Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»

Другие Мнения этого автора



Мнение

Адам Глобус. PLAY.BY. Бар


Адам Глобус
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў.

У нашым мястэчку дзеці любілі маляваць. Так бывае: нехта са старэйшых распачне справу, а малодшыя падхопяць тое пачынанне. Пакуль Віця Мілько не купіў алейныя фарбы, нікому і ў галаву не прыходзіла сесці і маляваць дзеля ўласнага задавальнення. Віця прывёз з Менску фарбы ў свінцовых цюбіках і на кардоне напісаў рэчку Рудзіцу і кусты алешніку над вадою. Усе хадзілі паглядзець на сапраўдную бліскучую карціну. Нават дарослыя хвалілі нашага Віцю Мілько. Ну і мы ўсе адзін за адным панабывалі розныя фарбы і пачалі пэцкаць паперу. Мы малявалі і паказвалі адзін адному свае шматколерныя мары. Толік Кісель намаляваў вялікі баравік у зялёнай траве. Вова Савіч напісаў сухую рыбіну. Толік Александровіч акварэллю напісаў залатыя яблыкі. Тады Віця Мілько зрабіў шэдэўр, ён намаляваў бар.

Такія бары мы бачылі адно ў замежных кінастужках. Герой ішоў па вуліцы, бачыў шыльду з надпісам BAR, заходзіў, павольна аглядаў памяшканне, падыходзіў да доўгай стойкі, сядаў на высокае крэсла, ставіў локці на стойку… Мяне заўсёды ўражваў момант з локцямі. У нас нельга было ставіць локці на стол, калі ясі. А там, у бары, герой абавязкова ставіў локаць на стойку. Герой ставіў локці на стойку і замаўляў віскі. Ліслівы барман імгненна напаўняў чарку да краёў. Знарочыста запракінуўшы голаў, герой куляў чарку і прасіў паўтарыць. Звычайны кінаштамп. Гэта цяпер ён звычайны, а тады, калі ніякіх бараў у нас не было, сцэна з барнай стойкаю ўсіх нас зачароўвала. Мы любілі яблыкі, грыбы, рэчку з рыбаю… Мы ўсё гэта любілі і малявалі, але яшчэ нам хацелася ў бар. Віця Мілько намаляваў нашую запаветную мару, нашага героя.

Хлопчыкі мараць як хутчэй вырасці і стаць дарослымі мужчынамі. І мы марылі вырасці як найхутчэй. Мы жадалі вырасці, жадалі пайсці па вуліцы, жадалі ўбачыць шыльду з надпісам BAR, зайсці ў цемнаватае памяшканне поўнае тытунёвага дыму… Як жа ж нам хацелася паставіць локці на стойку і замовіць сабе віскі… А колькі нас такіх хлопчыкаў было? Колькі нас было ў вялікай імперыі, якая кантралявала 75% сушы на Зямлі і не мела ніводнага сапраўднага бара з віскі ды содавай? Добра, пра содавую можна забыць. А пра віскі ў бары варта яшчэ сказаць колькі словаў.

Хлопчыкі выраслі, сталі мужчынамі, хлапечыя мары здзейсніліся, бары ў нас на кожным кроку. Можна ісці па вуліцы, можна ўбачыць шыльду з надпісам БАР, зайсці ў яго, паставіць локаць на стол і замовіць у ліслівага бармана віскі. І так можна рабіць шматкроць, можна штодня заходзіць у бар і замаўляць выпіўку. Мужчыны заходзяць і замаўляюць. Барманы наліваюць чаркі і шклянкі да краяёў. Мара здзейснілася. Мара нашага дзяцінства стала рэальнасцю. Толькі радасці ў тым здзяйсненні мала. Стоячы каля бара «Сняжынка», мне падумалася, што ўсе спраўджаныя мары выглядаюць пачварна. Жудасна выглядаюць рэалізаваныя мары, так мне падумалася.

Ну дзе, скажы ты мне, у рэальным бары можна пабачыць героя, які кульнуўшы чарку віскі пойдзе змагацца за справядлівасць, ці пойдзе ваяваць з пачвараю і вызваляць з палону прыгажуню? У рэальным бары такіх няма. У бары «Сняжынка» дакладна няма і ніколі не было ніводнага героя. У рэальным бары п’янтосы і мухі.

Малюнак Адама Глобуса

А нашы хлопчыкі? Што стала з нашымі местачковымі хлопчыкамі, якія так любілі маляваць? Наш Віця Мілько памёр, ён жа быў самы старэйшы. Прыйшла ягоная чарга… Ён адзіны з нас, хто па-сапраўднаму любіў бар. Ён памёр, светлая яму памяць. Можаш выпіць у бары за ягоную чыстую душу. Толік Кісель, які маляваў баравік, стаў святаром. Вова Савіч, які пісаў акварэллю падсушаных падлешчыкаў, цяпер старшыня саюзу мастакоў. Толя Александровіч усё яшчэ малюе залатыя яблыкі ў розных часопісах і дзіцячых кніжках.

Ты думаеш, што я паўтаруся і яшчэ раз скажу табе, што ўсе рэалізаваныя мары выглядаюць паскудна. Не паўтаруся, бо я зайду ў свой любімы барселонскі бар QU-QU, сяду на высокае крэсла і, паставіўшы локаць на стойку, зраблю замову — каву без цукру.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева