Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксей Стрэльнікаў. ТАЕТР. Who is худрук?

 

Аляксей Стрэльнікаў
Аляксей Стрэльнікаў. 27 год. Тэатральны аглядальнік. Хаджу ў тэатр. Пішу пра яго. Размаўляю пра яго. Але люблю, напэўна, ТАЕТР. Тэрмін вынайшаў Б.Брэхт: маўляў, займайцеся самі сваім ТЭАТРАМ, а мы паспрабуем стварыць нешта іншае.

За доўгі час працы з тэатрамі я не зразумеў, чым адрозніваюцца пасады «мастацкі кіраўнік» ад «галоўны рэжысёр». Ну вось Мікалай Пінігін у Купалаўскім — мастацкі кіраўнік, а Сяргей Кавальчык у Тэатры імя М.Горкага — галоўны рэжысёр. У чым розніца?

Існуюць, вядома, нейкія дакументы, якія тлумачаць усе гэтыя нюансы. Калі паразважаць, то розніца хаваецца ў саміх словах. Бо «галоўны рэжысёр» — гэта ўсяго толькі адзін з рэжысёраў. Першы сярод роўных. Ён ставіць часцей, бярэцца за больш важныя і адказныя спектаклі. Але ён нібыта толькі рэжысёр. «Мастацкі кіраўнік» гучыць больш салідна. Ён не толькі кіруе ўсім мастацтвам у тэатры — акцёрамі, мастакамі, музыкамі, — але і мастацкай місіяй калектыву. Гучыць гэта ўсё туманна, як і любое нагрувашчванне прыгожых слоў. Што характэрна, я амаль не ведаю прыкладаў, каб «мастацкімі кіраўнікамі» былі не рэжысёры (Аляксей Дудараў па-мастацку кіруе Тэатрам беларускай арміі, хто яшчэ?). Таму незалежна ад назвы пасады у нашым тэатры ў асноўным кіруюць менавіта галоўныя рэжысёры.

І гэта яшчэ адзін трэнд, у якім мы адстаем ад усяго свету.

Калі бегла павывучаць, хто там чым кіруе «у іх», то раптам заўважыш, што побач з рэжысёрамі ў Германіі, напрыклад, шмат мастацкіх кіраўнікоў — драматургі і тэатразнаўцы (вось што ў нас уявіць немагчыма!). А такімі значнымі для Германіі тэатрамі, як гамбургскі Талія-тэатэр ці берлінскі Дойчэс-тэатэр, у іх апошнія найбольш паспяховыя гады кіравалі менавіта драматургі. Там нават магчыма такая кар'ера: драматург — загадчык літаратурнай часткі — мастацкі кіраўнік. Вядома, трэба рабіць папраўку на мясцовы каларыт, але, па сутнасці, пасада інтэнданта цалкам адпавядае нашаму мастацкаму кіраўніку: ён вызначае «ідэйны вобраз» калектыву. У нас у галаву не можа прыйсці, каб даверыць тэатр такому ненадзейнаму чалавеку, як драматург. Дарэчы (не хачу ўпусціць нагоду прыпомніць Брэхта), выкажу думку, што менавіта ён і паламаў гэту традыцыю ў нямецкім тэатры, быццам кіраваць справай можа толькі «тэатральны» чалавек, ажыццявіўшы адзін з самых паспяховых праектаў ХХ стагоддзя — тэатр «Берлінэр Ансамбль». Гэты калектыў паспеў за часы ГДР пераўтварыцца ў маленькі нямецкі МХАТ, але, напрыклад, у 90-х гадах яго ўзначальваў спадчыннік ідэй Брэхта драматург Хайнер Мюлер, правобраз персанажа з «Жыцця іншых».

У наяўнасці тэндэнцыя адыходу эпохі дамінавання ў тэатры рэжысёрскай прафесіі, нават шырэй — дамінавання ў тэатры вузкапрафесійных тэатральных людзей. Тэатральная традыцыя — ажыцяўленне яе часта дэкларуецца як мэта існавання сцэнічнага мастацтва — у чымсці падмяняе мэты мастацтва самім мастацтвам. Калі сказаць груба, то высокапрафесійны тэатр можа рабіцца толькі для акцёраў і рэжысёраў, бо толькі яны здольны яго належна ацаніць. Драматург ці тэатральны крытык здольны данесці да гэтай касты людзей патрэбы грамадства, развярнуць сцэну тварам да глядзельнай залы! Менавіта таму і толькі таму сапраўдны Вялікі тэатр заўсёды грунтуецца на сучасным тэксце. Шэкспір, Мальер, Чэхаў, Брэхт, Вампілаў, Сара Кейн пісалі для сучаснікаў, яны «выкарысталі» тэатр як рупар сваіх ідэй. Тут важная не якасць тэксту, а менавіта вось гэтая патрэба выказацца на шырокія колы. Патрэба, якая часам у тэатры забываецца.

Кіраванне ў айчынным тэатральным мастацтве галоўных рэжысёраў — гэта своеасаблівая праява яго патрыярхальнасці. Геніяльны рэжысёр, па словах Таўстаногава, заўсёды чуе канцэпцыю спектакля ў глядзельнай залі, так нарадзіліся вялікія тэатральныя калектывы: «Современник», Тэатр на Таганцы, ленінградзкі БДТ. У Беларусі гэта адчуванне зала мае Мікалай Пінігін. Яго вельмі лёгка абвінаваціць у кан'юнктурнасці. Больш цікавае пытанне, навошта такі прасунуты рэжысёр, які, калі сачыць за яго словамі, так тонка і глыбока разумее прыроду тэатральнага мастацтва, на практыцы прытрымліваецца такой архаічнай тэатральнай формы. Адказ трэба шукаць у глядзельнай залі. Няма ў нас гледача для постдраматычнага і постпратаганістычнага тэатра.

Але, як гэта ні дзіўна гучыць, беларускі тэатр больш дэмакратычны, чым нейкія іншыя. Бо ў нас мала гэтых самых тэатральных людзей, якія рабілі б тэатр толькі для сябе. Вось, напрыклад, праява гэтай праблемы — не хапае галоўных рэжысёраў тэатраў! Маю непацверджаныя чуткі, што толькі ў Мінску цягам году свае пасады могуць пакінуць тры кіраўнікі драматычных тэатраў. Хто прыйдзе ім на замену — ніхто не ведае. Кадраў няма...

Калі б штось залежыла ад мяне, то я б прызначыў Андрэя Курэйчыка мастацкім кіраўніком якога-небудзь ненацыянальнага, неакадэмічнага тэатра. Тут што можна сказаць насуперак... Курэйчык надзвычай нетэатральны чалавек, і ён гэтага не саромеецца (нават напісаў пра тое дзёрзкую «Тэатральную п'есу»). Ён абсалютна нічога не ўмее ў рэжысуры (у якасці кіраўніка тэатральнай дзіцячай студыяй ён ставіў свае п'есы, і гэта горшыя пастаноўкі яго п'ес з тых, што я бачыў), і менавіта таму яго нельга прызначыць «галоўным рэжысёрам». І апошняе. Курэйчык вельмі цяжка працуе ў камандзе. Вартасці яго прызначэння ёсць працягі недахопаў: ён, па-першае, прывядзе за сабой у тэатр нетэатральную публіку (Навошта? Хаця б, каб прынясла з сабой нетэатральна вялікія грошы!), па-другое, нават калі рэпертуар тэатра навадняць яго п'есы (а так і адбудзецца, можаце не сумнявацца), то ставіць іх ён запросіць якасных рэжысёраў, па-трэцяе, каб неяк трымацца ў калектыве, ён будзе вымушаны запрашаць вялікую колькасць нерэалізаваных людзей. Усё гэта для любога невялікага тэатрыка ёсць дабро.

Ды толькі нюанс у тым, што тэатрамі ў нашых абшарах кіруюць на самой справе дырэктары. А ў іх усё добра і так, ім Курэйчык не патрэбны.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 2)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • У працяг тэмы, як бы вы пракамэнтавалi вось гэтую дыскусію? (:) http://syndrome-bft.livejournal.com/478.html Дзякуй.