Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Як з дарослымі


Аляксей Стрэльнікаў. 25 год. Тэатральны аглядальнік.
Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

Мне пашчасціла трапіць на кінафестываль. У невялічкім мясцечку Джыффоні-Вале-П'яна, што каля Салерна, вось ужо амаль 40 год праходзіць фестываль фільмаў для дзяцей, у журы якога засядаюць дзеці з усяго свету. Ад іншых падобных фестываляў "Giffoni-Experience" адрозніваецца масавасцю. Дзяцей у фестывалі ўдзельнічае каля дзвюх тысячаў, прадстаўляюць яны сорак краін. Галоўныя прызы выбіраюцца агульным галасаваннем. Дзе яшчэ знойдзеш такі багаты матэрыял для назіранняў за такой цікавай і складанай з'явай, як дзіцячая аўдыторыя. У нас тут модна нядаўна было разважаць: ці патрэбны культпаходы? Дык вось вам цэлы тыдзень бясконцых культпаходаў. Як гэта адбываецца ў ніх? Да таго ж мне падалася незвычайнай тэма, якую арганізатары выбралі для размовы з дзецьмі: табу.

Да знакамітага патрабавання Станіслаўскага, што для дзяцей ставіць трэба як для дарослых, толькі лепш, тут падышлі з іншага боку: значыцца і патрабаваць ад дзіцячай аўдыторыі можна столькі ж, як ад самай адказнай дарослай. У выніку на працягу тыдня размова з дзецьмі была жорсткай: у рэдкім фільме ніхто не памёр, гвалт, сэкс і брыдкаслоўе былі фонам любой дзеі, а дамінавала тэма самазабойства. Каротка раскажу, як тэма табу ўзнялася ў двух вельмі характэрных фільмах...

Больш усіх узнагарод сабраў фільм рэжысёра Дэвіда Лі Мілера з красамоўнай назвай "Мой суіцыд" ("My suicide"). Як казалі ў кулуарах, амерыканскія прадусары і дыстрыб'ютары проста адмаўляліся працаваць з гэтай кінакарцінай. Фільм як раз пра тое. Глядач не столькі разбіраецца ў тым, што зрушвае чалавека на самазабойства, колькі глядзіць на грамадскую рэакцыю на гэты акт. І гадзіны не прайшло, як галоўны герой фільма абвесціў, што ў якасці свайго навучальнага фільма ён здыме на камеру свой суіцыд, як ён ужо апынуўся за кратамі (няхай і не надоўга). Але не так страшны ўціск органаў правапарадку, колькі тое адчужэнне, у якім хлопец апынуўся сярод сваіх аднакласнікаў у сваёй школе пасля таго, як яго выпусцілі. Ніхто не захацеў яго выслушаць, хваля агрэсіі, насмешак накацілася з усіх бакоў. Гэта вельмі моцны, ці не самы пранізлівы момант фільма, які сапраўды зразумелы і блізкі многім падлеткам: пачуццё поўнай адзіноты, тым вастрэйшае, што ахутала цябе падчас вырашэння, напэўна, самай важнай праблемы.

Сачыць за тым, як грамадства выштурхоўвае свайго члена за парушэнне нормаў табу, як у сучасным грамадстве дзейнічае механізм астракізму, цікава, аднак тут не з'яўляецца адказу, адкуль з'яўляюцца табу, чаму пра некаторыя праблемы мы кажам адкрыта, а некаторыя сакралізуем, хаваем? Цікава раскрыта тэма ў шведскім фільме "Ззяючыя зоркі" рэжысёра Лізы Сівэ. Маці галоўнай гераіні хварэе на рак. У нейкі момант дзяўчына перастае з ёй стасавацца, маўчыць пры сустрэчы, знаходзіць новых сяброў, акунаецца у бурлівае, вясёлае жыццё. Самае цікавае, што ў гэтым не было жадання пайсці ад праблемы, забыцца на яе. Бліжэй да канцу становіцца зразумела, што дзяўчынка не хацела жыць без маці, якая выхавала яе адна, і рыхтавалася пайсці следам за ёй, спяшалася парадавацца жыццю. Табу на думкі пра смерць маці тут паўстала ўнутры яе, каб нішто не магло пахіснуць яе рашучасці. Але менавіта па гэтым табу яе сябры і суродзічы ў рэшце рэшт даведваюцца пра яе надзвычайную сувязь з маці, з ненадыходзячай трагедыяй і паспяваюць давесці ёй, наколькі яна ім важная. Табу не абавязкова трэба разбураць, але з імі неабходна працаваць -- гэтая думка праходзіла наскрозь увесь фестываль.

А што дзеці?

Тон задавалі італьянскія гледачы, якія шчодра апладзіравалі кожнаму прыгожаму і рамантычнаму сюжэтнаму павароту ў фільме, і таксама адразу падмячалі нейкую зацягнутасць. Але самае цікавае адбывалася на абмеркаваннях, на якіх дзеці раз'яўдноўвалі сюжэты на складнікі, выпытвалі значэнне дробных дэталяў, капаліся ў псіхалагічных матывіроўках персанажаў. Члены дзіцячага журы па сутнасці паказалі, што такое нагледжаны, адукаваны, дысцыплінаваны глядач, які заўсёды пачне з кампліментаў фільму, нават калі прыпас напрыканцы трапную заўвагу.

Асабіста я быў прыгаломшаны, калі нейкі юнец пачаў вылучаць з фільма сюжэт і фабулу, і супастаўляць іх. Што гэта? Начытанасць? Ці нагледжанасць? Я напомню: у 39-ы раз фестываль прайшоў у маленькім гарадку, дзесяцігоддзямі сюды з'язджаюцца буйныя рэжысёры і на роўных размаўляюць з маленькімі дзецьмі.

Дадам, што я вельмі зайздросціў італьянцам у гэтыя моманты. Бо сваю дзіцячую аўдыторыю найчасцей мы заганяем у рэзервацыю для дзіцячага мастацтва і ў выніку...

Я ўспамінаю лёс спектакля "Маленькія трагедыі" у нашым Тэатры юнага гледача. Спектакль колькі год назад паставіў Міхаіл Лашыцкі, героі Пушкіна ходзяць у швэдарах, спяваюць песні Фёдара Чысцякова. Спектакль складаны, не ўзнёслы і не рамантычны, але дужа напружаны і цікавы. Граецца ён вельмі рэдка. Перад кожным спектаклем Леанід Улашчанка прыходзіць у школу, да дзяцей, якія мусяць прыйсці на спектакль, праводзіць з імі размову. Так яно і трэба, але наколькі я ведаю, больш ніхто з нашымі дзецьмі перад культпаходамі ў тэатр не размаўляе. Ёсць толькі нешматлікія выключэнні. Дзецям не даюць слова, ці спадабалася ім ці не. Іх не слухаюцца, ад іх меркавання нічога не залежыць. І што мы ў выніку ад іх хацім?.. Каб яны палюбілі тэатр так, як любім яго мы?..

Скончу досыць рэзка, але народны гумар, ён такі, вельмі прамы і вельмі дакладны: чым угнойваем, тое і вырасце.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева