Мнения других авторов
- 30.03 // 12:45 Игорь Драко. СТРАСТИ. Бабий бунт, или Подиум для кандидаток // Статья
- 29.03 // 12:54 Владимир Подгол. МЕЖДУ СТРОК. Брюсу Бакнеллу — мы помним Будапештский меморандум. А вы? // Статья
- 28.03 // 12:46 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Як інвестыцыі закапваюцца ў зямлю // Статья
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
Мнение
Яна Санько. ОЙ. Клятва Герастрата
Яна Санько. Аўтар блытанага жж і дзясяткаў пар рукавічак з чалавечага воласа. Спіць да абеда, перманентна плануе набыць ровар. Марыць пра батут, але няма куды паставіць. Многа вучыцца ў розных установах. Праклінае педпрактыку, перадае прывет маме, тату і ўсім знаёмым. |
— Канешне. Бачыш у руіне шклопакет — значыць, рэстаўрацыю пачалі.
Размашыстая рэстаўрацыя замяніла бліскучыя лядовыя палацы і таямнічы дзэн перакладвання пліткі-костачкі. Што было першым? Здаецца, пафарбавалі Мір у ружовы і разнеслі Нясвіж. Нядаўна ўзяліся за Лошыцу, абяцаюць палепшыць Каложу і мноства іншых прыўкрасных зменаў. Мікашэвіцкі завод зробіць выдатную новенькую плінфу. Магчыма, і праўда лягчэй, танней і нават весялей разабраць будынак на часткі, а потым сабраць новы. У міжнароднай практыцы так непрынята, там ці не асноўнай каштоўнасцю помніка лічыцца аўтэнтычнасць, але ці будзе нам указваць нейкая міжнародная практыка? Ці не ў канструктар «Лега» гуляюць усе гэтыя добрыя людзі?
Тут мала рацыянальнага. Відавочна, няма такога цыркуляра ці інструкцыі, што загадваў бы планамерна фальсіфікаваць помнікі гісторыі і культуры з мэтай мемарыялізацыі пэўных «пустых знакаў». Але шторазу акты пяшчотнага вандалізму на дзяржаўным роўні атачаюцца рыторыкай аховы культурнай спадчыны. Акрамя відавочнай прагматыкі ад агромных будаўнічых праектаў, тут відаць і пэўны механізм дачыненняў са сведчаннямі мінулага. І менавіта з-за яго мясцовыя архітэктары перакананыя, што знос гістарычных будынкаў на вуліцы Рэвалюцыйнай і пабудова на іх месцы комплекса са шкла і бетону «у стылі класіцызму» пад назвай «Успамін пра Нямігу» — аптымальнае рашэнне для еўрапейскай сталіцы.
Хаця б частка любой экскурсіі на Беларусі ўтрымлівае абавязковае паломніцтва да нейкіх пустых месцаў. Пустых у тым сэнсе, што на іх нешта вельмі выразна Было (школа, бровар, царква ўрэшце), яго знеслі, але месца не перастала быць памятным, яно засталося такім за кошт адсутнасці чагосьці. Напрыклад, экскурсія па Заслаўі: «на гэтым месцы ў нас быў фантан, але ён абсыпаўся, перастаў біць, усё зраўнялі, паклалі плітку-костачку, каб нязменна зазначаць, што тут быў фантан, але абсыпаўся, перастаў біць ігд. У попа была собака. Беларус заўсёды прыходзіць на зялёны луг, вытоптвае ўсе кветкі, разганяе німфаў, выдзірае ў коранем старажытны дуб, загяняе ў зямлю спевы ручая, пракладае лінію метро, а потым прысаджвайцца на бардзюр і расказвае: тут былі луг, кветачкі, пчолачкі, спевы ручая і пракаветны дуб, але зараз усяго гэтага няма, люлі-люлі, нічога няма. Мемарыялізацыя адсутнасці становіцца інструментам для нагрувашчвання фрустрацыяў у маштабе цэлай краіны.
Што ўвогуле такое помнік? Такі статус як бы прызнае, што аб’ект можа расказаць і наглядна паказаць нам тое, чаго мы самі не зразумеем, не даведаемся. І любая ахоўная дзейнасць у гэтай сферы нагадвае спробу ўтрымаць рукамі Сцылу і Харыбду, якія няўхільна сутыкнуцца. Усё адно ўсё разваліцца, і мы самі развалімся — вось што наглядна дэманструе разваленая панская стайня, нават не занесеная ў рэестр помнікаў. Але пакуль яна стаіць на месцы, яна яшчэ гаворыць: нешта было. Было! З іншага боку, старанны гід заўсёды накрые цябе інфармацыйнай хваляй: стагодзямі тут былі розныя людзі, бегалі па садзе з ліхтарыкамі ці гладзілі сабачак. Радзівілы гладзілі сабачку, а цяпер тут санаторый і бялізна на вяроўках вісіць. А скора і гэта зменіцца. Афігець! Плынь часу, смяротнасць матэрыі. Відаць, прыблізна таму мае сэнс кансерваваць, захоўваць, ахоўваць, хаця гэты бок справы не заўсёды відаць за турыстычным кічам і прафанацыяй.
Але беларускі рэстаўратар будуе новыя аб’екты, аддалена падобныя да ранейшых. З ягоных цёплых рук мы ўсе атрымліваем такое засвоенае, ручное, сённяшняе «мінулае». Нібы з кожнай трэшчыны ў старым муры дзьме нейкі вусцішны метафізічны вецер і нагадвае пра нешта вельмі нядобрае. Напэўна і нагадвае. Старыя стылі сплаўляюцца ў вачох удзячнай публікі ва «ўсякія барока» і выклікаюць непаразуменне, дыскамфорт, асабліва калі яны абшарпаныя, неахайныя, брудныя. Ну і вырашаюць упарадкаваць, канешне. Гэта своеасаблівы спосаб вырасціць вечна юны, нічым не заклапочаны горад-сад. У нейкім сэнсе ідэальны беларускі горад — Салігорск. Ён не бесхарактарны: ёсць шахторы, тэрыконы, характэрная гапата. Але поўная адсутнасць старажытнасцяў, бо горад пабудаваны пасля вайны. Жыхары Салігорска чыстыя і нявінныя, як дзеці: яны не маўчалі, калі нешта руйнавалі. У іх проста нічога не руйнавалі, бо не было чаго. Гэта вельмі беларускі спосаб зняць напружанне вакол «усякіх барока» — адмовіцца ад іх зусім альбо зрабіць ужо зусім «не барока». Скараціць узроставую дыстанцыю паміж сабой і аб’ектам. Сайдынг на цэрквы, шклопакеты ў палацы, эўраразеткі ў фрэскі. Гэта форма засваення, аўтограф на слядах мінулага. Таму што стары палац гучна заяўляе пра сваю прыналежнасць да іншага вымярэння, сваю нясённяшнясць. А беларус адказвае: ну не, цяпер ты толькі мой! Бывае, чалавек сыходзіць, імкліва знікае, пакідаючы пасля сябе ланцужок слядоў (панчоха, памада, пантофля). Ад беларуса неяк ярка і скандальна пайшлі гістарычныя эпохі. Так сыходзяць любімыя жанчыны, не сказаўшы ўласна не слова, як іх разумець і як быць далей. Мінулае нічога не паведамляе беларусу, акрамя яскравай сваёй адсутнасці ў сённяшнім дні.
«Мы тут былі» — кпліва гавораць партрэты Радзівілаў. Якія б ні папярэднічалі гэтаму культурныя траўмы, сёння беларус не разумее, што за партрэт і чаму ён мае правы.
«Нічога не ведаю, тут цяпер я!» — адказвае дзеяннем беларус, нібы ўсім месца не хопіць, і трэба выбіраць: людзі ці помнікі. Мой палац, мая вуліца, мой дом — усё новенькае, рамантаванае.
Відавочна, калісьці кожная з ўладаў тут узялася кіраваць гістарычнай памяццю, як гэта робіць любая ўлада. І кожная неяк густа перастаралася. Сёння гаворка ідзе пра тое, што парк культурных каштоўнасцяў хутка будзе безнадзейна абноўлены. Такім чынам, перспектыва беларускага праекту — апынуцца неверагодна велічным музеем адсутнасці, музеем пустых месцаў, якія (галасамі састарэлых дысідэнтаў) змогуць толькі расказаць пра тое, чым яны былі раней. У гэтым нават нешта ёсць.
Здаецца, трэба яшчэ сказаць, што ж нам усім рабіць. Не ўяўляю. Беларускае грамадства такое інфантыльнае і недалюбленае, здорава было б на яго прыкрыкнуць, як на дзіця: пакладзі на месца, не чапай. Гэта дарагія цацкі, і палову з іх мы пераламалі ўжо.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии