Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Нацыя паэтаў

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Тое, што кожны ў нас схільны рыфмануць, а ў школе вершы пішуць павальна ўсе, што рэдакцыі газэт асаджаюць натоўпы вершапісцаў — гэта добра ці дрэнна? Што беларусы сярод суседзяў вылучаюцца як нацыя паэтаў – гэта наш плюс ці наша праблема ці загана?

Напрыклад, узьнікаюць цяжкасьці з эўраінтэграцыяй. Калі анталёгію беларускай паэзіі зьбіраюцца выдаць на якой-небудзь эўрапейскай мове (а паэтаў звычайна перакладаюць паэты), дык ня могуць адшукаць сярод сваіх дастатковую колькасьць тых, хто мог бы рыфмаваныя вершы ўсіх нашых перакласьці адпаведным чынам. Ну, не рыфмуюць на Захадзе паэзію. І гэта ня добра, ня дрэнна, так ёсьць. Хоць адзін мой прыяцель сьцьвярджае, што версіфікаваць, ня ўмеючы рыфмаваць, — тое самае, што маляваць абстракцыі, не спазнаўшы асноваў малюнку, інакш кажучы — непрафэсіяналізм.

У нас таксама хапае верлібрыстаў, чые вершы насамрэч і ня вершы ніякія, а звычайныя празаічныя імпрэсіі. Але асноўная маса вершапісцаў у Беларусі – рыфмуе. А на Захадзе – даўно ўжо не.

Як тут разьбярэш, што гэта – адсталасьць ці праўдзівае валоданьне рамяством? Натуральна, хочацца думаць, што гэта традыцыя. І што ў гэтым дрэннага? Хіба гэта не ўзбагачае нас і не вылучае па-свойму сярод іншых?

У нас дагэтуль жыве такі паэтычны жанр, як народная паэзія. Гэта значыць, без разьліку на публікацыю, а для свайго кола і пра сваё жыцьцё. Так калісьці пісаў і Багушэвіч. Не дзеля высокай эстэтыкі, а таму, што простыя чалавечыя клопаты, калі іх немудрагеліста зарыфмаваць, раптам набываюць і глыбокі філязофскі сэнс і свой праўдзівы зьмест – ці то камічны, ці то трагічны.

У мінулую суботу мне надарылася патрапіць у адну надта далёкую ад цэнтраў беларускую вёску – на паэтычнае сьвята. Ушаноўвалі 125-я ўгодкі свайго земляка паэта Янкі Быліны. (Тое, што вы ўпершыню чуеце ягонае імя, лішні раз падкрэсьлівае, што ўсіх творцаў нацыі паэтаў ведаць проста немагчыма.)

Самае большае, што мяне ўразіла, гэта ўзрост тых, хто сабраўся на сьвята – ад васьмі да васьмідзесяці. Яны выходзілі перад астатнімі й па чарзе чыталі вершы, сьпявалі песьні. На зьмену спрацаванай вясковай бабулі, якая выконвала жорсткі раманс і якой падпявалі ўсе астатнія, выйшаў белабрысы хлопчык гадоў дзесяці. Ён чытаў верш сваёй прабабкі, які тая прысьвяціла Янку Быліну. Твар ягоны быў па-мужчынску сур’ёзны, чытаньне выразным, а характар упартым – ён быццам упіраўся ілбом у нябачную перашкоду, выштурхоўваючы зь сябе рыфму за рыфмай.

Неверагоднае адзінства людзей усіх узростаў з адной вёскі, занятых і прасякнутых адной справай – паэзіяй – захоплівала і такіх, як я, гасьцей. Сяляне чыталі вершы так і з такім агульным настроем, нібы разам – старыя й малыя – выбіралі бульбу ці грэблі сена. Паэзія была ў іх як талака, як любая іншая важная вясковая работа.

Гэтая гісторыя ўнікальная, больш я з такім не сутыкаўся. Але паўсюль – ад мяжы да мяжы – сутыкаўся з рыфмамі.

Нацыя паэтаў дае пра сябе знаць і на самой мяжы – як ні на якой іншай мяжы ў сьвеце. Як надоечы, калі да мяне падышла беларуская памежніца ў зялёнай форме, але пры тым – з клюбнай фрызурай і макіяжам, з манікюрам — сантамэтар ад пальца, у мініспадніцы і на абцасах. (Валера, які сядзеў справа ад мяне, сказаў, што КПП – гэта пра яе: Каралева Памежнага Пераходу.) Яна праверыла багажнік маёй “субару” і, аддаючы пашпарт, сходу прамовіла: “Ад субару няма навару”. Маўляў, гэтая марка не папулярная ў перагоншчыкаў. І ўсьміхнулася. Мне нічога не заставалася, як усьміхнуцца ёй у адказ. Хоць у словы яе я не паверыў. Бо што зь іх возьмеш – паэзія.

Паэзія тым і адрозьніваецца ад прозы жыцьця, што яна, высокая, — гэта размова з Богам. Вось і думай – добра ці дрэнна тое, што мы – нацыя паэтаў. Ці жыцьцё ў рыфму – гэта толькі гульня ў жыцьцё, ці тое, што робіць нас, зямных, адначасова і жыхарамі неба?

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева