Мнения других авторов
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
Мнение
Паўлюк Канавальчык. BY. Мы – аграбеларусы...
Паўлюк Канавальчык. Журналіст, відэа-экспэрымэнтатар. Сузаснавальнік і галоўны рэдактар газэты “Навінкі” (1998-2003). Адзін з раданачальнікаў г.зв. “ненарматыўнай журналістыкі”. Пасьля закрыцьця газэты займаецца экспэрымэнтамі на памежжы мас-мэдыяў і відэа-арту. Прадусар незалежнай студыі “Navinki Home Video”. |
Неяк сустрэўся з адным сябруком пасьля нечага дня народзінаў.
— Як адгулялі? – пытаюся.
— Супер! – кажа той у захапленьні, – поўны аграгарадок!
Давялося нешта мне апошнім часам нямала парасьсякаць прасторы нашай неабсяжнай сінявокай Бацькаўшчыны. Што ні кажы, але рэгіянальная палітыка кіраўніка дзяржавы дае свой плён. Квітнее родная краіна. Асабліва райцэнтры. Асабліва тыя, па якіх пракаціліся слынныя “Дажынкі” рознакалібернага маштабу – сьвята аграрыя. Наўсьцяж чыстыя брукаваныя вуліцы, рознакаляровыя дамкі, афарбаваны шыфер, помнікі архітэктуры, пакрытыя ў гонар сьвята металачарапіцай... І, вядома ж, “сайдзінг”, якім жыхары сяла цяпер закладаюць ня толькі ўласныя старыя хаціны, але й прыбіральні. Тыя, што на двары.
Быцьцё вызначае сьвядомасьць, як казаў аднойчы класік. Адзін мой знаёмца паставіў ладны новенькі зруб. Чытай, помнік спрадвечным каштоўнасьцям. “Чым аздабляць зьбіраесься, – пытаюся, – так пакінеш (ціпа, модна – аўт.) ці вагонкай (традыцыйна – аўт.)?”. Той паглядзеў на мяне як на вар’ята. “Як чэм? Сайдзінгам канешна!” Я абамлеў. “А як жа экалагічнасьць і ўсё такое?” – паспрабаваў быў пацікавіцца ў знаёмага. Той з усяго прыстойнага што мог сказаць, выдаў: “Ну так красіва жэ!”
Гэты самы “сайдзінг” стаецца сёньня своеасаблівым сімвалам няўрымсьлівай “мадэрнізацыі” беларускага грамадзтва, якая пранікае ўва ўсе ягоныя поры. Галоўнае, каб было “красіва”. Ня важна, што ўнутры ўсё тое ж самае, і што прыбіральня ўсё там жа. На двары.
Магчыма, нехта з гарадзкіх снобаў зь ліку мінскачоў сталічных грэбліва выцісьне: “О, калхозьнікі!” Аднак мы жывем у эпоху палітычнай карэктнасьці. У часы, калі ўся краіна урбанізуецца, пакрываючыся аграгарадкамі, збудаванымі з “сайдзінгу”, уцепленыя “ізоверам” ды крытыя “андулінам”. Таму не прыстала інцелягентным людзям выкарыстоўваць слоўцы кшталту “калхоз”, “дзярэўня”, “лапаць” ды таму падобныя рудыменты той, неда-мадэрнізаванай эпохі “запаведніку камунізму”, калі нават член Акадэміі навук БССР і ўцяміць ня мог што такое “сайдзінг”.
Не, не “калхозьнік” – аграбеларус. І гаворыць ён не на “трасянцы”, як прыдумалі некалі “эці сьвядомыя”, а на чысьцюткім аграбеларускім языку.
Будзьце пільныя: прыстаўка “агра-” тут зусім не азначае непасрэдную прыналежнасьць да сельскагаспадарчай вытворчасьці. Наадварот, у Беларусі доля гарадзкога насельніцтва сягае пад 80 адсоткаў, а паводле паказчыкаў урбанізацыі мы знаходзімся на першых радках у Еўропе, пакінуўшы ззаду тую ж Польшчу з Літвой. “Агра-” – гэта хутчэй мэнтальная характарыстыка нашага шматпакутнага народу, зь якога бадай дзьве траціны – гараджане ў першым, радзей другім пакаленьні. І пакуль нешматлікія гарадзкія інцелягенты едуць у этнаграфічныя экспэдыцыі па народную аўтэнтыку, сам народ паспаліты нібыта індзейцы цягнецца да ўсяго бліскучага, “красівага”.
Варта зазначыць, што мы даўно ўсе жывем з гэтай прыстаўкай “агра-”. Гэта ня тое, што добра ці дрэнна. Гэта стыль такі, накшталт “соц-” (рэалізм), “поп-” (арт), “контр-” (культура) і г.д. А ў нас – “агра-”.
Для прыкладу, беларускі “шоўбізнэс” такі не таму, што дзяржава патрануе розных недарэкаў, выкідваючы шалёныя грошы, каб пазмагацца за першыя месцы на якім “Еўрабачаньні” або “Славянскім Базары”. Не! Гэта ўсё адмыслова, усё пралічана. Таму што гэта – агра-шоўбіз. Выглядае па-багатаму дый робіцца з размахам.
Беларускае тэлебачаньне такое не таму, што адтуль павычышчалі сумленных прафесіяналаў. Кіньцеся! Гэта – прафесійнае агра-TV. Пакуль дзесьці за Каўкаскім хрыбтом грукоча вайна, у нас топ-навіна – бітва за ўраджай зернавых. Або, па-сучаснаму, аграрная аперацыя па прымушэньні ўраджаю да збору і абмалоту.
Беларуская палітыка такая не таму, што нейкая там дыктатура чмырыць нейкую там апазіцыю. Зноў-ткі ўсё проста: існуе звычайная агра-апазіцыя, якая ялозіцца з нармальнай агра-дыктатурай. Бач, палітвязьні на волі, выбары нібыта ідуць, відзімасьць змаганьня ёсьць.
Далей-болей. Гэты сьпіс пры жаданьні можна працягваць бясконца: агра-панк, агра-трэш, агра-эма, агра-эр-эн-бі, агра-кіч урэшце...
Усё ў нас такое не таму, што мы нейкія не такія, а таму, што гэта – нашыя агра-рэалізм, агра-поп і агра-культура. З “сайдзінгам” на фасадах.
Карацей, поўны аграгарадок.
(захавана аўтарская арфаграфія)
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии