Мнения других авторов
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 24.03 // 19:02 Алег Гайдукевіч. ДЗЕНЬ ВОЛІ. Ад БНР да Незалежнай Беларускай Дзяржавы // Статья
Другие Мнения этого автора
- 27.05 // 12:14 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. Змагайся за веру // Статья
- 17.12 // 20:56 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. Гасподзь дае шанец // Статья
- 10.12 // 12:06 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. "Славы Сваёй не аддам другому" // Статья
- 23.11 // 13:19 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. О, заходняя дэмакратычная тупасьць! // Статья
- 17.11 // 11:46 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. Што век наступны нам рыхтуе? // Статья
Мнение
Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАР. Паміж Захадам і Ўсходам
Зьміцер Дашкевіч. Нарадзіўся ў 1981 годзе на беларускім Палесьсі, да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, з 1986 года – ў невялікім гарадку Старыя Дарогі Менскай вобласьці, з 2000-га — ў Менску. У 2001 годзе далучыўся да дзейнасьці моладзевага руху “Малады Фронт”, кіраўніком якога зьяўляецца з 2004 года. Арганізатар і ўдзельнік шматлікіх вулічных акцыяў, за ўдзел у якіх мае больш за паўгода адміністратыўных арыштаў. За дзейнасьць “МФ” у верасьні 2006 быў арыштаваны і пазьней асуджаны на паўтары гады зьняволеньня. У студзені 2008 году Вярхоўным судом вызвалены на паўтары месяцы раней тэрміну. У 2006 годзе штотыднёвікам “Наша Ніва” прызнаны “Героем года”, у 2008 “За мужнасьць і пасьлядоўнасьць у змаганьні за свабоду” ўзнагароджаны ордэнам Кастуся Каліноўскага. |
Аднак так ужо выйшла ў нашай гісторыі, што найбольш няшчасьцяў і праблемаў прыходзіла на нашую зямлю з усходу. Каб школьнікі разабраліся ў колькасьці войнаў з Расеяй, дык трэба было б уводзіць, пэўна, асобную гістарычную дысцыпліну, мабыць таму нашыя братэрскія набегі адзін на аднаго не вывучаюцца ў школах. Ад самага ўтварэньня Маскоўскага княства нашыя продкі ліцьвіны з 1492 па 1537 гады — то бок, за 45 гадоў, — удзельнічалі ў пяці войнах з маскавітамі агульнай працягласьцю ў 19 гадоў. Яшчэ праз дзевяць войнаў цягам наступных двух стагодзьдзяў завершылася ўсё трыма падзеламі Рэчы Паспалітай і забаронаю ня толькі беларускае мовы, але і самой назвы Беларусь. Паўстаньні на нашых землях 1830-31 і 1863-64 гадоў свабоды нам не прынесьлі, але нескаронасьць і прагу да яе прадэманстравалі.
Савецкі этнацыд цягам наступнага, ХХ, стагодзьдзя нават цяпер не паддаецца дакладным ацэнкам. У Беларусі савецкаю ўладаю вялося мэтанакіраванае і пасьлядоўнае вынішчэньне ўсёй Беларушчыны, усяго нацыянальнага. З 238 літаратараў эпоху Сталіна перажылі толькі 20 (!). А што такое літаратары ў час станаўленьня любой нацыі? Гэта ня толькі эліта культуры і мастацтва, але эліта перадусім грамадзка-палітычная, якая ўвасабляе прагрэсіўныя настроі грамадзтва, іх прапагандуе і адстойвае. Растрэльвалі амаль усіх, хто меў якое-небудзь дачыненне да беларускага нацыянальнага руху, асветы, навукі, культуры. Страцілі жыццё 90% работнікаў Акадэміі Навук, большасьць выкладчыкаў БДУ, работнікаў Тэатра оперы і балета, Дзяржаўнай філармоніі, загінулі амаль усе арганізатары беларускага палітычнага, навуковага і культурнага жыцця 20-х гадоў. Толькі ў адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году у сутарэньнях Менскага НКВД былі растраляныя 103 (!!) прадстаўнікі беларускае інтэлігенцыі — грамадзкія дзеячы, навукоўцы, дзеячы культуры, — сярод якіх 22 беларускія пісьменьнікі. З 12 000 настаўнікаў растраляныя 4 000 і, як сьцьвярджае гісторык, дасьледчык эпохі савецкага тэрору Леанід Маракоў, «стралялі пераважна толькі выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі. Настаўнікаў дакладных навук чамусьці не краналі». Як гаварыў Аляксандар Салжэніцын: «Каб зьнішчыць народ, трэба адарваць яго ад каранёў».
І калі цяпер я чую аб «еднасьці брацкіх народаў», нашу спрадвечную «агульную гісторыю», мне становіцца як мінімум шкада суразмоўцу. Наша «агульная гісторыя» з Расеяй праектуецца ў мяне на наступны вобраз. Прыходзіць сусед да сваёй суседкі і гаворыць. — Ты будзеш жыць са мною! Тая яму: — Не, дзякуй, у мяне свая гаспадарка, вось і дзеткі гадуюцца, — гаворыць яна і паказвае на трох хлапцоў і калыску з двума дзяўчынкамі-немаўляткамі пасярод хаты. Тады сусед дастае наган і з крыкам. — А цяпер будзеш?! — Страляе ў яе старэйшага сына. Дзіця замертва падае, а маці, кідаючыся на цела сына, галосіць. — Не, ня буду! Тады сусед з вар’яцкім тварам страляе ў сярэдняга сына і раве. — Ты будзеш са мною жыць?! Маці ў страшэнным жаху крычыць. — Не, людажэр, ня буду! Тады сусед наводзіць наган на яе малодшага сына і з крываваю ўхмылкаю запытвае. — Дык ты будзеш са мною жыць ці не? Ужо вар’яцеючая маці кідаецца да апошняга сына і, затуляючы яго сваімі грудзьмі, выдыхае. — Так, буду. Жывуць яны такім чынам год, другі. У рэшце рэшт мінае многа часу. Адчуваючы хуткую сьмерць, маці вырашае распавесьці сваім дзецям пра тое, хто сапраўды той, каго яны называюць «бацькам». Даведаўшыся жахлівую праўду, дзеці загадваюць суседу вымятацца ў сваю хату. Аднак той, усур’ёз абураны, пачынае крычаць. — Дык як гэта так?! Я ж вас расьціў! Мы ж 70 год разам жылі ў адной хаце! Мы ж з вамі — адна сям’я!
Я для чаго ў дадзеным артыкуле ўсё гэта пішу? Для таго, каб урэшце канстатаваць сваю пазыцыю: ня можа быць у нас іншага ўсходняга вэктару, які б не выражаўся адно ў раўнапраўных, узаемавыгодных стасунках з Расейскай Фэдэрацыяй. Па дадзеных НІСЭПД за сьнежань 2009 году, 54,6% беларусаў выступаюць супраць аб’яднаньня з Расеяй. Аднак зь іх толькі 30,3% грамадзянаў заяўляюць аб тым, што нішто — ні эканамічныя выгоды, ні «агульная гісторыя», ні наяўнасьць зьнешніх «ворагаў» — не павялічыць іх жаданьне ізноў «паяднацца» з суседам. 30,3% — мала гэта ці многа для краіны, дзе аднаўляецца імя Сталіна, Кастусь Каліноўскі лічыцца «выдумкай» нацыяналістаў, а Мураўёў-вешальнік добрым адміністрататарам? Думаю, што многа. Траціна грамадзтва, цьвёрда перакананая ў сваіх поглядах, — гэта ня так і кепска для сучаснае Беларусі.
Калі няма шляху на ўсход, дык пойдзем на захад, думаюць многія. Гадоў дзесяць таму, напачатку сваёй дзейнасьці ў Маладым Фронце, я разважаў гэтаксама. Эўропа і Эўрапейскі Зьвяз уяўляліся мне адзіным выратаваньнем ад сьмяротных абдымкаў «старэйшага брата». Мінула троху часу, я пазбавіўся некаторых ілюзіяў і паступова пераўтвараюся з эўра-аптыміста ў эўра-скептыка. На гэты працэс уплывае найперш каштоўнасны чыньнік, які ўсё больш і больш становіцца размытым у сучаснай эўрапейскай цывілізацыі. Маё разуменьне Эўропы палягала і палягае не як супольнасьці краінаў, урадаў ці прэзыдэнтаў, а як цывілізацыі, заснаванай на пэўным культурным падмурку, духовым падмурку хрысьціянства. Падмурку, без якога не было б і самой Эўропы. Як сьцьвярджае Самуэль Хантынгтан: «З усіх аб’ектыўных элементаў, якія вызначаюць цывілізацыю, найбольш важкім, аднак, зьяўляецца рэлігія. /…/ Яна зьяўляецца цэнтральнай, вызначальнай характарыстыкаю цывілізацыі. Вялікія рэлігіі — гэта асновы, на якіх трымаюцца (пакояцца) вялікія цывілізацыі».
Аднак вялікая хрысьціянская цывілізацыя паступова выракаецца сваёй рэлігіі. Учорашнія дабрадзейнасьці хрысьціянства — самаахвярнасьць і бескарыслівасьць — становяцца залішнім цяжарам для грамадзтва; а тое, што ўчора было ганебным — эўтаназія, аборты, гамасэксуалізм, ужываньне наркатычных сродкаў — дасягненьнямі прагрэсіўнага чалавецтва. Ня дзіва, што за дэградацыяй духовых каштоўнасьцяў ідзе дэградацыя фізычная. У 1960 годзе эўрапейцаў, разам з амэрыканскім кантынентам і аўстралійцамі, налічвалася 750 мільёнаў чалавек, што складала 1/4 ад трохмільярднага насельніцтва Зямлі. У 2000 годзе людзей эўрапейскага паходжаньня было 728 мільёнаў чалавек, што складала 1/6 насельніцтва Зямлі. У 2050 годзе іх будзе 600 мільёнаў, што складзе ўжо 1/10 ад усіх жыхароў нашай планэты. Калі працэс гэты ня спыніць самым бліжэйшым часам, ліберальны прагрэс заходняе цывілізацыі станецца ейным закатам.
Таму Малады Фронт ставіць далучэньне Беларусі да ЭЗ у прамую залежнасьць ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, на падмурку якіх і сфармавалася аблічча эўрапейскае цывілізацыі. Адзін з праграмных дакумантаў Маладога Фронту сьцьвярджае: «Гаворачы аб памкненьні далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, мы зазначаем, што Беларусь заўсёды належыла да хрысьціянскай Эўрапейскай цывілізацыі й нашае юрыдычнае вяртаньне ў сям’ю эўрапейскіх народаў можа базавацца толькі на духовым падмурку».
Многія, выступаючы за далучэньне Беларусі да ЭЗ, разважаюць, што вяртаньне ў Эўропу аўтаматычна зробіць нас заможнымі. Аднак наўрадці шэраговы супрацоўнік аграрна-прамыслова комплексу Беларусі стане менш піць «максімкі», але больш працаваць толькі з-за таго, што ягоны саўгас зьмяніў прапіску з саюзнае дзяржавы на Эўрапейскі Зьвяз. Як сьведчыць сацыёлаг і філосаф Фрэнсіс Фукуяма, эканамічнае жыцьцё глыбока ўкарэнена ў сацыяльным жыцьці і яго немагчыма зразумець асобна ад звычаяў, нораваў і асноваў канкрэтнага грамадзтва — адным словам, асобна ад яго культуры. «Японія, Нямеччына і ЗША сталіся індустрыяльнымі дзяржавамі ў многім дзякуючы таму, што мелі здаровую апору ў выглядзе сацыяльнага капіталу і сацыялізаванасьці, а не наадварот», — сьцьвярджае Фукуяма, паводле якога сацыяльны капітал — гэта сукупнасьць культурных каштоўнасьцяў, такіх як рэлігія, традыцыі, звычаі. Тлумачыць, што ў Беларусі іншыя культурныя традыцыі, чым у Германіі ці ЗША, не выпадае.
Аб тым, што ня ўсё так проста і ў эканамічнай палітыцы Эўрапейскага Зьвязу, можна перакнацца на прыкладзе постсавецкіх рэспублік. Да прыкладу, грамадзяне Летувы наракаюць на скупленую заходнімі краінамі маёмасьць, прамысловасьць, эканамічны дыктат. Насамрэч, каму спадабаецца сітуацыя, калі народ зьбіраецца на рэфэрэндум і амаль 90%(!) галасоў выказваецца супраць закрыцьця Ігналінскае станцыі, але Брусэль настойвае на сваім і Ўраду Летувы, абцяжаранаму сваімі абавязкамі перад ЭЗ, нічога не застаецца, як падпарадкавацца. Гэта ўсё прымушае задумацца над апантаным памкненьнем схавацца пад апекаю Эўрапейскіх народаў і здабыць там эканамічны дабрабыт. Незалежнасьць — гэта калі ты самастойна прымаеш рашэньні і нясеш за іх адказнасьць. А калі рашэньні прымаюцца за цябе — гэта ўжо форма падпарадкаваньня. А якая мне розьніца, хто будзе кіраваць мною, нашым народам, краінаю, у якой мы жывем, — чыноўнік крамлёўскі ці чыноўнік брусэльскі? Для мяне розьніцы ніякай. І, як сьведчаць дадзеныя сацыялагічных дасьледваньняў, гэтаксама як і для значнай часткі беларускага грамадзтва.
Так, паводле дадзеных НІСЭПД за сьнежань 2009 году, 63,4% грамадзянаў згаджаюцца з тым, што паляпшэньне эканамічнага становішча больш важна за незалежнасьць і 28,2% заяўляюць аб тым, што больш важкім ёсьць незалежнасьць. Цікавым тут выглядае тое, што няма розьніцы паміж адказамі рэспандэнтаў з розных узроставых групаў. Так, у першай ўзроставай групе, 18-19 гадоў, незалежнасьць краіны лічаць большым прыярытэтам 29,5% у той час, калі ў апошняй узроставай групе — 30,3%. І таксама не назіраецца лінейнае тэндэнцыі пры аналізе адукацыі рэспандэнтаў. Так, незалежнасьць мае большае значэньне для людзей і з пачатковай адукацыяй — 37%, і з вышэйшай — 30,1%. Гэта сьведчыць аб тым, што як сярод прыхільнікаў Лукашэнкі, так і сярод прыхільнікаў дэмакратычнага руху прыблізна аднолькавая колькасьць людзей, якія б пры аб’яднаньні ці тое з Расеяй, ці тое з ЭЗ кіраваліся б толькі эканамічнымі інтарэсамі.
Але паказальна разьмеркаваньне адказаў на пытаньне па вызначэньні беларускага шляху: 20,7% прагнуць ісьці па пратаптаным і ўкладзеным трупамі шляху савецкім, 23,6% імкнуцца стаць на шлях эўрапейскі і ажно 55% абіраюць уласны шлях Беларусі. Відавочна, што ня ўсе з гэтае лічбы адэпты ідэі адраджэньня ВКЛ, аднак нават калі толькі палова з 55% — гэта, безумоўна, вельмі значная частка грамадзтва, якой не да спадобы як шлях савецкі, так і эўрапейскі.
Калі гаварыць пра неабходнасьць застрахаваць сябе ад мажлівае агрэсіі з боку Расеі (а як сьведчыць акупацыя Ресеяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і нават асьцярогі самога Лукашэнкі, такі фармат падзеяў мажлівы), Беларусі найперш трэба далучыцца да НАТА. Аб гэтым сьведчыць і прыклад краінаў былой «Варшаўскай дамовы» і Прыбалтыкі, якія найперш падавалі заяўкі на далучэньне да НАТА, а пасьля — да ЭЗ. Тым больш, што НАТА на цяперашні час нясе найперш не вайсковую нагрузку, а палітычную, у выглядзе гарантыяў тэрытарыяльнае недатыкальнасьці кожнага чальца Альянсу. У той час, як Эўрапейскі Зьвяз ператвараецца з палітычнага ў культурніцкі — фармуе культурныя прынцыпы разьвіцьця эўрапейскіх народаў, і эканамічны — кантралюе манэтарную палітыку, падаткавую, сельскагаспадарчую і іншае.
Зважаючы на цяперашнія адносіны Лукашэнкі з Захадам, цалкам мажліва, што працэс вэстэрнізацыі пачне непасрэдна галоўны абаронца расейскіх земляў ад войскаў НАТА. Гэта ня самы міфычны паварот падзеяў, калі прыгадаць сьведчаньні першага міністра замежных справаў Беларусі Пятра Краўчанкі, паводле якіх Лукашэнка сам неяк спрабаваў дамаўляцца аб далучэньні да НАТА. Відавочна, што кіраўнік Беларусі будзе рабіць толькі тое, што забясьпечыць захаваньне асабістае ўлады ці, у крытычны момант, дасьць гарантыі недатыкальнасьці. А вось апошняе яму можа гарантаваць толькі цывілізаваны Захад. Пацьвярджаюць тое прыклады Шэварнадзэ і Кучмы.
У выпадку, калі такія зрухі зьнешняй палітыкі адбудуцца, дэмакратычныя сілы, натуральна, павінны іх падтрымаць. Бо ў сваёй дзейнасьці мы мусім кіравацца найперш нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі, а не кароткачасовымі пратэстнымі лозунгамі. Як мы выступалі за незалежнасьць Беларусі 14 гадоў таму, калі Лукашэнка ствараў саюзную дзяржаву, так мы выступаем за незалежнасьць нашай краіны і цяпер, калі заклікі да самастойнасьці бярэ на ўзбраеньне і сам старшыня Вышэйшага савету саюзнай дзяржавы. Таму дэмакратычны рух, кожная арганізацыя асобна і лідэр павінны мець стратэгічнае бачаньне разьвіцьця Беларусі, якое б, безумоўна, базавалася на нацыянальных інтарэсах нашай краіны, а не інтарэсах Масквы, Брусэлю ці Вашынгтону. Пакуль такіх лідэраў у беларускай палітыцы няшмат, інакш жылі б мы ў іншай краіне. Але яны ёсьць.
Падымаецца Новае пакаленьне — стоенная, але магутная сіла, якая набліжае той непазьбежны час, калі Беларусь станецца сапраўды адроджанай, самадастатковай і незалежнай дзяржаваю.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии