Канцэрт да 80-годдзя Рыгора Барадуліна адбудзецца 24 лютага ў Белдзяржфілармоніі
24 лютага споўнілася б 80 гадоў народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Адмыслова да юбілея лідар гурта Vuraj, саліст Белдзяржфілармоніі Сяржук Доўгушаў падрыхтаваў праграму народных песняў Вушаччыны — тых самых якія праз усё жыццё натхнялі дзядзьку Рыгора.
«Я не люблю разавых праектаў, аднак яшчэ на пахаванні Барадуліна я даў абяцанку, што зраблю канцэрт памяці дзядзькі Рыгора ў філармоніі. Пасля да мяне далучыліся іншыя музыкі, у выніку мы маем цэлую праграму з 15 песняў. Адразу пасля выступу мы паедзем запісваць праграму ў студыі, у лютым-сакавіку будзем праводзіць спеўныя сходы паводле песняў праекта, а пасля хочам правезці праграму па ўсёй краіне: такім чынам яшчэ раз нагадаць усім пра Рыгора Барадуліна», — распавёў Сяржук Доўгушаў.
Канцэрт памяці Рыгора Барадуліна адбудзецца 24 лютага ў малой залі Белдзяржфілармоніі. Пачатак а 19-й гадзіне.
У канцэрце бяруць удзел: Вячаслаў Пяцько — вершы, Сяржук Доўгушаў — спевы, дудкі, Яўген Курыльчык — баян, Лёня Паўлёнак — бубны, перкусія, Даша Трубіна — спевы, Стася Кузьміч — спевы.
Обсудим?