Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Художник Виктор Астер: у современного общества нет времени на классическое искусство
    В Центре современных искусств в Минске представлен арт-проект «ТРАНСФОРМА»…
  2. “Адноўленая” Біблія Скарыны — феномен сучаснай культуры
    Naviny.by вырашылі праверыць, наколькі гістарычнай з’яўляецца “адноўленая” Уладзімірам Ліхадзедавым Біблія Скарыны…


Культура

Юбілейная “Камяніца”: незадаволеная гукам “ДахаБраха” і знерваваны Алег Хаменка

 

Сёлетняя, пятая па ліку, “Камяніца”, што прайшла ў два дні — 6 і 7 верасня — у Музеі народнай архітэктуры і побыту, запомнілася сонечным надвор’ем, выступам гурта Shuma падчас “Сяброўскай вячэры”, праглядам фільма “Гісторыя беларускай страўні”, а таксама знерваванымі гасцямі з Польшчы, Украіны і Расіі, якія не маглі нармальна наладзіць гук. Многія прыехалі на “Камяніцу” выключна дзеля гурта з Кіева «Даха-Браха», аднак былі расчараваныя: замест абяцанай гадзіны госці гралі ўсяго дваццаць хвілін.

Напярэдадні фестывалю арганізатары абяцалі, што сёлета ўсё будзе на высокім ўзроўні. Дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Святлана Лакотка казала, што музейныя работнікі зробяць усё для таго, каб не было чэргаў па квіткі ды ў прыбіральні, але людзі стаялі па дваццаць хвілін, каб трапіць у заветнае месца. Кропак харчавання, якіх абяцаў зрабіць больш каардынатар фестывалю «Камяніца» Сяргей Чагрынец, таксама не хапала. То вада ненагрэтая, і гарбаты даводзілася чакаць паўгадзіны, а то і сорак хвілін, то страва скончыцца: купляйце бульбу ці шашлык.



Затое міліцыянтаў хапала з ліхвой. Яны ўвесь час былі перад вачыма: заглядаліся на дзяўчат, альбо нудзіліся ў баку. Да ўсяго, пасярэдзіне музейнай тэрыторыі на шляху да фестывальных сцэн зрабілі кантроль сумак, якога не было раней. Адкрываць заплечнік даводзілася кожны раз, калі падыходзіш да сцэны. Натуральна, адстаяўшы чаргу.



Адной з асноўных падзей першага дня “Камяніцы” стаў прагляд фільма “Гісторыя беларускай страўні”, зроблены Белвідэацэнтрам сумесна са страўняй “Камяніца”.

Фільм вельмі прыгожы, ну вельмі прыгожы. Важна, што ён пазнавальны, хоць і зроблены як навукова-папулярны”, — падзяліўся ўражаннямі з карэспандэнтам Naviny.by каардынатар фестываля, музыка Алег Хаменка. Таксама ён сказаў, што неўзабаве “кіно ўсё ж такі зальюць на YouTube. Канечне, хацелася б дзьве-тры часткі зрабіць, але ж вельмі хочацца паглядзець фільм ужо зараз. Думаю, што і беларускія каналы возьмуць з задавальненнем гэтую стужку, але ж ты разумееш, што амерыканскія баевікі, за якія нічога не трэба даваць, нашыя каналы бяруць больш ахвотна”.



Хэдлайнерам вечара быў беларускі гурт Shuma, які спалучае фолкавыя спевы з сучаснай электронікай. “Вельмі класна зайгралі! Руся і музыкі ў вельмі добрай форме. Яны ўжо даходзяць да той мяжы, калі колькасць перарасце ў якасць. Той час, калі каманда ідзе на ўздым. Дай Бог, каб так і было. Безумоўна, можна чакаць гурт на наступнай “Камяніцы”, каб толькі карта лягла”, — лічыць Хаменка.

У другі дзень фестывалю на галоўнай сцэне выступілі замежныя госці “Камяніцы” — гурты «Фолкнери» і «ДахаБраха» з Украіны, Orkiestra Sw.Mikolaja з Польшчы і Hvarna з Расіі. Беларускую музыку прадставілі гурты «Стары Ольса» і Guda. Хэдлайнерамі дня стаў беларускі гурт «Палац».



“Не хапае практыкі, таму наладка апаратуры робіцца звышмаруднай!”

Перад тым, як лідар “Палаца” Алег Хаменка выйшаў на сцэну не ў якасці вядучага, а як музыка, я распытала яго пра балючыя месцы сёлетняй “Камяніцы”.

“Хай фэст ацэньвае той, хто прыйшоў, — адзначыў Хаменка. — Для мяне гэта ўсё родненькае, усё балючае, усё перажытае, усё аднерваванае. Людзей вельмі шмат, нават больш, чым мы чакалі. Добра, што пашанцавала з надвор’ем”.

Адказваючы на пытанне, ці атрымаўся задуманы дыялог паміж малой і вялікай сцэнамі, якія сёлета было вырашана паставіць насупраць адна адной і граць папераменна, пазбавіўшыся паўз, Хаменка адзначыў: “Усё правільна мы зрабілі! У будучым малую сцэну трэба ўзмацняць, рабіць яе такой самай, як і вялікая. Я разумею, што гэта вымагае ўдвая большых рэсурсаў, а што рабіць? А калі раптам ізноў з надвор’ем пашанцуе? То трэба рабіць усё па поўнай праграме! Мэнэджмэнт не палепшыўся. Нас, тых, хто робіць “Камяніцу”, менш за дзесяць чалавек! Аднак нам трэба рухацца наперад. Я адчуваю, што мы ўжо здольныя. Абы настрой не згубіць, каб нас не падкасілі тыя цяжкасці, з якімі мы сутыкаемся".

Падчас выступаў як беларускія, так і замежныя музыкі былі незадаволеныя гукам. Гукарэжысёры ніяк не маглі справіцца з апаратурай.

“Ёсць праблема, якую трэба вырашаць. І музыканты клёвыя, і магчымасці клёвыя, але наша індустрыя, якая абслугоўвае фестывалі, забылася, што такое працаваць ўжывую, — распавядае Алег Хаменка. — Яны прывыклі ў лепшым выпадку мікрафон і магнітафон ставіць, а звычайна — проста магнітафон падлучаць і ўсё. А калі трэба нешта больш складанае наладзіць, гукавікі не могуць гэта аператыўна зрабіць. Яны, здаецца, і ведаюць, але не хапае практыкі.

Сёлетні фестываль яскрава паказвае, што наша фестывальная гукавая індустрыя на вельмі сціплым узроўні. Мы лепшых з лепшых выбіраем з усёй Беларусі, аднак практыка паказвае, што мы па ўзроўні наладкі апаратуры і гука не дацягваем нават да нашых паўднёвых суседзяў, я ўжо не гавару пра паўночных і туды далей… Апаратура добрая, мазгоў няма! Не хапае практыкі, таму наладка апаратуры і робіцца звышмаруднай, музыкі нервуюцца, гледачы незадаволеныя. Чым больш у нас будзе такіх фестываляў, тым лепшай будзе якасць гуку”.



Украінскі гурт “ДахаБраха”, якога ўсе вельмі чакалі і паслухаць які людзі прыехалі з розных куткоў Беларусі, замест гадзіны адыграў чатыры кампазіцыі. Затрымаліся папярэднія музыкі, наладжваючы гук, таму кіеўскія госці спазняліся на цягнік.

Хаменка адзначыў, што украінскія госці былі незадаволеныя якасцю гучання: “Яны не былі задаволеныя тым, як наладзіліся. Не былі задаволеныя гукам і нашыя сябры з Польшчы. Каб было іначай, то яны і больш бы паспявалі, але ў гэтым фармаце яны адыгралі столькі, колькі было трэба. Але я і сам хацеў бы, каб “ДахуБраху” яшчэ больш хацелі! У гурта вельмі класныя музыкі, спевы і мысленне высокага ўзроўню. А такая вось недамоўленасць, на мой погляд, спрыяе руху наперад: запросім іх на фестываль яшчэ і яшчэ — яны гэтага вартыя. Я ведаю, што яны пагадзяцца, бо сяброўскія зносіны выдатныя! Яны ведаюць, як мы выступаем, як мы працуем. Атрымалася так, як атрымалася. Канечне, усім нам хацелася, каб яны паспявалі даўжэй. Не ўсё залежыць ад нашага жадання, ёсць тэхнічныя рэчы”.

Калі Алег Хаменка з “Палацам” выйшаў на сцэну, ужо добра сцямнела. Прысутныя перасталі звяртаць ўвагу на няякасны гук і актыўна танчылі: ці то грэліся, бо было прахалодна, ці то “Палац” на тое і “Палац”, што на “ўра” успрымаецца пры любой якасці гука. Хаменка пытаўся са сцэны, ці адчуваецца, што ён нервуецца, на што прысутныя адказалі гучным “Так!”. Сюрпрызам фестываля стаў сумесны выступ “Палаца” з гуртом навучэнцаў музычнай школы “Рада” пад кіраўніцтвам Ірэны Катавіцкай.

Закрываючы “Камяніцу”, Хаменка пажадаў усім добра дабрацца дадому і выказаў спадзеў, што ў наступным годзе будзе яшчэ лепей.

Оценить материал:
Средний балл - 4.00 (всего оценок: 11)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...