Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алег Аблажэй. COGITO ART. Упакоўка

 

Алег Аблажэй
Алег Аблажэй. Нарадзіўся ў 1954 г. на Наваградчыне. Скончыў у 1976 г. Віцебскі «худграф», а ў 1985 — Літоўскі мастацкі інстытут. З 2007 г. сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Супрацоўнічаў з выданьнямі «Наша Ніва», «Мастацтва», «Куфэрак Віленшчыны», «Свабода». Любімы інструмент — пяро, з-пад якога часам выходзяць лініі, часам словы. Творчыя намаганьні распадаюцца на дзьве паловы — спробы стварэння ўласнага сьвету і памкненьні асэнсаваць навакольны. Перакананы, што поўных абстынентаў трэба залічваць да інвалідаў. Любіць прыгожых жанчын і зьвяркоў.

Гадоў гэтак «...наццаць» таму адчыніўся ў Вільні першы супермаркет. Цэлыя натоўпы кінуліся туды, як на выставу заморскіх дзівосаў, як у кунсткамеру якую. Бо дзе, у якім савецкім гастраноме, можна было купіць, напрыклад, мяса зебры або кракадзіла. Дый нядорага, якіх-небудзь 40-50 «баксаў» за кілаграм. (Нешта цяпер не відаць гэткіх прысмакаў).

Але найбольш лашчыла вока разнастайная — каляровая, стракатая, ззяючая упакоўка. Цяжка было ўявіць, як такі пачак можна потым проста выкінуць у сьметнік! І раптам вока спатыкнулася на адной з паліцаў аб нешта шэрае, нязграбнае, пакамечанае — але такое знаёмае... Я прыгледзеўся, учытаўся — о-о-о! — «ГЕРКУЛЕС овсяные хлопья». І не абы-дзе вырабленыя тыя «шматочкі», а ў роднай Беларусі.

Я не вялікі аматар розных дыетычных страваў, мне б перцу ды прыправаў паболей — але часам трэба даваць страўніку перадышку. Дык вось, я пераканаўся — ніякія заморскія «мюсьлі»і ляжаць побач з нашым «Геркулесам» нявартыя — бо той мае водар аўсянага поля, нагрэтага жнівеньскім сонцам...

Але ж — упакоўка! Вось вам вечная праблема мастацтва — суадносіны формы і зьместу. Гандляры ж у тых краінах, дзе існавала нармальная, а не планавая гаспадарка, заўсёды ведалі — каб выгадна прадаць, трэба добра падаць. І ніколі не шкадавалі грошай на ўпакоўку. Па сутнасьці, і рэклама — не што іншае, як тая ж упакоўка.

Старэйшыя з нас выхоўваліся пад уплывам расейскай формы савецкага, пазьней праваслаўнага аскетызму — галоўнае ёсьць «духоўнасьць», а ўсё астатняе — глупства, «суета». Славуты акадэмік Ліхачоў, «гуру» тагачаснай інтэлігенцыі, вучыў моладзь не надаваць значэння зьнешняму выгляду. Праўда, Пушкін пісаў, што «быть можно дельным человеком и думать о красе ногтей» — але калі тое было.

Але ўсё ж і ў сьвеце высокіх матэрый ды мастацтва упакоўка вырашае вельмі многае. Болей, чым хацелася б.

Хто з нас не ведае Ван Гога, гэтага няшчаснага вар'ята, п'яніцу і скандаліста, які сам сабе адрэзаў вуха, а потым застрэліўся. Бо не вытрываў, небарака, галечы і кпінаў, бо за ўсё жыццё прадаў адну-адзіную карціну, таму што не хацеў падладжвацца пад мяшчанскія густы.

Дык вось — усё гэта няпраўда, ці, дакладней, паўпраўда, што, як вядома, горш за ману. Не вар'ят, а глыбокі мысьляр, аб чым сьведчаць ягоныя шматлікія лісты і валоданне некалькімі мовамі. І далёка не «лузер» і няўдачнік, бо меў брата галерыста, а кожны мастак ведае, наколькі гэта важна. І не толькі не змагаўся з «мяшчанскімі густамі», а, наадварот, абмяркоўваў з братам, якія творы найлепей выглядалі б у тагачасных інтэр'ерах. І не адзін твор прадаў, а чатырнаццаць, і цэны ўзрасталі. Што злоўжываў алкаголем — дык ці ж то рэдкасьць у мастацкім асяроддзі? Нават аўтар гэтых радкоў не заўсёды бывае цьвярозы як шкельца. Так, меў шалёны тэмперамент, так, меў праблемы з псіхікай — але толькі напрыканцы жыцця.

І вось гэтага здалося мала першаму біёграфу Ван Гога, нямецкаму мастацтвазнаўцу Юльюсу Майер-Грэфэ. І ён прыдумаў жыццярыс шалёнага, праклятага, адрынутага ўсімі мастака. Стварыў, так бы мовіць, адпаведную ўпакоўку.

І — удалую! Каго цяпер цікавіць праўда? Затое творы Ван Гога сталі каштаваць дзесяткі мільёнаў...

І так вось з усімі астатнімі мастакамі, якія «на слыху»: вядомыя яны не толькі і не столькі сваімі творамі, колькі сваёй каляровай біяграфічнай «упакоўкай». Леанарда да Вінчы меў свой «код». Рэмбрандт быў багаты, а потым памёр у галечы. Мадыльяні быў п'яніца і вечна галадаў. Пікаса мяняў жанчын як пальчаткі і г.д…

Біёграфаў увогуле больш цікавіць не палітра мастака, а ягоная пасьцель. І чым апошняя чысьцейшая, тым меней шанцаў мае творца на гучную славу. Як бы ён ні маляваў.

Дарэчы, пра ложак — перш чым туды пакласьці каханую, у ХІХ стагоддзі з яе трэба было зьняць ажно 28 дэталяў адзення і бялізны. Мо пагэтаму цяпер і адносіны такія прымітыўныя, што «ўпакоўка» жанчын стала такой простай? Бо й каханне патрабуе адпаведнай аздобы. Як і ўсё астатняе.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева