ПРАЦОЎНЫ СТОЛ. Уладзімір Някляеў. Яблыня-царква і бізун
Някляеў распавёў, як марыў стаць стылягам і першы раз сутыкнуўся з міліцэйскай дубінкай, як у ягоны гонар назвалі карабель...
Працоўная прастора пісьменніка Уладзіміра Някляева запоўненая кнігамі, карцінамі ды ўзнагародамі. Калі пра творы мастацтва Уладзімір Пракопавіч распавядае ахвотна, то ўзнагародамі не любіць хваліцца. Асабліва дарагая для яго памятная статуэтка, якая нагадвае, што ён — Крэўскі паэт. Крэва ды роднае Смаргоні ў кватэры пісьменніка шмат: карціны і фотаздымкі з любімымі краявідамі, драўляны герб Крэва, частка сука з яблыні, пад якой малілася маці пісьменніка Анастасія Іванаўна…
Знаёмячы мяне з дэталямі сваёй творчай прасторы, Уладзімір Някляеў распавёў, як марыў стаць стылягам і першы раз сутыкнуўся з міліцэйскай дубінкай, як у ягоны гонар назвалі карабель, як завальваў іспыты з-за кахання, як хацеў паступіць у музычную вучэльню, а скончыў… электратэхнікум.
Стол, секрэтэр, канапа
Зранку да вечара пісаць за сталом, як звык рабіць гэта праз усё жыццё, цяпер я, на жаль, не магу. 19 снежня 2010 года доблесныя беларускія байцы спецпадраздзялення «Алмаз» знявечылі беларускаму паэту Някляеву спіну. Праз тое за сталом працаваць магу не болей за паўгадзіны. Пасля бяру ноўтбук, іду да секрэтэру і працую стоячы. Доўга так таксама не вытрываць. Тады з ноўтбукам (дзякуй тым, хто яго прыдумаў!) — на канапу. Асадкай пісаць лежачы немагчыма: я спрабаваў. А з кампьютарам — ляжы ды працуй, задраўшы ногі дагары (смяецца). І так цэлы дзень: стол, секрэтэр, канапа... Мне ўжо некалькі разоў прыходзілі запрашэнні на лекаванне (апошняе зусім нядаўна ад фінаў), але «кампетэнтныя органы» за мяжу не выпускаюць.
Крэўскі паэт
З усіх прэмій і ўзнагародаў найдаражэйшая для мяне тая, якая сведчыць: я крэўскі паэт. Не які-небудзь, а менавіта КРЭЎСКІ. Гэтай узнагародай мяне ўдастоілі маладыя беларускія паэты — і яна адзіная, якую трымаю на пісьмовым стале. Крэва для мяне месца сакральнае, таму па-асабліваму дарагое ўсё, што з ім звязанае.
Кактус-галава
Гэты круглы кактус — мадэль чалавечай галавы. Найчасцей калючай. Каб стварыць, раскрыць чалавечы характар, трэба ў яго ўлезці. Не браць жа для гэтага чэрап... Я не Гамлет — вось і ўзяў кактус. Пішу пра некага — і саджаю яму на плечы гэты кактус замест галавы. Ну, што тут?.. Вось гэтыя паглыбленні — звіліны, калючкі і луска — нейроны ў іх сувязях. Тут вось — неакортакс, дзе сканцэнтраваныя нейроны, якія здольныя да трансфармацый. Менавіта неакортакс — крыніца нашай свядомасці, адсюль — нашы ўяўленні пра Бога, дабро і зло, жыццё і смерць…
Далёка не ўсе нейроны здольныя да трансфармацый. Як і не ўсе людзі, што асабліва добра відаць у нашай найноўшай гісторыі.
І яшчэ вось што: не ўсе расліны, якія падобныя да кактусаў, насамрэч ёсць імі. І не ўсе людзі, якія падобныя да людзей, людзі. Вельмі часта гэта кактусы.
Ахоўнікі
Заўжды перад вачыма мае тры ахоўнікі: жонка Вольга, матуля Анастасія Іванаўна ды Святы Уладзімір. Не ведаю, як Святы Уладзімір, а што маці ды Вольга за мяне моляцца і мяне ахоўваюць, дык тое дакладна.
Менскі раман
Вось гэты рукапіс, што ляжыць на стале, літаральна сёння вярнуў мне Леанід Дранько-Майсюк, якога папрасіў я рукапіс прачытаць ды адрэдагаваць. Любому літаратару, нават калі ён усё жыццё працуе ў літаратуры і мяркуе, што ўсё ў прагожым пісьменстве ведае і ўмее, неабходны рэдактар. На жаль, зараз рэдактара мастацкай літаратуры фактычна няма як прафесіі. Амаль усе самі пішуць, самі рэдагуюць, самі друкуюць.
Гэта менскі раман. Называецца «Аўтамат з газіроўкай. З сіропам і без». Дарэчы, у мяне ён называўся: «Аўтамат з газаванай вадой з сіропам і без», а рэдактар прапанаў трохі іншую назву. І не толькі трохі іншую — значна лепшую, вось што такое рэдактар.
Падзеі ў менскім рамане разгортваюцца напачатку 60-х гадоў, у час так званай хрушчоўскай «адлігі», калі адбыўся сапраўдны ўсплеск грамадскага, літаратурнага жыцця. У 60-я былі маладымі Быкаў, Караткевіч, Барадулін, Бураўкін, Вярцінскі... Барадулін з Вярцінскім чытаюць у менскім рамане свае вершы.
У 1961 годзе мне было 15 гадоў, я прыехаў у Менск паступаць у электратэхнікум сувязі. Паступіў, скончыў яго, але да сёння не разумею, чаму як і чаму гарыць электрычная лампачка Зрэшты, Альберт Энштэйн гэтага таксама не разумеў (смяецца).
Пад калонамі каля ўваходу ў Тэатр юнага гледача вечарамі збіралася моладзь. Паэты чыталі вершы, барды спявалі песні. Там я пазнаёміўся з гуру менскага андэграунда Кімам Хадзеевым, з людзьмі, з якімі пасля шмат гадоў сябраваў. Але, прызнаюся, не толькі (і нават не столькі) праз вершы і песні цягнула мяне да іх. Многія з іх былі стылягамі — і мне хацелася стаць стылягам. Як гэтыя хлопцы вылучаліся на даволі шэрым тле тагачаснага менскага жыцця! Не толькі вонкава вылучаліся: яркімі кашулямі «пажар у джунглях», нагавіцамі-дудачкамі, «шузамі на маннай кашы», — але і ўнутрана: разняволенасцю. Яны мулілі вочы партыйцам, гэбістам — і з імі ўрэшце расправіліся, зляпіўшы з іх «антысавецкую групоўку».
Менскі раман пачынаецца раздзелам «Брадвей». Гэта частка праспекту ад Галоўпаштамта да кавярні «Бярозка». Каб «кінуць брэк па броду», прайсці па менскім «Брадвэі», трэба было займець такі ж, як у стылягаў, «прыкід». А дзе грошы ўзяць? Колькі я разгрузіў вагонаў з цэментам, перш чым нацягнуў дудачкі, надзеў кашулю з малпамі да папагумі, абуўся ў шузы на маннай кашы! І хоць я харкаў тым цэментам, але якая была праходачка па «Брадвеі» са стылягамі!
А ў Купалаўскім скверы налятае на нас брыгадміл — брыгада садзейнічання міліцыі. Міліцыянты тады з палкамі гумовымі, як зараз, не хадзілі. А вось у брыгадмілаў такія палкі былі. Яны мала таго, што адбатожылі мяне, дык яшчэ павалілі — і давай нажніцамі мае дудачкі рэзаць! Порткі, на якія я зарабляў, цэмент грузячы! Вось калі я зразумеў, што ў Савецкім саюзе нешта не тое адбываецца (смяецца).
«Аўтамат з газіроўкай...» — раман пра той, якога ўжо няма, Менск, пра ягоныя вулкі і вулачкі, пранізаныя сонцам дворыкі Нямігі, якая была яшчэ непарушанай, пра залаты пыл юнацтва. Зараз я адсылаю яго ў рэдакцыю часопіса «Дзеяслоў», у якім раман будзе друкавацца.
Каліноўскі і Мураўёў
Наступны год — Каліноўскага. Збіраю пра яго матэрыялы, хачу нешта напісаць. Ведаю, што і як, але пакуль не пішацца. Чамусьці не ўзнікае патрэбная інтанацыя. Тая адзіная, якой адразу давяраешся, і тады яна як бы сама стварае тэкст — ты толькі паспяваеш яго запісваць. Калі гэтаю інтанацыю злавіў — больш нічога не трэба. Ніякіх дапаможнікаў гістарычных. А не зловіш — ніякія дапаможнікі не дапамогуць.
Вось успаміны Мураўёва. Чаму яны ў мяне? Я падумаў: надта ўжо адназначна трактуецца Мураўёў тымі беларускімі аўтарамі, якія пісалі пра паўстанне 1863 года. Вешальнік ды вешальнік... А ён жа дзяржаўны дзеяч. Цэнтральная фігура тых падзей. Персанаж не меншай (гістарычный) значнасці, чым Каліноўскі. І менавіта праз спробу падыйсці да яго з такімі меркамі я ў інтанацыі, як я цяпер бачу, стаў фальшывіць. Які да д’ябла дзяржаўны дзеяч! Праз якія дзяржаўныя інтарэсы можна жыўцом, як потым фашысты палілі ў Хатыні, паліць людзей? Кідаць жывымі немаўлятак у вапну! Пра гэта ў дзённіках Мураўёва ні слова, але ж гэта было! І ніякіх шкадаванняў, ніякага намёку на пакаянне. Наадворот: пералік усіх, нават самых дробязных выяваў царскай ласкі за здзейсненае ў «Северо-Западном крае». І так стаў мне гэты Мураўёў упоперак горла, што пакуль не пракаўтнуць.
Скрыпка ад Бураўкіна
Я граў у аркестры народных інструментаў пры Смаргонскім доме культуры і збіраўся стаць музыкантам, паступаць у музычную вучэльню ў Маладзечна. Але ў 1961 годзе прыехаў у Менск, убачыў стылягаў, якіх ні Смаргонях, ні ў Маладзечне не было, і вырашыў: толькі з імі і толькі тут маё месца. І паступіў я хутчэй не ў тэхнікум, а ў стылягі (смяецца).
Пра маё колішняе намеры стаць музыкам ведае Генадзь Бураўкін, які і падарыў мне гэтую саламяную скрыпку як напамін пра тое, што не ўсё ў нашым лёсе залежыць выключна ад нас. Маўляў, выбірай сяброў... Мы з ім даўно адзін аднаго выбралі.
Карабель «Уладзімір Някляеў»
На гэтай карціне адзін з тых, хто на карабельчыку — я. Мастак Мікола Селяшчук не сказаў, хто. Паспрабуйце ўгадаць... Я вырашыў, што вось гэты чалавек на карме — у чорных акулярах. Цікавостка ў тым, што карабельчык, на якім плывуць гэтыя дзіўныя людзі з птушкамі, катом і сабакам, гэты маленькі Ноеў каўчэг называецца, калі вы звярнулі ўвагу, «Ул. Някляеў».
Мікола афармляў адну з маіх кніг, аформіў абстрактна — і нешта мне тыя абстракцыі не глянуліся. Тады ён замест іх паставіў на вокладку мой фатаздымак. «Табе хочацца сабой любавацца? На, любуйся!» Ён якраз пісаў мой партрэт, дык так раззлаваўся з-за вокладкі, што загрунтаваў палатно і намаляваў на мне партрэт іншага чалавека. Ну, што паробіш…
Прамінуў час... Незадоўга да сваёй трагічнай сустрэчы з Тырэнскім морам, якое навечна накрыла яго сваёй хваляй, Мікола піша карціны «Загнаны анёл» і «Падарожжа ў Афон». Дык вось гэтая карціна і ёсць «Падарожжа ў Афон» на карабельчыку «Ул. Някляеў». Вось так Мікола выйшаў з той даўняй крыўды. Жэст?.. Жэст — ды яшчэ які! Жэст сапраўднага мастака і сапраўднага сябра. На жаль, развітальны...
Самая дарагая карціна
З гэтай карціны пачалося маё жыццё! Яна вісела ў спальні маіх бацькоў. Пад ёй яны мяне зачыналі, пад ёй прайшло ўсё маё крэўскае маленства. Яна для мяне вельмі дарагая. Вось гэтая жанчына на ўзлеску — для мяне маці, а недзе там, за лесам, дзе сонца сядае — бацька. Калі памінаю ў малітве бацькоў і ўсіх родных маіх, прашу Бога дараваць ім грахі іхнія вольныя і нявольныя, стаю перад гэтай карцінай, як прад абразом.
Сапраўдны бізун
Калі мяне вельмі раззлуюць, замінаючы працаваць, я пераўвасабляюся ў хана (у мяне яшчэ халат ёсць), і бяру ў рукі вось гэтую штуку. Зроблены бізун з сапраўднага казлінага капыта і, як мне сказалі, сапраўднага хваста д’ябла. Прылада для выхавання жонкі і коткі (смяецца). Падарылі мне гэты ханскі набор мае сябры казахі.
Том нелінаванай паперы
Вось гэты важкі том — не новая мая кніга, а проста склееная чыстая папера, на якой я пішу тэксты. Такі сшытак для пісьма мне падарылі сябры на 65-годдзе. Сказалі, каб да 70-годдзя спісаў... Я ўжо спісаў болей за палову, так што могуць склейваць новы.
Гліняны Вялес
Стод Глінянага Вялеса, штогадовую прэмію Таварыства Вольных Літаратараў атрымаў у мінулым годзе за кнігу «Кон». Завялесілі мяне! (Усміхаецца). Стаіць Вялес каля майго стала на падваконніку, бо файна выраблены. Праўда ж, файна? Вырабляў яго мастак Генік Лойка. «Нацыяналіст, — як ён сам пра сябе кажа, — шырокага профілю».
Яблыня-царква
Гэта сук, падобны да конскай галавы, ад старой яблыні, якая ў нашым садзе называлася яблыняй-царквой. Мне брат мой малодшы Іван яго спілаваў і на дзень народзінаў падараваў. Таксама адзін з найдарагіх для мяне падарункаў...
Чаму яблыня так называлася? Маці мая была верніцай. Сапраўднай. А бацька — камуністам, у яго адносіны з Богам былі прахалодныя. Таму матуля выходзіла ў сад, ставала пад гэтую яблыню і малілася. Яблыня захінала яе ад дажду, снегу, ветру — не захінала ад Бога. Таму яна і царква...
Капялюш для каўбоя
Каўбойскі капялюш мне падарыў на 65-годдзе часова павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан. Сказаў, што калі я ў гэтым капелюшы з’яўлюся ў амерыканскіх прэрыях, то мне будзе адкрытая дарога аж да небасхілу. Збяруся туды — вось у ім і паеду (усміхаецца). Няхай «кампетэнтныя органы» не выпускаюць мяне далей за менскую кальцавую дарогу, але небасхіл засланіць — не ў іх кампетэнцыі.
Обсудим?