Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Абавязаная Беларусь

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама».

Калі-небудзь гэтая гісторыя стане прадметам сораму афіцыйнага Менску, а можа быць, справа дойдзе й да трыбуналу. Так адбудзецца, калі ў панятку “нацыянальныя інтарэсы” першае слова таксама пачне што-небудзь значыць.

У сярэдзіне лістапада ў недзяржаўных СМІ зьявілася інфармацыя са спасылкай на агенцтва REGNUM пра тое, што некалькі раёнаў Бранскай вобласьці Расеі просяць прыняць іх у склад Беларусі. Ані расшыфроўкі – якія раёны й якім чынам просяць, ані далейшага разьвіцьця гэтая гісторыя ня мела. Усё, што можна вышкрабсьці са скупога паведамленьня – што гэта былі народныя сходы і што рашэньне прымалі мясцовыя саветы.

Верагодна, гаворка ідзе пра чарговую спробу жыхароў Краснагорскага раёну аднавіць гістарычную справядлівасьць. Краснагорцы здаўна, яшчэ з савецкіх часоў патрабуюць, каб іх вярнулі ў Беларусь. Але як тады, так, тым больш, і цяпер гэтыя патрабаваньні натыкаюцца на недаўменьне Масквы (што натуральна) і глухату афіцыйнага Менску, што, на маю думку, не натуральна зусім.

Беларусь — адзіная краіна-пераможца ў другой сусьветнай вайне, якая “перамагла” са стратамі сваёй этнічнай тэрыторыі, і сёньня, на нашых вачах, гэтая драма набліжаецца да свайго апошняга акту. Ужыліся ў новую рэальнасьць беларусы Чарнігаўшчыны, Беласточчыны, Віленшчыны, Дзьвіншчыны, прапалі кудысьці смаленскія і вось цяпер – “даходзяць” самыя ўпартыя, бранскія.

Вядома, усё залежыць ад пункту гледжаньня. Аддзяленьне Косава па-рознаму выглядае з Косава і зь Бялграду, і з самога Косава яно выглядае па-рознаму, калі ты албанец і калі серб. Пасьля Косава Расея прапанавала не трымацца за тэрытарыяльную цэласнасьць, а глядзець на перадзел сьвету па-справядлівасьці. Аднак хто б сумняваўся, што справядлівае толькі тое, што выгадна табе.

Незалежнасьць Цхінвалі па-рознаму выглядае з Масквы і з Тбілісі. Масква патрабуе ад Менску прызнаць незалежнасьць Асеціі, Менск цягне час і нічога не тлумачыць, бо, верагодна, ня мае свайго пункту гледжаньня. У кожным разе – навошта нам сварыцца з Грузіяй дзеля прыхамаці Масквы?

Літоўскае насельніцтва Гервяцкага краю (Астравецкі раён) не патрабуе далучыць яго да Літвы. Узровень жыцьця збольшага той самы, ёсьць літоўская школа, дом культуры, рэгулярны аўтобус да Вільні, а галоўнае – увага й падтрымка з боку “мэтраполіі”. Таму жывуць як ёсьць.

У краснагорцаў таксама некалі была беларуская школа. Толькі ўвагі не было. А самае істотнае, што ў параўнаньні з суседнімі раёнамі Беларусі яны – Богам забыты край сьвету, паселішчы якога асуджаныя на зьнікненьне. З Масквы іх не відаць.

З Масквы нават наш Магілёў – захалуснае мястэчка. Адна гераіня расейскага шоў-бізнэсу, родам з Магілёва, нядаўна так і сказала – я з маленькага правінцыйнага гарадка Магілёва, гэта ў Беларусі, там усяго 450 тысяч.

Гэта наш Магілёў – правінцыйны гарадок? Вядома, усё залежыць ад пункту гледжаньня. Праўда, ёсьць і аб’ектыўныя паказчыкі. Што мы ведаем пра мільённую Самару? Зь іншага боку, сталіца Літвы Вільня — крыху больш за 500 тысяч, што не замінае ёй стаць на наступны год культурнай сталіцай Эўропы. Альбо сталіца ЗША Вашынгтон — 650 тысяч. Што не замінае мець там свой мэтрапалітэн.

Бранскія беларусы шлюць нам S.O.S., бо ў ролі расейскай глыбінкі ня маюць пэрспэктывы. Яны проста перастаюць існаваць. Калі вам даводзілася вандраваць па той бок беларуска-расейскай мяжы, вы маглі пераканацца, які гэта бязьлюдны зьдзічэлы край.

Дзіўна, што наша палітычная апазыцыя, нават самыя “нацыяналісты”, зрэагавалі на чарговы S.O.S. гэтаксама, як і наш “прамаскоўскі рэжым”, гэта значыць — ніяк. А між тым у любой нармальнай краіне гэтая тэма адразу стала б першапалоснай. І зусім не як праява рэваншызму, а як праява нацыянальнае салідарнасьці. Калі беларусы Браншчыны просяцца дадому, значыць, ім кепска і шукаць паратунку, апроч як у суродзічаў, ім няма дзе. Хіба яны заслугоўваюць горшае долі, чым асеціны з двума пашпартамі ў кішэні?

Дапусьцім за савецкім часам Беларусь дэ факта не была суб’ектам міжнароднага права, і тэрыторыю рэспублікі фармавалі ў Маскве. То адрэжуць Смаленск, то прырэжуць Гомель (называлася – узбуйненьне) Але сёньня Беларусь — суб’ект, гэта значыць, яе роля ў гісторыі з бранскімі сваякамі можа ацэньвацца і кваліфікавацца як маральна, так і юрыдычна.

Добра калі на Беласточчыне дзеці Бацькаўшчыны накормленыя і патрапляюць самаарганізавацца. Таксама, дарэчы, падкідышы, але хоць у добрыя сем’і. А
тут? Тут гісторыя больш нагадвае сюжэт пра дзетак, кінутых нерадзівымі бацькамі, для якіх у новым дэкрэце Прэзыдэнта нават тэрмін прыдуманы – “абавязаныя бацькі”.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 3)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Дзякуй. Але ж, каб яна легка гуглiлася, нiхто б не пытауся...
  • Не разумею настойлівых просьбаў даць спысылку. Інфармацыя гугліцца. Яе перадрукавалі ці ня ўсе недзяржаўныя СМІ. Першакрыніца, як я разумею, вось: http://www.regnum.ru/news/1081921.html
  • Этот престиж вормируется из СМИ. Когда лукашенко "ставили на место" по ОРГ транслировали его цитаты, прославляющие Гитлера. этот "престиж" "велик" у тех, кто знает о этой модели понаслышке. ведь тяжело даже представить, что слова и дело - постоянно не одно и то же. и что враньё может быть образом жизни.... лукавой.
  • вы читать умеете? автор пишет, что Красногорцы хотят чтоб их вернули в Беларусь (причем как я понимаю не людей, а территорию) и потом автор добавляет что не понимает глухоту властей Беларуси по этому вопросу ... т.е. автор хочет чтоб власти прислушались к просьбе вернуть территорию в состав Беларуси ... или вы опять скажете что это не так? ну и почему вы скромно упустили вторую цитату ... про Осетию и паспорта ... эта цитата вроде однозначно показывают позицию автора по отторжению территории у России ...
  • Якога факта? Няма спасылкi, няма факта. Фармальна можна лiчыць, што аутар выдае жадаемае за сапрауднасць, i гэта можа даць падставу абвiнавацiць яго у распальваннi канфлiкту. Хаця, я асабiста гатова i паверыць ...
  • Мне чамусьцi таксама гэта асацыяцыя бачыцца. .