Другие материалы рубрики «Культура»
-
«Песняры»: «Молитва» — это духовный гимн
Участники легендарного ансамбля «Песняры» поддержали композитора Олега Молчана… -
Сальвадор Дали и Пабло Пикассо — впервые в Минске в подлинниках
Выставка скульптуры, керамики и графики величайших испанских художников современности открылась в Национальном историческом музее...
- Представители Беларуси на «Евровидении-2015» 12 мая проведут первую репетицию в Вене
- Фотофакт: Лукашенко встретился с поэтом Евтушенко
- Эрос Рамаззотти представит в Минске свой новый альбом Perfetto
- III Минский форум уличных театров собрал около 30 тысяч зрителей
- Театр оперы и балета 8 мая устроит концерт ко Дню Победы
- Театральное шествие в Минске
- Правила жизни Майи Плисецкой
- После реконструкции открылась усадьба в Лошице
- В Минске проходит фестиваль уличных театров
- «В постели, смотрю, кувыркаются наши девчонки молодые с мужиками российскими»
Культура
Слэм Святога Валянціна — дзень вызвалення ад словаў
Святкаванне народзінаў класіка беларускай літаратуры Міхася Стральцова другі год запар адзначаецца міжнародным паэтычным фестывалем “Вершы на асфальце”. 14 лютага ў памяшканні мінскага Інстытута імя Гётэ трохдзённы паэтычны марафон распачаўся нечаканым для многіх Слэмам Святога Валянціна.
Наватары ці традыцыяналісты?
У стральцоўскага фестываля шмат арганізатараў, як адзначыў мадэратар першага фестывальнага дня Андрэй Хадановіч. “Вершы на асфальце” другі год запар чытаюцца беларускімі паэтамі, а таксама замежнымі гасцямі дзякуючы сумесным намаганням Саюза беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтра, Інстытута імя Гётэ ў Мінску, а таксама Шведскага саюза пісьменнікаў.
Андрэй Хадановіч
“Хочацца верыць, што гэты фестываль памяці Міхася Стральцова будзе рэгулярным, — падзяліўся з прысутнымі Андрэй Хадановіч. — Маю спадзеў, што і надалей розныя мінскія аўтары будуць збірацца разам, каб пачытаць сваю паэзію і паслухаць адно аднога. Веру, што будзе пашырацца і міжнарожная геаграфія фэсту. Сёлета да нас прыехалт госці з Германіі, Літвы, Расіі, Украіны, Швецыі, Эстоніі”.
Паводле старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыса Пятровіча, “натхненне, што мы ўсе атрымаем падчас гэтага фестывалю, будзе нас падтрымліваць доўгі час у нашай творчасці. Стральцова раней многія называлі наватарам. Цікава будзе паглядзець на сённяшніх наватараў, ці стануць яны праз 50 гадоў традыцыяналістамі. Напрыклад, тыя, хто сёння ўжывае нецэнзурную лексіку ў сваіх творах… Мне вельмі хочацца, каб паэтычных фестываляў было больш. На Гомельшчыне ёсць свята паэзіі Анатоля Сыса, неўзабаве распачнуцца паэтычныя фестывалі на Гарадзеншчыне і Віцебшчыне”.
Паэт Алесь Разанаў, які апошнім часам рэдка выступае публічна, давёў аўдыторыі, што існуе не толькі загадка Максіма Багдановіча, пра якую напісаў Стральцоў, але і загадка самога Міхася Стральцова: “Мы нават не розумам, але сваёй існасцю далучаемся да паэзіі Стральцова. Вядома, што самае істотнае — гэта тое, што мы не можам вымавіць словамі, сказаць пра сябе ці пра іншых. У мяне ёсць формула паэзіі: паэзія — гэта вызваленне ад словаў. Міхась Стральцоў не дае нам абмінуць самае важнае…”.
Слова ўзяў Адам Глобус. Ён ці то жартам, ці то ўсур’ёз даводзіў нам, што “Стральцова ўсе вельмі любілі. Яму ўвогуле па жыцці вельмі шанцавала. Яму нават пашанцавала нарадзіцца амаль у адзін дзень з паэтам Андрэем Хадановічам… Мне таксама пашанцавала. Стральцоў жыў на першым паверсе, а я — на пятым, на адным паверсе з Караткевічам. Калі ў Стральцова выйшла першая паэтычная кніжка, мне вельмі хацелася, каб там было нешта пра мяне напісана. Адкрываю я гэты паэтычны зборнік і знаходжу верш пра сябе…”.
“З першым снегам!”
Прадстаўляючы наступнага выступоўцу, Андрэй Хадановіч сказаў, што гэта, мабыць, самая істотная сустрэча першага фестывальнага дня. “Мяне папрасілі, каб я не прадстаўляў наступнага чалавека”, — дадаў Хадановіч. Са словам да нас звярнулася Галіна Стральцова — жонка паэта.
Галіна Стральцова
“Так атрымалася, што спачатку мы святкавалі дзень народзінаў Міхася, пасля мой, а затым нашай дачкі. Такім насычана-святочным быў для нас гэты зімовы тыдзень, — сказала яна. — Я магу шмат чаго распавесці пра Міхася як пра чалавека, мужа, бацьку і нават як пра паэта… Я пераклала дваццаць пяць яго вершаў на рускую мову. Гэтая нізка будзе апублікаваная летам у “Нёмане” — калі цікава, пачытаеце. Я не хачу зараз шмат гаварыць… Калі каму цікавыя падрабязнасці нашага жыцця з Міхасём, можаце пачытаць мае ўспаміны на старонках “Народнай волі”.
Толькі адзін выпадак прыгадала спадарыня Стральцова: “Ужо пасля таго, як мы з Міхасём разышліся, напачатку зімы я неяк стаяла ля вакна, і на маіх вачох пайшоў першы снег… Не ведаю чаму, але я адчула, што трэба пазваніць. Я набрала нумар Міхася і павіншавалі яго з першым снегам. Пасля ён прысвяціў верш мне і таму першаму снегу”.
|
А мо чакаў я гэтага званка, Мо непазбежнасць нада мной лунала, Калі твая шчаслівая рука Шэсць гэтых лічбаў недзе набірала. Ало, ало! Успомніцца пасля: «Мой дарагі! Віншую з першым снегам!» — I голас заміраў далёкім рэхам, Званочкам, што дражніўся мне здаля. Як скалануў мяне ён, як жа ён Мяне ў абдымкі праз адлегласць кінуў! Я ўваскрос, я рос, я жыў, я гінуў, — Зноў уваскрос! Я пасылаў праклён Мінуламу, што стала паміж мной I між табой нядобраю няславай, Паныласцю над недапітай кавай, Віной віна і простаю віной... Хай будуць блаславёны: гэты дзень, I першы снег, і першыя завеі, Сняжынка тая, што табе па веі, Нібы дарунак неба, упадзе! |
|
Пісьменнік Уладзімір Арлоў з меркаваннем Глобуса, быццам Стральцову ва ўсім шанцавала, не пагаджаецца: “У 70-я і 80-я гады кожная кніга Міхася Стральцова была падзеяй. Тут гаварылася, што яму па жыцці вельмі шанцавала: кнігі выходзілі і ў Маскве, і ў Мінску. Але я з гэтым не пагаджуся. Не ўсё так проста было. Кожная кніга Стральцова ўражвала сваёй непаўторнай інтэлігентнай свабодай. І гэтае свабодалюбства, натуральна, мела свой кошт. У выніку пісьменнік убачыў неба ў кратку. На шчасце, быў ён там нядоўга. Так сталася, што маю першую кнігу не пусцілі ў друк. І грамадскім рэдактарам кнігі стаў акурат Стральцоў, за што я яму бясконца ўдзячны. Каб не ён, мой і жыццёвы, і літаратурны лёс быў бы моцна скарэктаваны”.
Слэм, слэм, слэм
Пасля феерычнага выступу Андруся Такінданга і гурта Recha, якія настроілі аўдыторыю на правільны слэмаўскі лад, распачаўся Слэм Святога Валянціна — падзея, якую з нецярплівасцю чакалі ўсе прысутныя. Дарэчы, Андрусь таксама некалі ўдзельнічаў у самым першым беларускім паэтычным спаборніцтве, але… “не ведаў правілаў і сыйшоў пасля першага тура”. “Таму і перамог Віктар Жыбуль”, — пажартаваў Андрэй Хадановіч.
Расцягнуўся паэтычны бой да позняга вечара, нягледзячы на тое, што арганізатары не рабілі “буржуазных перапынкаў” і правялі слэм не ў тры этапы, а ў два. У першым туры з дваццаці паэтаў глядацкае журы, выбранае выпадковым чынам, абрала чацьвярых удзельнікаў, якія і змагаліся ў фінале. Першая адзнака ставілася за змест верша, другая — за “класнасць артыстычнасці” яго выканання. Паўфінал праходзіў жвава, назіралася сапраўдная цікавасць прысутных да таго, што і як чытаюць маладыя і сталыя паэты.
Распачаў свае тры хвіліны Алесь Ямельянаў вершам пра “калюжыну ў форме сэрца”. А пасля сеў на крэсла, доўга маўчаў — так доўга, што мы падумалі, быццам гэта і ёсць яго верш “Цішыня”. Але ўрэшце ён прачытаў колькі радкоў пра сённяшні слэм. “Толькі што спечаны верш”, а маўчанне публіку і журы не надта ўразілі.
Віталь Рыжкоў прачытаў свой добра вядомы ўсім аматарам сучаснай беларускай паэзіі верш пра Сымона, які “няправільна трымае смык”. А пасля парадаваў прысутных новым вершам. “Бадай, упершыню за тры гады прачытаю прэм’ерны верш”, — сказаў Віталь. Адзнакі журы таксама былі не надта высокімі. Андрэй Хадановіч, які вельмі перажываў за сваіх любімчыкаў і ўсяляк жартам і ўсур’ёз спрабаваў ціснуць на журы, звярнуўся да Віталя: “А нефіг падглядаць у паперку, чытаючы вершы”.
Далей — болей. Беларускі паэт Сяргей Прылуцкі, які прыехаў да нас з Кіева і, паводле Хадановіча, з’яўляецца майстрам украінскіх слэмаў (“давёў іх да млявага стану і заўжды ў іх перамагае”), прачытаў дзіцячы вершык пра хлопчыка, які “сікаў роўна ва ўнітаз”, а пасля атракцыёнаў у парку “забляваў усё на свеце”. Гэты момант стаў пераломным ва ўчорашнім слэме — публіка развесяліся і далей ўжо не шкадавала далоняў і выкрыкаў падтрымкі для наступных выступоўцаў. Натуральна, Прылуцкі атрымаў “каляровы фантан пяцёрак”.
Сярж Мядзведзеў чытаў верш пра любоў, Дзмітрый Строцаў — пра Мінск і Парыж у сваёй цікавай спеўнай манеры, а пасля выступу дэбютанта ў слэме Алеся Плоткі Андрэй Хадановіч вымушаны быў канстатаваць, што “мінская публіка не паддаецца ўнушэнню”.
Калі на сцэну выйшаў сапраўдны майстар слэму паэт Віктар Жыбуль і пачаў чытаць верш пра Андрэйку-батарэйку, якому “не пашанцавала з краінай”, пераможца слэму стаў відавочным. Віктар атрымаў усе пяцёркі ад строгага журы і бурныя доўгія апладысменты ад публікі.
Віктар Жыбуль
Павел Свярдлоў здымаў і кідаў у залю паліто, пасля чаго Хадановіч сказаў, што мы “не разумеем наватарстваў дзесяцігадовай даўніны”. Георгій Барташ прачытаў верш пра любоў да кулінарыі.
Такім чынам, у паўфінал выйшлі Дзмітрый Строцаў і Сяргей Прылуцкі, якія набралі па 29 балаў, ды Сярж Мядзведзеў і Віктар Жыбуль, якія атрымалі па 30 балаў.
Па вялікім рахунку, фінал можна было і не праводзіць, адразу ўзнагародзіўшы чырвонай торбачкай ад “Будзьмы” найлепшага беларускага слэмера. Але мы ўсё ж паслухалі верш Віктара пра Валерку-кавалера і ва ўзнагароду паэту папляскалі ў далоні.
Паміж астатнімі фіналістамі месцы размеркаваліся наступным чынам: Сяргей Прылуцкі заняў трэцяе месца, другую пазіцыю падзялілі Мядзведзеў і Строцаў.
“Колькі выступае Жыбуль, столькі іншыя паэты вырываюць адно ў аднога другое і трэцяе месца на беларускіх слэмах”, — зазначыў мадэратар Андрэй Хадановіч і адпусціў усіх у ноч — да наступных сустрэч на фестывалі “Вершы на асфальце”.
В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева