванага канцэрта ў сувязі з узнікненнем тых самых “надзвычайных абставін унутранага характара”.

У агентцве “Шаблі” таксама нагадваюць пра каментары дырэктара клуба Андрэя Старцава сродкам масавай інфармацыі, у якіх Старцаў прычынай адмены канцэрту называе рознагалоссі паміж клубам і агенцтвам, пра якія у “Шаблі”... “нічога не ведаюць”.

“Канцэртнае агенцтва “Шаблі” мае надзею на хуткае вырашэнне праблем у клубе RE:Public, лічыць дамову дзейнай і працягвае падрыхтоўку да канцэрта”, — адзначаееца ў паведамленні.