Другие материалы рубрики «Культура»

  1. “Адноўленая” Біблія Скарыны — феномен сучаснай культуры
    Naviny.by вырашылі праверыць, наколькі гістарычнай з’яўляецца “адноўленая” Уладзімірам Ліхадзедавым Біблія Скарыны…
  2. «Песнярам» — 45 лет: концерты и трибьюты
    В Беларуси с размахом отпразднуют 45-летие группы, хотя настоящий юбилей бренда «Песняры» будет только через год…


Культура

КУЛЬТПОШУК. Васіліса Паляніна-Календа: “Перад намі — уся Еўропа!”


Naviny.by распачынаюць новы праект. Мы шукаем творчых і таленавітых. Іх імёны не часта сустрэнеш у беларускай медыйнай прасторы, а нам хочацца, каб пра іх ведалі. Яны робяць унікальныя рэчы: пішуць карціны, малююць паэзію і прозу, здымаюцца ў кіно і выходзяць на сцэну тэатраў, бачаць музыку ў паўсядзённасці і дзеляцца ёй з намі, чуюць прыгажосць у кожным моманце жыцця і паказваюць яе нам. Будзем удзячныя за падказкі і прапановы, пра каго б вы хацелі прачытаць у гэтым праекце.

“КУЛЬТпошук” — шукаем і знаходзім, расказваем і ганарымся.


Маладая мастачка Васіліса Паляніна-Календа займаецца ксілаграфіяй, ілюструе кнігі і часопісы, выстаўляецца ў галерэі “Ў”, удзельнічае ў фестывалях, па-дзіцячы захапляецца. У мінулым годзе яна працавала ў майстэрні нямецкага мастака, а два гады таму выйшла замуж за празаіка Сяргея Календу.

Васіліса Паляніна-Календа

Васіліса Паляніна-Календа. Навучалася ў майстэрні Уладзіміра Ткачэнкі, стажыравалася ў майстэрні нямецкага графіка і скульптара Вальтэра Захса ў Ваймары, Нямеччына. Тройчы ўдзельнічала ў Віцебскім Фестывалі сучаснага мастацтва Art Session, у выставах “Дах-ІХ” і “ДАХ-ЖАХ-ХІ”, выстаўлялася на экпазіцыі La Dolce Vita, удзельнічала ў фестывале Forward ад суполкі Urbanpunk, у мастацка-літаратурным пленэры імя Валошына (Кактэбель, Україна), удзельніца Design week. Некалькі работ знаходзяцца на сталай экпазіцыі ў Кіеве ў культурна-адукацыйным цэнтры “Музей Казак”, выстаўлялася ў мінскай галерэі “Ў”.

 

“Не такі ўжо ён і прыдурак…”

Васілісай таленавітую дзяўчыну назваў бацька. Ён вельмі хацеў дзяўчынку і даў ёй такое прыгожае, мілагучнае імя. Брата Васілісы завуць Іванам — атрымліваецца такая сямейная казка пра Іванушку-дурачка ды Васілісу Прыўкрасную. Дзяўчыну як толькі ні клічуць. І Вася, і Васілёк, і Васілісанька… Але муж Сяргей ні разу не назваў жонку “Вася”. Мастачка кажа, што такі варыянт яе імя, які гучыць цалкам адэкватна ад іншых людзей, з вуснаў каханага чалавека ўспрымаўся б ненатуральна.

Пазнаёміліся маладыя людзі незвычайна. На віцебскі фестываль ехалі дзве вялікія тусоўкі: культуролагі ды дызайнеры. Васіліса, якая тады вучылася на дызайнера, нават увагу на будучага культуролага Сяргея не звярнула. Дакладней, звярнула, але яна была негатыўная. “Тады я зразумела, што ён ідыёт, а ён тое самае падумаў пра мяне”, — смяецца Васіліса. Адным словам, пасля першай сустрэчы маладыя людзі склалі адно пра аднога зусім непрыемнае ўражанне. Праз два гады лёс зноў звёў іх разам. І зноўку ў дарозе. Гэтым разам яны адначасова сышлі з электрычкі ў Вязынцы на святкаванне Купалля. Завязалася размова (дарэчы, Сяргей тады нават не ўзгадаў, што бачыўся з дзяўчынай некалі), у выніку якой Васіліса падумала: “Не такі ўжо ён і прыдурак…” Пасля маладыя людзі пачалі бачыцца на сустрэчах літаратурнага аб’яднання “Вобла”. “Я тады пісала вершыкі”, — узгадвае Васіліса. І панеслася…

Пасля былі кнігі Сяргея Календы, якія ілюстравала маладая таленавітая мастачка. Ажаніліся яны на кнізе “Казкі. Гісторыі (не) пра нас”, якую цалкам афармляла Васіліса.

Васіліса і Сяргей

Офіс-фрыланс

Васіліса два гады працавала ў офісе дызайнерам. Займалася графічным дызайнам, распрацоўвала лагатыпы, афішы, макеты часопісаў і г.д. Але зараз зноў вярнулася да вольнай працы. Васіліса ўмее арганізоўваць свой працоўны час самастойна, таму графік фрылансера ёй больш пасуе: можна шмат чаго паспець зрабіць, ды і робіш тое, што табе даспадобы, без прымусу звонку. Офісная праца дала добры досвед, шмат чаму навучыла дзяўчыну, стварыла базу заказчыкаў: “Зараз да мяне звяртаюцца з прапановамі распрацаваць лагатыпы, фірменны стыль, і я раблю гэта без напружанасці”, — гаворыць Васіліса.

Да таго ж, дызайн мастачка ўспрымае як камерцыю. Натуральна, ёсць і вельмі класныя дызайнеры, для якіх гэтая праца — сапраўднае мастацтва, якія “ствараюць рэальна крутыя рэчы”. Васілісе бліжэй не дызайн, а ўсё ж мастацтва, праца з фарбамі і паперай.

Бацькі ня супраць “фрылансу”, але, вядома, адзначваюць тое, што няма пастаяннаага заробку. Асабліва хвалюецца бабуля Васілісы, што ўнучка працуе “без трудавой”. Але ж пасля таго, як дзяўчына адпрацавала два гады ў офісе, бацькі ўжо не так перажываюць за “незразумелы” стыль працы дачкі. Любяць, а таму прымаюць яе такой, якая яна ёсць.


“Не абавязкова даваць імя мастацтву, каб лепей яго зразумець”

Калі размова зайшла пра сучаснае мастацтва, якое многія не любяць і не ўспрымаюць, бо папросту не разумеюць яго, Васіліса сказала, што многія рэчы яе па-добраму здзіўляюць. “Крута, калі твор мастацтва цябе за душу чапляе! Для мяне істотна, каб я сама адчувала, дзе мастацтва, а дзе не”. З цягам часу погляд дзяўчыны на мастацтва мяняецца, што натуральна. На таго ж Шагала яна зараз глядзіць іначай, чым некалькі гадоў таму. Ягоныя карціны яе па-ранейшаму натхняюць, але яна ўжо больш бачыць напрактыкаваным вокам.

“На першы погляд здаецца, што ў нашым мастацтве вэрхал, а вось у Еўропе — усё структуравана, па паліцах раскладзена. Але я думаю, што гэта не зусім так. Нам чамусьці ўвесь час падаецца, што ў Еўропе ўсё лепей. Але і там, і там ёсць якаcныя рэчы, а ёсць прафанацыя мастацтва… У Нямеччыне, напрыклад, як і ў любой краіне, ёсць якаснае мастацтва, а ёсць проста камерцыйныя праекты, якія робяцца як гонка за новымі вобразамі дзеля правакацыі, а не дзеля самой сутнасці твору”, — гаворыць Васіліса.

Мастачка лічыць, што не абавязкова даваць імя мастацтву, каб лепей яго зразумець. Самае істотнае, каб мастак сам разумеў, што і навошта ён робіць. Доўгі час Васіліса не ўспрымала інсталяцыі як мастацтва, але цяпер прымае і паважае іх, калі яны зроблены з густам. Наогул, пры азнаямленні з творамі сучаснага мастацтва Васіліса лічыць неабходным наяўнасць густу: “Калі ты адчуваеш ідэю твора, то разумееш, што гэта і дзеля чаго створана. Зусім не істотна, якімі сродкамі ён нараджаецца: графіка гэта ці жывапіс, скульптура ці інсталяцыя, акадэмічны падыход ці радыкальна новыя рэчы. Сэнс закладзены зусім у іншым — каб ты сам разумеў, дзеля чаго ты гэта робіш, каб думаў аб тым, што ў першую чаргу істотна для цябе самога, для тваёй дзейнасці...”.

Раней дзяўчына шкадавала, што не вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Але цяпер перагледзела свае погляды на адукацыю і лічыць, што ўсё адбываецца так, як вінна быць. Яна сама вырашае, куды ёй рухацца і як развівацца, удасканальвацца.

“Натуральна, “алфавіт” павінен быць у галаве кожнага мастака, лепш прайсці традыцыйную школу, каб папросту развіць базавыя навыкі і маторыку. Асновы мне далі на кафедры мастацтва ў ДІКСТ БДУ. Яны ні да чаго не прымушалі. Проста знаёмілі, усё астатняе ты развіваеш сам, атрымаўшы “пачатковую інфармацыю”. Больш дасканалыя рэчы я атрымліваю з наваколля, ад канкрэтных людзей. Ва ўніверы мне вельмі дапамог малады настаўнік і сябра, мастак і дызайнер Сева Швайба, ён быў маім дыпломным кіраўніком, і тады я першы раз сутыкнулася з ілюстраваннем кнігі”, — распавядае Васіліса.

Зараз мастачка ведае, што і ў Беларусі можна рабіць цікавыя праекты, можна не ісці ў Саюзы. Проста трэба глядзець шырэй і не баяцца рабіць нешта незвычайнае, новае: “Перад намі — уся Еўропа!”.

Зрэшты, сябрам Саюза дызайнераў Васіліса ўсё ж збіраецца стаць. Але тут дзяўчынай рухаюць практычныя матывы: калі ты сябра Саюза, табе даюцца зніжкі на найм майстэрні. Зараз дзяўчына здымае майстэрню сама. Ясна, што гэта не таннае задавальненне. У майстэрню да яе часта прыходзяць сябры, і яны гадзінамі размаўляюць пра мастацтва. “Часта гутаркі з “правільнымі людзьмі” натхняюць больш, чым карціны!” — прызнаецца Васіліса.



Знайшла сябе ў ксілаграфіі

Гаворачы пра Еўропу, Васіліса прыгадала сваю трохмесячную стажыроўку ў Нямеччыне. Яна працавала ў майстэрні нямецкага графіка і скульптара Вальтэра Захса ў Ваймары. Гэта невялікі горад, але сапраўдны культурны цэнтр. “Вальтэр проста аддаў мне ключы ад сваёй майстрэрні і сказаў: працуй!”, — усміхаецца Васіліса. Менавіта Захс навучыў яе рабіць ксілаграфію, якой дзяўчына зараз і займаецца. Ксілаграфія — гэта вельмі старая тэхніка, якую вынайшлі ў Кітаі. Гравюры на дрэве.

Для Васілісы ксілаграфія — толькі сродак, бо само мастацтва, гаворыць яна, — у мастаку: “На дадзены момант мне вельмі цікава менавіта гэтая тэхніка! У Акадэміі мастацтваў ёй навучаюць на кафедры графікі, і яна не з’яўляецца тым, чым можна здзівіць. Тут больш істотна, што ты выяўляеш, дзякуючы ёй. Гэта яшчэ адзін сродак і толькі. Я люблю працаваць на мяккім дрэве (асіна, альха), і часам проста не ведаеш, якія нюансы могуць адціснуцца па выніку. У залежнасці ад націску, можа выйсці шмат варыяцый аднаго малюнку, і вынік радуе цябе як дзіцёнка!” .

Са сваёй вельмі насычанай падзеямі і назіраннямі стажыроўкі Васіліса выціснула столькі, што па вяртанні адчула сябе больш ўпэўненай. Яна ведае, што калі будзеш шмат працаваць, то і атрымаеш тое, што заслужыў. У мастацкіх тусоўках дзяўчына не ўдзельнічае, бо не лічыць гэта неабходным для паспяховай працы. Яна нават не ведае, якія ў нас ёсць мастацкія кааліцыі…


“Я ўсё хачу!”

Васіліса дастаткова ярка “засвяцілася” ў беларускай мастацкай прасторы як ілюстратар кніг. Яна аформіла не адну кнігу. Ілюстравала зборнікі Сяргея Календы “Казкі. Гісторыі (не) Пра Нас”, “Іржавы Пакой з Белымі Шпалерамі”, “Трохлітровая проза”, зборнік паэзіі Віталя Рыжкова “Дзверы Замкненыя на Ключы”, ілюстравала апавяданне Ignacy Karpowiczа “Esej. Po prostu” у кнізе “Streifzug Durch Europa/Travel Through Europe” (Берлін, Нямеччына), дзесяты нумар часопіса “Паміж”.

Зараз дзяўчына працуе над афармленнем і ілюстрацыямі часопіса “Макулатура”. Гэта іх сумесны з мужам Сяргеем Календам праект. Нарадзілася і выспела “Макулатура” у галаве Сяргея. “Ён піша, а я малюю”, — усміхаецца Васіліса. У праекта некалькі мастакоў. Кожны ілюструе той твор, які яму найбольш спадабаўся, пры прачытанні якога ў галавае мастака нарадзіліся нейкія вобразы ды малюнкі. На днях пабачыў свет другі нумар часопіса “Макулатура”.

Васіліса адкрытая да прапановаў па супрацоўніцтве. Ёй цікава спрабаваць сябе ў новых жанрах і тэхніках. Калі да яе звяртаюцца людзі з прапановамі выставіць свае работы ў галэреі альбо аддаць працу на сталую экспазіцыю ў музей, яна ахвотна пагаджаецца.

У галерэі “Ў” нядаўна адбылася выстава Васілісы Палянінай-Календа “Алюзіі на мастацтва”. Гаворачы пра свае выставы, Васіліса адзначыла, што для яе больш істотна накіроўваць сваю энэргію на мастацтва, а не на пошукі месцаў, дзе можна выставіцца.

Творы Васілісы Палянінай-Календа
1. Выспа кахання (ксілаграфія)
2. Закаханыя ў небыццё (ксілаграфія)
3. Крокус (ксілаграфія)
4. Эва (ксілаграфія)
5. Макулатура (плакат)
6. Нацюрморт з апалонікамі
7. Аўтапартрэт з кветкамі
8. Кветкі
9. Лецішча

Оценить материал:
Средний балл - 3.70 (всего оценок: 30)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...