Выбарчыя баталіі ў Магілёве. Збіральнік подпісаў вінаваціць сваіх канкурэнтаў у парушэнні закону
Прафсаюзны актывіст з Магілёва заяўляе, што ў падтрымку галоўнага інжынера «Хімвалакна» збіраюць подпісы ў працоўны час на працоўных месцах.
Прафсаюзны актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі заяўляе, што ў падтрымку вылучэнца на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў галоўнага інжынера акцыянернага таварыства «Хімвалакно» Пятра Салаўёва збіраюць подпісы ў працоўны час на працоўных месцах.
Аляксей Паўлоўскі. Фота «Наш Магілёў»
Прафсаюзнік кажа, што на незаконныя дзеянні сяброў ініцыятыўнай групы Салаўёва яму паскардзіліся працаўнікі прадпрыемства. Сам Пётр Салаўёў адмаўляе абвінавачванні Паўлоўскага.
Паўлоўскі збірае подпісы за канкурэнтку галоўнага інжынера «Хімвалакна» вылучэнку ад кампаніі «Гавары праўду» Аксану Закрэўскую. Сябра яе ініцыятыўнай групы кажа, што падчас абыходу кватэраў яму і расказалі, як працаўнікоў падпісваюць за начальства. Паўлоўскаму, як ён кажа, назвалі імёны збіральнікаў подпісаў, якія парушылі выбарчую працэдуру.
«Яны збіралі подпісы ў працоўны час на працоўных месцах і выхваляліся, што за 150 подпісаў ім дадуць па два дні адгулу і прэмію. У гэтым я ўгледжваю парушэнне выбарчага заканадаўства», — кажа Паўлоўскі.
«Многія працаўнікі прадпрыемства, з якімі я меў стасункі, калі збіраў подпісы, добра выказваліся пра Салаўёва, але ўсё роўна сябры ягонай групы парушаюць закон. Зразумела, што ён, па ўсім відаць, ужо прызначаны дэпутат, але навошта тады ісці на парушэнні? У ягонай ініцыятыўнай групы ёсць магчымасць праводзіць пікеты, хадзіць па кватэрах».
Аляксей Паўлоўскі не выключае, што будзе скардзіцца на канкурэнта Закрэўскай, але дадае, што напэўна на ягоны зварот прыйдзе адпіска: факт не пацвердзіўся.
Пётр Салаўёў у тэлефоннай гутарцы з журналістам заявіў, што звесткі Паўлоўскага — выдумка.
Пётр Салаўёў. Фота «Трудовая слава»
«Ніхто з сяброў маёй ініцыятыўнай групы ў працоўны час па цэхах ня ходзіць. Я сам праводзіў арганізацыйную сустрэчу з ініцыятыўнай групай. Ніякіх прэміяў і адгулаў ніхто не абяцаў. Ініцыятыўная група збірае подпісы ў непрацоўны час на тэрыторыі выбарчай акругі, ходзячы па кватэрах», — сказаў вылучэнец на дэпутацтва.
Аксана Закрэўская не выключае, што наведае кватэры, дзе Паўлоўскаму паведамілі пра факт парушэння выбарчага заканадаўства сябрамі ініцыятыўнай групы канкурэнта. Яна, аднак, сумняваецца, што працаўнікі «Хімвалакна» пагодзяцца пацвердзіць дакументальна тое, што сказалі Паўлоўскаму.
Аксана Закрэўская. Фота «Наш Магілёў»
Тое, што за Салаўёва збіраюць подпісы, ходзячы па кватэрах, Аксана Закрэўская пацвярджае. Днямі, кажа яна, збіральнікі подпісаў за канкурэнта наведвалі дом, у якім яна жыве.
Обсудим?