Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Няхай жыве 1 Мая!

 

Уладзімір Някляеў. Паэт, лідэр агульнабеларускай кампаніі “Гавары праўду!”

Маладыя актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” вырашылі адсвяткаваць 1 Мая. Не дзень Волі ці яшчэ нейкую апазіцыйна-варожую дату, а дзень салідарнасці ўсіх працоўных. З зялёнымі, колеру вясны і надзеі, балонікамі (гэта значыць: паветранымі шарамі) яны хацелі прайсці па вуліцах нашых гарадоў, раздаючы балонікі ўсім сустрэчным. Віншуючы са святам і радуючы жанчын, мужчын, дзяцей. У тым ліку прэзідэнта Беларусі, які ў той дзень прагульваўся з малодшым сынам у парку імя Горкага ў Мінску...

Не ўдалося нашым актывістам парадаваць прэзідэнта. Пахапала іх міліцыя  − і замест парку апынуліся яны ў пастарунку.

Чаму?.. Таму што на балоніках было напісана “Гавары праўду”? Але што ж кепскага ў тым, што прэзідэнт будзе казаць праўду? І ягоны сын вырасце праўдзівым чалавекам? Тым больш, што бацька ўскладае на сына немалыя надзеі…

Праўду сказаць, мне не да спадобы тое, як падаецца ў незалежных СМІ гісторыя з малодшым сынам прэзідэнта. Часцяком насмешліва, з кпінамі… Аляксандр Лукашэнка відавочна шчаслівы тым, што ў яго нарадзіўся сын, і няма чаго з гэтага кпіць. Радаснае дзяцінства маленькага Міколкі – кампенсацыя за сіроцкае дзяцінства маленькага Сашы, гэта зразумела. І ўсё ж я хацеў бы, каб мае дзеці таксама былі шчаслівымі. Мне не трэба, каб яны прымалі вайсковыя парады і гулялі не ў цацачныя, а ў сапраўдныя танкі і самалёты. Я проста хачу, каб яны жылі ў краіне, дзе за праўду не цягнуць у пастарунак. Каб яны мелі магчымасць выяўляць свае погляды і адстойваць свае правы. Каб маглі рабіць гэта штодзённа, а тым больш – у дзень салідарнасці.

Некалі я напісаў аповесць пра тое, як беларусы патрапілі на святкаванне 1 Мая ў Хельсінкі. І як яно, тое першамайскае фінскае свята, ім не глянулася. “У параўнанні з колішнім савецкім Першамаем фінскае свята вясны і працы выглядала проста ўбогім і нікчэмным. Вадзім Альбертавіч ніколі б і не паверыў, што ён на свяце, калі б на тым рашуча не настойваў Алег Мікалаевіч. Разрозненыя купкі людзей, адны з якіх былі ўжо далёка за мастом, а іншыя да яго толькі падцягваліся і крочылі неяк няўпэўнена, нібыта раздумвалі, пераходзіць ім да канца гэты мост, ці пасярэдзіне з яго ў ваду скочыць. І ўжо да немачы ўражвала і ні ў якія вароты не лезла тое, што дэманстранты, перайшоўшы ўсё-ткі мост, павярнуўшы на набярэжную і дамкнуўшы мэты, ніякай мэты не знаходзілі! Іх ніхто там не чакаў! На плошчы пры набярэжнай не было ні трыбуны, ні правадыра, ні наогул каго-небудзь ці нечага такога, што б іх вітала, ці хоць бы абазначвала канец шляху: малайцы, маўляў, людцы, дзякуй, што дайшлі... Крутануўшыся і натыкаючыся на саміх сябе, дэманстранты скручвалі сцягі з транспарантамі і бойкімі ручаінамі, абцякаючы штучныя перашкоды, скочваліся ўніз па вуліцы Невысокай гары — вось і ўсё! А да каго ішлі? А чаго хацелі? А фінал, кода, апафеоз?.. Лепш бы ўжо яны ў ваду з маста скакалі — дык і то болей логікі было б...”

Нашым героям (хоць яны без ніякіх перашкодаў падыйшлі і перагаварылі з фінскім прэзідэнтам) нечага ўсё ж на свяце не хапала. І яны (разам з рускімі) наладзілі ў Хельсінкі свой Першамай. Сваё свята, сваю дэманстрацыю. Уночы на той самай плошчы, дзе ўдзень святкавалі фіны. Не маючы ні балонікаў, ні сцягоў, ні транспарантаў, яны паначаплялі на складзеныя парасоны ўсё, што ў каго было чырвонае. Кашулі, хусткі, шалікі, кофты, нават жаночыя станікі… І рушылі калонай!

“Калона дэманстрантаў рухалася па плошчы ўсё болей зладжана, усё больш рашуча і строга, нібы ўперадзе акрэслілася і паўстала выразная і дакладная мэта. Стоячы каля манумента, Вадзім Альбертавіч бачыў, як сур'ёзнелі твары і цвярдзелі позіркі, як, раўняючы крок, змыкаліся плячом да пляча шэрагі, і калона з разрозненых і выпадковых людзей пераўтваралася ў маналіт, у адзінае цэлае. Трапяталі хусцінкі, ветразямі напіналіся нацягнутыя шалікі, хліпалі на ветры кофты і сукенкі, але гэта ўсё меней здавалася смешным і ўсё болей уяўлялася Вадзіму Альбертавічу ўрачыстым, нават велічным. Ён міжволі ўзняў парасон з чырвоным станікам так высока, як толькі здолеў, і выцягнуўся ў струнку. У падманным, штучна дзённым неонавым святле — скрозь ноч і вецер — калона рухалася наўпрост на яго; Глеб, задаючы рытм, мерна ступаў, амаль чаканіў крок, і ў вачах ягоных бліскала; Алег Мікалаевіч вышэй за ўсіх уздымаў транспарант, які ён, не падабраўшы сабе такога ж рослага напарніка, нёс на двух парасонах адзін, упарта супраціўляючыся ветру, нахіляючыся наперад і не адрываючы позірку ад сярпа і молата, што луналі на вымпеле над галавой Глеба; спакуслівай Насцёне, якая ўручыла Вадзіму Альбертавічу станік і начапіла сцягам на парасон свае трусікі, вецер раз-пораз расхінаў плашчык і задзіраў прыпол сукенкі, цела яе бела-блакітна свяцілася ўсімі сваімі ніжнімі акругласцямі, але, адухоўленая ідэяй, яна не звяртала на тое, што ідэя голая, аніякай увагі; нізкарослы мужычок, што крочыў следам за ёй, нахіляючыся, як і ўсе, наперад, закідваў твар угору, да транспарантаў і сцягоў, нібы не бачыў перад сабой гэтакіх голых і такіх спакуслівых жаночых клубоў, — і тут кальнула Вадзіма Альбертавіча іголкаю ў сэрца, і ён панічна падумаў:

"Але ж раструшчаць яны мяне, затопчуць!.. Ды што там мяне, шар зямны затопчуць, Госпадзі!.."

Тойва выйшаў са сваёй машыны, падышоў да машыны Мацці і сказаў:

— Я, бадай, каля цябе пастаю, Мацці... І нічога ж не робяць, проста ідуць, а страшна...

— Так... — задуменна згадзіўся Мацці. — Але няма падстаў...”

Тойва і Мацці ў гэтай аповесці – фінскія паліцэйскія. Ім страшэнна не падабаецца тое, што вырабляюць у сталіцы Фінляндыі рускія з беларусамі. Яны б з задавальненнем іх пахапалі – і ў пастарунак! Але, як задуменна кажа Мацці, няма падстаў. Усё законна. Свабоду шэсцяў гарантуе Канстытуцыя. І ў ёй не сказана, што фіны нешта могуць дэманстраваць, а рускія з беларусамі – не. “Таго, чаго нельга – нельга нікому, а тое, што можна – можна ўсім”, -- вось што ўкладзена ў галаву і Мацці, і Тойва, і кожнага фіна, а найперш -- прэзідэнта.

Але наш прэзідэнт – не фін. Праз гэтую прычыну да яго не падыйсці, не пагаварыць і балонік не падарыць. І па гэтай жа, мусібыць, прычыне некаму ў нашай краіне можна ўсё, а камусьці – нічога. І адных юнакоў і дзяўчатак -- з балонікамі “Гавары праўду!” -- запіхваюць у пастарункі, а іншых -- з лозунгамі “Катаваць і вешаць”! – не чапаюць. Я маю на ўвазе юных нацыянал-бальшавікоў, якія таксама выйшлі на вуліцы Мінска адзначыць Першамай.

Што з гэтага вынікае? Тое, што катаваць і вешаць можна? А казаць праўду – не? Ці як яшчэ гэта разумець, калі актывістаў кампаніі “Гавары праўду!” затрымлівалі ва ўсіх гарадах (Мінск, Салігорск, Брэст, Барысаў), дзе праводзілася першамайская акцыя з балонікамі колеру вясны і надзеі?..

Смешна было глядзець на міліцыянтаў, якія казламі падскоквалі пад здзіўленымі позіркамі дзяцей, ловячы і прабіваючы балонікі. Знішчаючы, між іншым, няхай лятучую, паветраную, але ўсё ж чужую маёмасць, за што Тойва і Мацці былі б вытураныя з паліцыі ў каршэнь. Дый нашы міліцыянты, салідныя дзядзькі ў пагонах, пачуваліся ў такой сітуацыі ніякавата.

Не фінскае выйшла свята. Свінскае. Але што зробіш, калі прэзідэнт – не фін?

Можна апраўдацца: “Нічога не зробіш”. Толькі дзеці падрастуць і спытаюць: “А чаго гэта вы казламі падскоквалі?..”

“Калона яшчэ раз павярнула ўлева і стала аддаляцца... Вочы ў Вадзіма Альбертавіча ад напругі затуманьваліся і яму здавалася, што і сцягі, і транспаранты, і людзі разліваюцца ў святле, расплываюцца ў цемры, ператвараючыся ў нішто і сыходзячы ў нікуды... "Міраж, — падумаў ён, — міраж гэта ўсё. Страсенне паветра..."

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.68 (всего оценок: 69)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева