Другие материалы рубрики «Культура»

  1. Виктор Казько получил премию Гедройца
    Помимо этого Казько награжден специальным призом по результатам читательского голосования...
  2. Золото Каннского кинофестиваля получил фильм о нелегальных эмигрантах
    И, в целом, главным триумфатором этого фестиваля стал французский кинематограф…


Культура

Рыгор Барадулін склаў слоўнік малой радзімы


Новая кніга эсэіста, перакладчыка, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «Вушацкі словазбор» рыхтуецца да выхаду ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Пра гэта БелаПАН паведаміла ўкладальніца кнігі Наталля Давыдзенка.

Рыгор Барадулін

Матэрыял для «Вушацкага словазбору» літаратар збіраў на працягу ўсяго свайго жыцця, расказала Давыдзенка.

«Школьнікам ён з простага сшытачка сшыў ніткамі сабе запісную кніжку і стаў запісваць туды словы. Потым, пакуль была жывая маці Акуліна Андрэеўна, цётка Марыя Рыгораўна, ён да іх прыязджаў і ўсё запісваў: іх мову, кожны выраз, нейкую прыказку — усё, што ад іх чуў», — зазначыла ўкладальніца кнігі.

Паводле яе слоў, Барадулін планаваў скласці слоўнік мовы сваіх родных мясцін (пасёлак Ушачы Віцебскай вобласці), дзе будуць змешчаныя словы ды іх тлумачэнні, аднак не мог гэтым грунтоўна заняцца з-за шматлікай іншай працы.

У выніку толькі амаль траціна сабранага для вушацкага слоўніка матэрыялу трапіла ў апошні том збору твораў Барадуліна, выдадзеных ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». «Словы, якія туды ўвайшлі, тлумачыліся выразамі жывога маўлення. Гэта была не навуковая, а больш паэтычная праца», — адзначыла яна.

У апошнія гады, паведаміла Давыдзенка, паэт даў ёй магчымасць папрацаваць з большасцю яго нататнікаў. Пасля скрупулёзнай працы ўкладальніца пабудавала тэматычную структуру будучай кнігі. Такім чынам, менавіта слоўнік вушацкай мовы — словы з прыкладамі — змясціўся ў першай частцы «Словазбору».

У другую частку кнігі пад назвай «Ізборнік» увайшлі прыказкі і прымаўкі, звычаі, замовы, стравы, лекаванні, трошкі прыпевак-прыскокаў. Апроч таго, у гэтую частку трапілі «прыгаваркі» — тое, што прыгаворваецца пры нейкіх дзеяннях, патлумачыла Давыдзенка.

Трэці раздзел «Гаваркое слова» змяшчае фразы жывой мовы, якія Барадулін пачуў ад мамы, цёткі ды іншых людзей.

«Ён запісваў усё, што хто-небудзь дзесь сказаў, а трэба было скласці па ўнутранаму зместу, бо гэта людзі расказвалі пра сваё жыццё. Пра мінулае, вайну, гаспадарку, дзяцей, святы, хатніх жывёлін, жыццёвыя здарэнні, пра старасць, хваробу і смерць», — адзначыла ўкладальніца.

«Колькі б я не чытала і не перачытвала, заўсёды ёсць адчуванне нечага дарагога, — адзначыла Давыдзенка. — Там ёсць такая паэзія... Гэтай паэтычнасцю працята сапраўднае жыццё, якое зафіксавана ў гэтых фразах».

Так, напрыклад, маці Барадуліна ўспамінае эпізод, калі скончылася Вушацкая блакада падчас Вялікай Айчыннай вайны. Бабуля, маці і маленькі Рыгор вярнуліся да падмурку сваёй згарэлай хаты. Бабуля недзе знайшла апалонік і сказала: «А можа будзе што есці, дык вось — палоўнічак». «Фраза кароткая, але дух зацінае, бо за гэтым — жыццё. Ці, напрыклад, «Пенсія малая — пальцам можна вымакаць», — дадала яна.

У выдавецтве «Беларускі кнігазбор» плануюць выдаць кнігу ў канцы кастрычніка.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 6)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Вельмі шкада, што, на маю думку, у Беларусі ніхто ніколі не спрабаваў скласці(захаваць) народныя назвы мясцін (балотаў,лясных,рачных участкаў і г.д.). Вельмі цікава у гістарычным і лінгвістычным сэнсах.