Мнения других авторов
- 29.03 // 12:54 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Брюсу Бакнеллу — мы помним Будапештский меморандум. А вы? // Статья
- 28.03 // 12:46 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю // Статья
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
Другие Мнения этого автора
- 11.10 // 14:12 Адам Глобус. PLAY.BY. Чэлес // Статья
- 06.09 // 14:29 Адам Глобус. PLAY.BY. Падарожнік і дамасед // Статья
- 30.08 // 14:27 Адам Глобус. PLAY.BY. Месцы // Статья
- 23.08 // 12:59 Адам Глобус. PLAY.BY. Рэха вайны // Статья
- 16.08 // 09:47 Адам Глобус.PLAY.BY. Зацьменні // Статья
Мнение
Адам Глобус. PLAY.BY. Тэрарыст
Адзін ідзе на свята, каб паглядзець, другі ідзе на тое ж свята, каб сябе паказаць.
Адам Глобус. Літаратар, мастак і выдавец. Напісаў двадцаць аўтарскіх кніжак паэзіі і прозы, найбольш вядомыя сярод их — «Парк», «Койданава», «Толькі не гавары маёй маме» і «Дамавікамерон». Ягоныя вершы і апавяданні перакладаліся на асноўныя мовы свету і на такія экзатычныя, як асецінская ды каталонская. Сёлета ў Маскве выйшлі выбраныя творы Глобуса ў зборніку пад назваю «Лирика BY». Нягледзячы на ўсё гэта, кажа, што добрых жанчын у яго было больш, чым добрых вершаў. |
За незалежнасць трэба плаціць! Крывёю! Усе народы плоцяць крывёю за сваю незалежнасць. Беларусы не выключэнне. Плацілі, плоцім і будзем плаціць за сваю свабоду жыццямі і крывёю.
Нікому незалежнасць Беларусі, акром саміх беларусаў, не патрэбна. Ніякіх ілюзіяў на гэты конт у нас даўно няма. Прынамсі ў тых, хто мысліць цвяроза. Адстойваць нашую незалежнасць давядзецца не адзін раз. Ці падрыхтаваны мы да змагання, да барацьбы і да вайны, калі тое спатрэбіцца? Скажу шчыра, не падрыхтаваны.
Нават тэрарыстычную атаку, што адбылася на Дзень незалежнасці, шмат хто ўспрыняў як выпадковасць і хуліганства. Няўжо паўсотні параненых яшчэ замала, каб задумацца над бяспекаю беларускай дзяржавы?
Адкінуўшы пафас, я распавяду сваю гісторыю пра знаёмства з тэрарыстам. Мой асабісты вопыт у стасунках з тэрорам досыць малы, але ён ёсць.
Я ведаў толькі аднаго праўдзівага чылійскага тэрарыста. Звалі яго Карлас. У свае пятнаццаць гадоў ён падклаў бомбу ў аўтобус. Загінулі чатыры чалавекі.
Карлас уцёк з Чылі, жыў у Парыжы, пакуль тагачасныя піначэтаўскія ўлады не абвясцілі яго ў міжнародны вышук. З Францыі Карлас перабраўся ва Ўсходні Берлін, адтуль прыехаў у Маскву, а з Масквы перахаваўся ў Менск. У Беларусі Карлас працягнуў вучобу ў медыцынскім інстытуце.
Да нас, у майстэрню акадэміі мастацтваў, яго прывёў мой аднакурснік Гена. Ён паабяцаў Карласу напісаць ягоны параднае палатно, партрэт сапраўднага змагара і рэвалюцыянера. Карлас даволі сур’ёзна паставіўся да пазіравання, і гадзінамі сядзеў у майстэрні. Пра што мы толькі з ім не перагаварылі…
Свае погляды Карлас не хаваў. Ён быў перакананым камуністам, ён верыў у перманентную рэвалюцыю, верыў у перамогу камуністычнай ідэалогіі ва ўсім свеце. Спрачацца з ім было цяжка, бо адна справа — чытаць працы Леніна, як я, на занудлівых занятках па навуковаму камунізму, а іншая рэч — чытаць іх, як Карлас, хаваючыся і перахоўваючыся на явачных кватэрах. Усіх, хто крытычна выказваўся пра дыктатуру пралетарыяту, Карлас адразу залічваў у фашысты.
«Ты не прымаеш дыктатуру пралетарыяту, значыць ты — фашыст, і можаш ісці да Піначэта і пачысціць яму боты…» Ісці да Піначэта ў мяне жадання не было, і чысціць боты дыктатару я не збіраўся, але і пагаджацца на дыктатуру пралетарыяту жадання не ўзнікала. Калі ўжо і разглядаць гісторыю з класавым падыходам, дык сялянка з сярпом мяне больш вабіла, чым пралетар са сваім малатком.
Карлас, чыё дзяцінства прайшло ў аўтарамонтнай майстэрні, не хацеў нават чуць пра роўнасць пралетарыяў з сялянамі. Непахіснасць Карласа мяне засмучала. Я не мог зразумець чалавека, які прынёс бомбу ў сваю аўтарамонтную майстэрню, у свой аўтапарк.
«Яны не павінны былі выходзіць на працу! Мы дамовіліся на забастоўку! А яны — штрэйкбрэхеры, здрадзілі і выйшлі! Яны прадалі нас, яны прадалі свой народ, яны заслужылі смерць. Я паклаў бомбу ў аўтобус, якім кіраваў штрэйкбрэхер, у аўтобусе ехалі штрэйкбрэхеры, здраднікі. Я іх узарваў, і я не шкадую пра зробленае. Мы яшчэ вернемся ў Чылі! Ты паглядзіш, як мы вернемся ў Чылі і будзем судзіць Піначэта!»
Я не верыў, што Карлас вернецца на радзіму, і што Піначэта, які аддаваў загады аб катаваннях людзей на стадыёнах, нехта некалі будзе судзіць. Тады Карлас, каб развеяць маё нявер’е, запрасіў мяне на чылійскае свята.
На тое свята я мусіў прыйсці з карцінамі, і не проста з карцінамі, а з карцінамі рэвалюцыйнымі. Я панамалёўваў рэвалюцыянераў з паходнямі, панамалёўваў іх у экспрэсіўнай стылістыцы Давіда Сікейраса, таго самага Сікейраса, які здзяйсняў тэрарыстычную акцыю забойства Троцкага. Ён страляў у Троцкага праз сцяну з буйнакалібернага кулямёта. Страляў, але не пацэліў, тым разам Давід Троцкі застаўся жыць, а Давід Сікейрас вярнуўся да сваіх рэвалюцыйных сценапісаў, з ягоных сценапісаў, дарэчы, і пачалася хваля татальнага графітызма.
Карлас замовіў мне вялізныя рэвалюцыйныя малюнкі, і я іх зрабіў, за што атрымаў дзве бутэлькі сухога чырвонага віна і магчымасць папрысутнічаць на свяце ў чылійскай абшчыне. Мы танчылі, спявалі, весяліліся…
Ва ўсёй гэтай карнавальнай, але вельмі змрочнай гісторыі пра маё знаёмства з тэрарыстам Карласам ёсць толькі адна пазітыўная дэталь: Карлас вывучыўся на доктара і стаў працаваць гінеколагам.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии