Другие материалы рубрики «Культура»
-
Дестини Чукуньере из Мальты стала победительницей детского «Евровидения-2015»
Исполнитель из Беларуси Руслан Асланов с песней «Волшебство» занял итоговое 4-е место. -
Детское «Евровидение-2015». Все участники
21 ноября в Софии состоится финал международного детского конкурса песни «Евровидение-2015». Беларусь будет представлять Руслан Асланов с композицией «Волшебство».
- Из музея в Вероне похищено 15 картин мастеров Возрождения
- Народному артисту Беларуси Александру Ткаченку сегодня исполняется 65 лет
- Арт-проект немого кино стартует в Витебске
- 100-летие творческого объединения «Уновис»: в Беларуси пройдет ряд культурных мероприятий
- Минкультуры: молодые авторы станут главными лауреатами Первой национальной премии в области изобразительного искусства
- Победитель детского «Евровидения-2015». Дестини Чукуньере — Not My Soul
- Фестиваль современной хореографии проходит в Витебске
- В Минске открылся арт-проект Жанны Капустниковой «Другія Дажынкі»
- Австралийский художник сделал для Минска белорусское граффити
- Группа «Мумий Тролль» представила в Минске свой новый альбом
Культура
Музэю Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка патрабуецца рамонт
На Мсціслаўшчыне, у вёсцы Малая Багацькаўка, больш за два дзясяткі гадоў існуе літаратурны музей Максіма Гарэцкага. Гэтая вёска — радзіма класіка беларускай літаратуры і грамадскага дзеяча, які загінуў у гады сталінскіх рэпрэсіяў. Якая яна вёска Гарэцкага, чым жывуць сёння яго землякі ды ці не забыты музей?
Малая Багацькаўка памірае. Тут дажываюць свой век адны пенсіянэры. У восеньскую пару ў вёсцы сум. На вуліцы ні душы. Сядзібы без прыгляду зарастаюць кустоўем і пустазеллем.
Сям-там у зьдзічэлых садах вытыркаюцца рэбры аголеных дахаў сялянскіх хат. У больш-менш дагледжаных дварах яшчэ цепліцца жыццё.
У васьмідзесяцігадовай гаспадыні адной з такіх хат пытаю, ці памятае яна Гарэцкіх і што чула пра аднаго зь іх — Максіма. Пра род Гарэцкіх суразмоўніца шмат ня ведае. Пра Максіма Гарэцкага кажа па-простаму: «Відаць, ён харошы быў чалавек».
«Праз яго нам і дарогу праклалі. А жылі яны там, дзе цяпер музей. Там іхная хата стаяла. Дзякуючы яму мы хоць жыццё ўбачылі. Тут гразка было. Не даехаць. Трактар наймалі, каб выехаць на асфальт. Дужа цяжка было. А цяпер, дзетухна, слава богу. Толькі жыць няма каму. Засталося толькі сем чалавек, і тыя адзіночкі. Хто ўдавец, а хто ўдава».
На пытанне, ці цяжкое жыццё ў вёсцы, якая вымірае, суразмоўніца, вызваляючы ад посуду месца, каб госць сеў, адказвае: дзеці ды ўнукі дапамагаюць.
«Хату пафарбавалі. Абкасілі навокал. Лаўка да нас прыязджае два разы на тыдзень. Тады збіраемся ўсёй вёскай разам. Пенсію плацяць у час. Усё добра. Толькі здароўя няма. Жыццё сканчаецца. Каб толькі ціха ў нас было. Колькі людзей цяпер гіне. Як наглядзішся ды расхвалюешся…»
Літаратурны музей Максіма Гарэцкага — філіял мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея. Ён пасярод вёскі. Насупраць невялікі пляц. Сюды пад’язджае аўталаўка. Тут і паштовыя скрынкі ўсіх жыхароў Малой Багацькаўкі.
Музей адкрылі ў 1993 годзе. Гэта звычайная сялянская хата, падзеленая калідорам на дзве палавіны. У адной — экспазіцыя пра творчы і жыццёвы шлях Максіма Гарэцкага і яго блізкіх. Другая палова хаты этнаграфічная — перадае абстаноўку сялянскага побыту, у якім жылі Гарэцкія.
Усярэдзіне музей дагледжаны. Усё тут па-простаму. Някідкія, але інфарматыўныя экспанаты, нефарбаваная падлога. Экскурсіі — на беларускай мове.
«Я калі пачынаю экскурсію, дык кажу, што Максім Гарэцкі — гэта наш беларускі пісьменнік, таму гаварыць пра яго я буду на беларускай мове. Праблемаў не было з гэтым. У нас жа і беларускія школы ёсць, і расейскія, але там жа беларускую мову выкладаюць. Таму ведаюць школьнікі мову. Найбольш школьнікаў цікавіць этнаграфічная частка музе. Там — наша печка беларуская», — кажа загадчыца музе Марыя Пляшкова.
Паводле яе, музей Гарэцкага не застаецца без наведнікаў. Сюды рэгулярна прыязджаюць на экскурсіі школьнікі і неабыякавыя да беларускай культуры людзі.
Суразмоўніца адзначае, што ў літаратурнай частцы музея наведнікі часцей за ўсё спыняюцца каля стэнду аб зняволенні пісьменніка і ягонай смерці. На адно пытанне Марыя Аляксандраўна ня можа адказаць пэўна — як загінуў пісьменнік.
«Заўжды задаюць пытанні, чаму на стэндзе два пасведчанні аб смерці. Я адказваю, як і вам — ня ведаю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, Максім Гарэцкі расстраляны. А паводле неафіцыйнай — кровазліццё ў мозг. Памёр у Комі АССР у 46 год».
Звонку музей вымагае рамонту. Некаторыя бярвенні спарахнелі ды зацьвілі. Багата якія патачыў шашаль.
На працягу апошніх пяці год музеем апякуюцца актывісты Таварыства беларускай мовы з Магілёва ды Дрыбіна. У мінулую нядзелю яны наведаліся ў Малую Багацькаўку, каб дапамагчы падрыхтаваць музей да зімы.
«Літаратурны музей даволі далёка ад Магілёва, — кажа старшыня магілёўскай суполкі Таварыства беларускай мовы Алег Дз'ячкоў. — Сюды нязручна езьдзць. Наша арганізацыя невялікая, але мы ўзялі шэфства над музеем. Ён занядбаны, на вялікі жаль. Наша праца — дробязь: падлогу памыць, пыл працерці. На могілках прыбраць. Яшчэ пару гадоў, і гэтай вёскі ня будзе. А вось літаратурны музей мусіць застацца, бо Гарэцкі ня проста пісьменнік. Гэта класік. Пачынальнік сучаснай беларускай літаратуры».
«Не было б Гарэцкага, і, відаць, нашай дзяржаўнасці не было б, — дадае тэбээмавец. — А сёлета, пагатоў, яшчэ юбілей брата Максіма Гарэцкага — Гаўрылы. А пра яго ў нас так ніхто і не згадаў як след. Ён жа стаў самым маладым акадэмікам. Выбітная асоба. Адзін з пачынальнікаў беларускай навукі».
На вясковых могілках пахаваныя маці і бацька Гарэцкіх — Ахрасіння Міхайлаўна і Іван Кузьміч.
З медальёна на невялікім абеліску яны глядзяць, як памірае іхная вёска. Недзе ля хаты-музея пахаваная каса сястры Максіма Гарэцкага — Ганны. Ганна трагічна загінула маладой у Маскве. Там жа і пахавана.
Вяртаючыся з кладоў, завітаў да гаспадыні яшчэ адной сядзібы. Назвалася яна Галінай Васільеўнай. На пытанне, ці вялікая была Малая Багацькаўка, кабета адказала: сорак двароў. «У кожным было па карове, а то і па дзве, — згадала яна. — А потым старыя пачалі выміраць, а моладзь ня хоча заставацца ў калгасе. З'язджае».
Апавёўшы пра мясцовае жыццё, пра музей, пра дэлегацыі, якія наведваюць яго, паскардзілася журналісту на работнікаў раёну, якія, паводле яе, зламалі стары калодзеж.
«Гэты калодзеж дужа каштоўны, — заявіла вяскоўка. — Ён з таго часу, як жыў яшчэ наш пісьменнік Гарэцкі. І зламалі яго. Над калодзежам была вага жураўлём. Яе знялі і паставілі круцёлку. Вы як журналіст мо зробіце што, каб вярнулі ўсё на месца. Гэты калодзеж — рэліквія музея. А дзе ты старой накруцішся гэтай круцёлкай».
«Хацелі зусім гэты калодзеж знесці, — абураецца старая, — дык я села ля яго і кажу работнікам: «Закапайце мяне ля яго». Так і не дала знесці».
На адным з фатаздымкаў у музеі сапраўды калодзеж з журавом. Загадчыца музе кажа: прыбралі такі патрэбны старым падважнік, калі яе не было на працы. Прыгадала, што нямала было ахвотных сфатаграфавацца побач са студняю з рэдкім для наваколля журавом, які застаўся з часоў, калі жыў Максім Гарэцкі.
В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева