Мнения других авторов
- 19.03 // 14:16 Марат Афанасьев. ТАЛАКА. Платим двойной тариф и двойные налоги. Как это сделано? // Статья
- 18.03 // 19:00 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Подготовка к жесткой посадке // Статья
- 17.03 // 13:57 Владимир Ковалкин. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Хватит планировать в стиле «пол-палец-потолок» // Статья
- 16.03 // 10:31 Игорь Драко. СТРАСТИ. Какую часть туши русского медведя съест Беларусь? // Статья
- 15.03 // 11:20 Дмитрий Маркушевский. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Достучаться до небес // Статья
Другие Мнения этого автора
- 04.09 // 10:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Антыблогер // Статья
- 27.08 // 10:52 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. 50 // Статья
- 19.08 // 11:11 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыя двухногіх зэдлікаў // Статья
- 12.08 // 11:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Зямля пад крыламі хімеры // Статья
- 05.08 // 11:27 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Краіна хакераў // Статья
Мнение
Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Новы сантымэтар
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
Бянтэжыць ня тое, што ў нас усё зьмяняецца, а тое, як. Толькі на маім вяку ўсё, што ні рабілася навокал, адпавядала першапачатковаму сэнсу расейскага слова «безобразие» — гэта значыць, адсутнасьць вобразу. Быццам архітэктары, беручыся за перабудову і «благаўстройства» нейкага гарадзкога кварталу, не хадзілі вакол аб’екта, ня ўзважвалі, як усё будзе выглядаць адтуль і вунь з таго месца, як будуць «граць» перапады ляндшафту са старымі дрэвамі і навабудам. Чысьціня і парадак — рэчы, напэўна, добрыя, але найважнейшыя за ўсё яны ў войску, у зоне, у пекле. У раі пануе творчы беспарадак. І рай вабіць нас вобразамі — як прастора вызваленых душ.
Я так і не зразумеў, навошта Круглая плошча ў сталіцы, на якой я вырас, стала авальнай. Для машын? Ці — чаму ў Мазыры паруйнавалі горы. Для машын? Альбо — дзеля чаго на старым Віленскім тракце зразаюць высокія ўчасткі дарогі і засыпаюць гэтую зямлю ў нізкія. Для машын?..
Пару дзён таму зайшла ў нас з прыяцелем гаворка пра кансэрватызм. У беларусаў гэтая штука праяўляецца ў той частцы істоты, дзе яны самі нічога з гэтым зрабіць ня могуць. У неўсьвядомленым. Ну хоць ты трэсьні, а не выкараняецца гэтае цьвёрдае «ч». Ён ужо такі «русский», што нават са знакам якасьці, а ўсё адно «щ» у яго не выходзіць. Далібог, тыя ж французы ды іншыя заходнеэўрапейцы ў сваім неўсьвядомленым больш гнуткія што да цывілізацыйных зьменаў. Меншыя за нас кансэрватары. Узяць, напрыклад, аднаполае каханьне ці эўтаназію, ня кажучы пра сьмяротнае пакараньне. Гэта тыя сфэры, дзе законы прымаюцца кансэнсусам душ і адчуваньняў, а ня лёгікай галавы. Бо чалавек ня ведае зададзенасьці свайго існаваньня і пра ўсё, што тычыцца каханьня і сьмерці, мяркуе паводле банальнага «падабаецца — не падабаецца». У нас тое самае. Толькі нашы дэпутаты ў гэтых праблемах адсталі ад французаў гадоў на сто. Што значыць, у гэтым скліканьні, — назаўжды. У іх на эўтаназію — каб проста пагаварыць, што гэта такое — ніводзін рэцэптар не адгукнецца. «А зачэм?!» Ну і сьмяротнае пакараньне, само сабой, «нада аставіць». Народ не гатоў.
Беларускі ультракансэрватызм, які нашы продкі яшчэ ў сярэднявеччы сфармулявалі жорсткім прынцыпам «Старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць», і сёньня сядзіць у нашых касьцях. Але не ў мазгах.
Што да кансэрватызму ў плоскасьці ўсьвядомленага, у сфэры быту, у галіне дзейнасьці — тут усё наадварот. У французаў — сартраўскі шапік, у нас — плошча круглая-авальная. Мітусьлівая думка коўзаецца па плоскасьці, спараджаючы ўсё новыя і новыя «безобразия».
Вось вам 90-гадовы юбілей БНР. Французы з такой нагоды ўчыняюць парад і ўсеагульнае сьвята. Бо гаворка ідзе пра пункт адліку сучаснай дзяржаўнасьці і незалежнасьці. У нас жа ня тое, што не сьвяткуюць афіцыйна, але ловяць кайф ад разбурэньня канстантаў і нізьвядзеньня аўтарытэтаў, змагаюцца з паняткамі мэтралёгіі, аспрэчваюць сантымэтар. У нас цяпер могуць і Гітлера падхваліць, і Мураўёва-вешальніка. А то ўсёй ёрніцкай браціяй наваляцца на яшчэ ўчора самага чытанага пісьменьніка Караткевіча ці яшчэ ўчора нацыянальнага героя Каліноўскага. Словам, чым больш «усё наадварот», тым лепш. І не са зла гэта робіцца, а ад збытку кансэрватызму ў касьцях і недахопу яго ў галаве. Не ламай тое, чаго не будаваў — здаецца, зразумелы прынцып. Але ў нас гэтаму ня вучаць ні ў школах, ні ў цэрквах, ні ў тэлевізары.
БНР — гэта стандарт сучаснай незалежнай беларускай дзяржавы. Ідэал, гэта значыць, эталён, з дапамогай якога мы можам вывяраць БССР ці РБ — наколькі яны сучасныя, незалежныя і беларускія. Як у матэматыцы, дзе ніхто не аспрэчвае даўжыню сантымэтра, так і ў нашай нацыянальнай матэматыцы панятак БНР — гэта парамэтры кожнага дзяржаўнага ўтварэньня, што ўзьнікла як вынік БНР. Ня важна — як працяг яе ці насуперак ёй. Важна, што ўсе іншыя фармацыі другасныя пасьля БНР і адносна яе. І вось, здавалася б, маем найкаштоўнейшую прыладу. Уявіце сабе, як сарваўся з месца чалавечы прагрэс, калі зьявілася першая лінарка з першымі сантымэтрамі. І як можа рушыць наперад наш дзяржаўны і нацыянальны прагрэс з такой прыладаю ў руках.
Але падводзіць нас гэты брак кансэрватызму ў думках. Вось нехта дэманстратыўна ламае лінарку, а нехта пачынае похапкам маляваць «новы сантымэтар». Занятак гэты, вядома, творчы, але своеасаблівы. Нездарма нашы далёкія продкі зьмяшчалі такіх вынаходнікаў сантымэтраў у паселішчы, дзе ў назве часьцяком было слова «новы». Ці то ў Навабеліцы ў Гомелі, ці то ў Навінках у Менску, ці то ў тэрытарыяльна страчанай Новай Вільні.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии