Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Сяргей Дубавец. СВАБОДА. Дні сыходзяць, дні прыходзяць, дні лятуць...

 

Сяргей Дубавец. Пісьменнік, журналіст, выдавец. Нарадзіўся ў 1959 годзе ў Мазыры. Пісаў усё жыццё, шмат і ва ўсіх жанрах, пераважна — у палемічным. Выдаў некалькі кніг эсэістыкі і прозы. Асноўная тэма творчасці — шуканне ўласнае тоеснасці беларуса ў сваёй краіне і ў свеце, у гісторыі і ў космасе. Быў рэдактарам газет «Свабода» (1990) і «Наша Ніва» (1991). З 1997 мае на Радыё Свабода аўтарскую перадачу «Вострая Брама» . 
 

Калі ня стала Найвялікшага Пэсыміста, здаецца, нічога не зьмянілася. Мы як жылі ў застылым часе, так і працягвалі жыць са сваімі застылымі ўяўленьнямі й ідэаламі, якія ў застыласьці даўно ператварыліся ў стэрэатыпы й адвальваліся кавалкамі без тлумачэньняў, быццам цагліны ад сьцяны — ад старасьці...

Акцыі на Дзень Канстытуцыі (15 сакавіка — больш не праводзіцца), Дзень Волі, супраць Саюзу Беларусі й Расеі (2 красавіка — больш не праводзіцца), Чарнобыльскі Шлях, Дзень Працы, Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасьці (27 ліпеня — гатовы больш не праводзіцца), Дзяды...

Некалі яны зьбіралі дзясяткі тысяч удзельнікаў. Сёньня, бывае, не выходзіць і сотні.

Калі ня стала Найвялікшага Аптыміста, здалося, што зноў зацікаў гадзіньнік і што зьмяніўся Час. Часы ўвогуле мяняюцца, калі сыходзяць Пэсыміст і Аптыміст — два полюсы свайго часу: змрочны й сьветлы, недаступны й адкрыты, маўклівы й гаманкі. Паміж імі — усе астатнія і ўсе наогул каштоўнасьці й ідэалы — тыя, што перажываюць зьмену часоў, і тыя, што не.

Нашы героі прыйшлі да нас здалёку. Адзін з акопаў вайны, другі з партызанскага лесу. Яны былі поўнай супрацьлегласьцю адзін аднаго, але пры тым — дзецьмі свайго часу. Гэта толькі здаецца, што ты можаш сесьці й паехаць па ўсім сьвеце, набыць што хочаш, што хочаш адшукаць у інтэрнэце, і ад таго ў тваім часе няма той вайны, Сталіна, шасьцідзясятнікаў, застою... Насамрэч гэта ўсё яшчэ ТОЙ час. Быў. Пакуль не сышлі ягоныя Пэсыміст і Аптыміст.

Што будзе цяпер? Зірнем у каляндар. Новы час яшчэ не пачаўся, але ўжо сёньня можна разважыць, што ў яго пяройдзе са старога.

Кепска, што ў паласу міжэпошша й ідэйнага авітамінозу народ увайшоў з аслабленым нацыянальным імунітэтам. А пігулкі Дня Волі зноў зьбіраюцца выдаваць толькі выбраным і толькі па рэцэптах. Ці ж можна лічыць усенароднай палеміку пра бангалор-небангалор, да якой пакуль што зводзіцца ўвесь вобраз сёлетняга Дня? А ў адказ улада зноў кажа пра «апазыцыйны Дзень Волі». Ну зноў нехта з нацыянальнымі сьцягамі выйдзе не туды, будзе бойка, кагосьці пасадзяць... Якое гэта мае дачыненьне да пачаткаў беларускае дзяржаўнасьці й ідэалаў незалежнасьці Беларусі? Зразумела, што прыдумаць нешта новае, пазытыўнае й прымальнае для ўсіх нашмат цяжэй, чым зрабіць карцінку разгону «групы радыкалаў». Варта было б згадаць, што летась пра каштоўнасьці БНР упершыню і «зусім нечакана» загаварылі афіцыёзныя СМІ. Здаецца, яшчэ крыху, і яны ўспрымуць гэтае сьвята дзяржаўнасьці як сваё. А там пра гісторыю й ідэалы незалежнасьці даведаюцца мільёны беларусаў. Можа быць, варта ўбудоўвацца ў гэты працэс нацыянальнае асьветы — са сваімі ведамі й акцэнтамі?..

Сёлета вырашыцца лёс Чарнобыльскага Шляху. Калісьці гэта была ледзьве не галоўная акцыя году. Яна нарадзілася акурат паміж полюсамі Пэсыміста й Аптыміста з актыўным удзелам іхнага сябра Алеся Адамовіча. І сэнс яе быў ясны й празрысты. Але, як напісаў у сваёй кнізе Аптыміст, час прытупляе боль, застаецца адно горыч.

Горыч — не стваральнае пачуцьцё. З горычы атрымліваецца дурны патас. Патас Болю, які мы бачылі на шэсьцях колішніх гадоў, быў магутны, ён аб’ядноўваў народ. Патас горычы мае адваротны эфэкт. «Яны ідуць, мабыць, ім гэта трэба». Першапрычыны схаваныя туманам забыцьця. А ў зьвязку з плянамі будаўніцтва новай АЭС Чарнобыльскі Шлях выглядаў бы сёньня гіпэртрафаваным пратэстам. Тым больш, што многія — «за» новую АЭС «з гледзішча эканамічнай мэтазгоднасьці». Можа быць, Шлях ужо належыць гісторыі? Таму часу, дзе ён выглядаў дарэчна? Таму, які сышоў?

Ідэя новай АЭС патрабуе грамадзкага паразуменьня й нейкага новага аб’яднаньня народу. І тут чым больш радыкальны будзе пратэст, тым большая верагоднасьць, што ўлада ў аднабаковым парадку збудуе станцыю там і так, як задумала. А вы сабе ваюйце-змагайцеся невядома за што. Калі ж у чарнобыльскі дзень спэцыялісты прадставяць на грамадзкі агляд уласную праграму або крытыку, дзе будуць рэальныя аргумэнты й факты пра тое, напрыклад, што АЭС нельга будаваць там і там, так і гэтак, тымі й тымі сіламі, — гэты матэрыял ня пройдзе міма ўвагі ўлады. І тады ўся справа — у сіле аргумэнтаў.

Усё адно гэтая станцыя, калі яе збудуюць, перажыве ўсіх нас разам з нашымі грамадзкімі распадзеламі. Таму канфрантацыя ў справе АЭС для Беларусі — стратная. А Чарнобыльскі Шлях сёньня быў бы знакам такой канфрантацыі — мэханічна паўтораным шаржам на колішнія вялікія шэсьці. Усяму свой час.

Новы час, нібы гэтая раньняя вясна, яшчэ толькі пазначае сваю прысутнасьць. Напэўна, і каляндар ён дапоўніць новымі значнымі Днямі, якія знойдуць сваё месца сярод тых, ужо выпрабаваных не адной зьменаю часоў, тых, што яднаюць нас усіх у марах або ў смутку. Галоўнымі, мабыць, застануцца Дзень Сьвятла — Дзень Волі і Дзень Прасьвятленьня — Дзяды, якія ў Менску і па ўсёй Беларусі трывала зьнітаваныя з прыходам у месцы масавых рэпрэсіяў змрочнае пары.

Найвялікшага Аптыміста ня стала сёлета напярэдадні Дня Сьвятога Валянціна. Гэта дакладная дата завяршэньня папярэдняе эпохі. Запомніць яе будзе лёгка, бо Дзень Сьвятога Валянціна ў нас яшчэ толькі набірае сілу новай традыцыі.

 


 

* Дні сыходзяць, дні прыходзяць, дні лятуць... — радок з папулярнай песьні.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева