Мнения других авторов
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
Другие Мнения этого автора
- 04.09 // 10:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Антыблогер // Статья
- 27.08 // 10:52 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. 50 // Статья
- 19.08 // 11:11 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыя двухногіх зэдлікаў // Статья
- 12.08 // 11:48 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Зямля пад крыламі хімеры // Статья
- 05.08 // 11:27 Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Краіна хакераў // Статья
Мнение
Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Сюр
Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама». |
Усё гэта ніяк не назавеш па-беларуску “сьвятам” – ад сьвятасьці. Самі арганізатары называюць гэта па-руску “празьнікам” – ад празнасьці. Ад пустаты.
Сюр вырываецца з мастацтва ў жыцьцё менавіта ў тых месцах, дзе для яго ёсьць месца – дзе празнасьць і пустата.
Мы дасягнулі незалежнасьці, мы пабудавалі сваю дзяржаву – кажуць выступоўцы. Толькі ня ведаем, навошта нам гэта ўсё патрэбна, – спрабую я працягнуць іх інтанацыю. Мы ня ўмеем гэта ўсё напоўніць нейкім талковым зьместам. Дзяржаўнасьць наша – полая. Мы напіхваем яе нейкімі ашмёткамі 1930-х, 1950-х гадоў, “да сьвіданья, наш ласкавый Міша”, балет з аўтаматамі, слабое падабенства кімірсэнаўскіх мазаік з чалавечых цел... І ўвесь гэты “зьмест” назаўтра ж зьнікае ў пустаце. Не затрымліваецца. Ну чаму не сваё й ня сёньняшняе? Чаму абавязкова нейкае савецкае кіно з калгасным шчасьцем і энкавэдэшным энтузіязмам, абавязкова з “ворагамі нашай краіны”. Як калісьці – бітвы за ўраджай, на фронце вучобы, на рубяжах пяцігодак, з верагодным праціўнікам... Усё стаіць не на міры, а на вайне. Гэта значыць, на хлусьні.
Я яшчэ падумаў – хто б гэта, апроч рэпарцёра з прапагандысцкага каналу, у 20-градусны мароз ноччу на голых бетонных плітах пасярод сталіцы ўзяўся пагартаць сабе порначасопіс? Ні нармальны чалавек, ні вар’ят да такога занятку ня дойдзе. Тут павінен быць нехта трэці. Яго задача – паказаць моладзь з Плошчы, што ўсёй душой прагне канца застою, у выварачаным сьвятле. І пачынаецца сюр. Сьмецьце і сьмерць – не разьбярэш.
Жанчынка, якой 4 ліпеня бомбай разарвала нагу, казала, што больш за ўсё яе ўразіла тое, што нага баліць, а канцэрт працягваецца. Вядома, яна не падумала, што канцэрт не спыняюць, каб не было панікі. У яе іншая думка мільганула – а можа, яе разарваная нага – частка мерапрыемства? Можа, так і патрэбна? Вось і прэзідэнт тут. Ну, напрыклад, ставіцца фрагмент інцэніроўкі вызваленьня Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў... Яшчэ адзін празьнічны сюр-прыз...
Не, усё ж такі тут – эфект прывыканьня. Бо ў 1999-м, калі падушыліся ў метро, нікому такія думкі ў галаву не прыходзілі. Тады таксама валяліся сярод сьмецьця зьнявечаныя целы, але карэспандэнта з порначасопісамі яшчэ не было. Ён зьявіўся на Плошчы ў 2006-м. І цяпер мы ведаем, што... Дакладней, ня ведаем, а, як тая жанчынка, здагадваемся, што ўсё гэта, вядома, страшна, але, магчыма, так і задумана. І ніколі не даведаемся – кім.
Сто разоў паўтораную аналітыкамі версію пра тое, што выбух учыніла ўлада, ні разу ніхто рашуча не абвергнуў. У ток-шоў “Выбар” большасьць гледачоў адказалі, што спраўцы злачынства – “беларускія экстрэмісты”. Напэўна, людзі ведаюць, хто гэта такія. Я ня ведаю. Бомбы ў нас кідалі Ігнат Грынявіцкі і Канстанцін Заслонаў... А можа, гэта Станіслаў Шушкевіч? Але ж ён “украў” скрыню цьвікоў, а ня гаек...
Самае страшнае, што эфект прывыканьня будзе спрацоўваць і далей. Пакуль ахвяраў выстаўляюць злачынцамі, а за іншадумства б’юць у твар. Усе версіі здарэння складваюцца ў сюррэалістычныя кампазіцыі і зьнікаюць у пустаце. Назаўжды.
І не відаць гэтаму сюру канца. Хоць, на маю думку, зьмяніць сітуацыю магчыма. Пасяліце ў людзях любоў адзін да аднога замест зашуганае нянавісьці да ўсіх на сьвеце. І ня будзе вам выбухаў. Перастаньце дзяліць тыпы твару на славянскі і іншыя. І ня будзе вам выбухаў. Дайце тым, хто рэальна ведае і любіць Беларусь, напоўніць яе дзяржаўнасьць нармальным беларускім зьместам. І ня будзе вам выбухаў. З сюрам трэба канчаць. Ну, і з порначасопісамі таксама. Для поўнай перамогі над тэрарызмам.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии