Мнения других авторов
- 17.12 // 20:56 Зьміцер Дашкевіч. ВЫБАРЫ. Гасподзь дае шанец // Статья
- 16.12 // 12:55 Максим Жбанков. КУЛЬТ-ТУРЫ. Выбор-2010: «Саня» против «Сани» // Статья
- 14.12 // 12:35 Анатолий Лебедько. ВЫБОРЫ. При власти, но не победитель // Статья
- 13.12 // 10:59 Александр Зимовский. РЕЗОНАНС. 20 декабря. Война нервов или стрельба по площадям // Статья
- 12.12 // 12:46 Александр Куллинкович. ХРОНИКИ. Злободневный некролог // Статья
Другие Мнения этого автора
- 21.09 // 13:51 Рыгор Кастусёў. БЕЛАРУСКАЯ БЕЛАРУСЬ. Футбол і вынікі перапісу // Статья
- 17.08 // 11:49 Рыгор Кастусёў. ГАНДУРАСКІ СЕРЫЯЛ. Як правільна глядзець «Хроснага бацьку-3» // Статья
Мнение
Рыгор Кастусёў. ВЫБАРЫ. Дзеля чаго мы змагаемся
Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, у траўні 2010 года рашэннем ХІІІ з’езду Партыі БНФ вылучаны на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ. |
Беларускі нацыяналізм таксама ёсьць адной з ідэяў, якія прэтэндуюць на гэткі статус.
Прынамсі, я цешу сябе такой думкай, і з гэтым перакананнем я іду на прэзідэнцкія выбары ў якасці кандыдата, вылучанага Партыяй БНФ. Беларускі нацыяналізм яшчэ не ўсё сказаў у беларускай палітычнай гісторыі. І памыляюцца тыя недальнабачныя палітыкі, якія разлічваюць нешта ўладкаваць на гэтай зямлі без уліку інтарэсаў нацыі, што тут жыве.
Бягучая агітацыйная кампанія, мабыць, пакідае ў шараговага выбаршчыка адчуванне стракатасці. Сапраўды, шаснаццаць год беларускі электарат не меў патрэбы разбірацца ў тым, якія праграмныя альтэрнатывы прапануе апазіцыя . Палітычная палітра была размаляваная выключна ў чорны і белы колеры, на палітычнай арэне ішла барацьба паміж дыктатарам і антыдыктатарскімі сіламі. Апошнія паступова гублялі будзь-якую ідэалагічную афарбоўку.
Сітуацыя вымагала карэннага перагляду, інакш нацыянальная палітыка рызыкавала б канчаткова пераўтварыцца ў спаборніцтва грашовых мяхоў. Іх падыход да палітыкі – гэта скласці бюджэт кампаніі, наняць пад выбары банду паліттэхнолагаў, натрэніраваць фронтмэна-лідара, набраць ландскнехтаў-актывістаў і, не дай божа, не запэцкацца хоць нейкай выразнай ідэалогіяй.
Далей сітуацыя “хвост віхляе сабакам” была б недаравальная. І цяпер на вядучыя ролі на беларускай палітычнай сцэне ізноў выходзяць ідэалагічна-афарбаваныя палітычныя сілы. Тыя, што грунтуюцца на каштоўнасцях. Тыя, што маюць ідэі, вартыя змагання.
Праграма – аснова ідэалагічнага складніку кампаніі
Падчас гэтых выбараў прэса карыстаецца разнастайнасцю кандыдатаў, што вылучыліся на прэзідэнта, і пастаянна ладзіць апытанні па розных праблемах грамадзкага жыцця. Сярод іншага, кандыдатам задаюцца пытанні пра іх светапогляд, правы чалавека, смяротнае пакаранне, знешнюю палітыку, шмат пытанняў адносна гаспадарчых праграмаў палітыкаў. Часам гэтыя параўнанні ідуць і па вельмі адмысловых аспектах грамадзкага жыцця. Мяне, як і іншых кандыдатаў, распытвалі нават і пра стаўленне да сэксуальных меншасцяў, а спецыяльны турыстычны сайт захапляўся маёй прапановай надаць нацыянальнаму аэрапорту імя народнага пісьменніка Васіля Быкава.
Але, бадай што, мне, як вылучэнцу Партыі БНФ, было прасцей адказваць на самыя мудрагелістыя пытанні. Таму што я прадстаўляю партыю, якая мае цэласную і несупярэчліваю карціну развіцця Беларусі.
Трымацца таго, што было зафіксавана ў нашых праграмных дакументах, – вось тая стратэгія, якой я кіраваўся падчас сотняў агітацыйных сустрэчаў, мітынгаў, інтэрв’ю і выступаў. Я свядома імкнуўся акцэнтаваць увагу на тым, што, як партыйны кандыдат, абапіраюся на грунт партыйных праграмных дакументаў.
1) У першую чаргу да іх належыць праграма Партыі БНФ 2002 года, прынятая VI-м Зьездам Партыi БНФ. Гэта ужо чацьвёртая праграма БНФ. Варта зазначыць, што сённяшнія ўлады прыйшлі да таго, што выконваюць першасную праграму Партыі БНФ пачатку 90-х. Нават нафта ў краіну цяпер пастаўляецца па шляхах, якія былі акрэсленыя апазыцыяй БНФ пад кіраўніцтвам Зянона Пазняка, па балта-чарнаморскім нафтавым калектары. У сённяшняй ўладнай групоўкі аніякай праграмы няма.
2) Перадвыбарчая платформа і перадвыбарчая праграма. Пры вылучэнні мяне кандыдатам травеньскі з’езд БНФ даручыў мне кіравацца перадвыбарчай платформай, што я і раблю падчас кампаніі. Аднак мы вядзем кампанію актыўную, камунікуем з выбаршчыкамі, і ўжо пасля рэгістрацыі мяне кандыдатам, падчас апублікавання афіцыйнай перадвыбарчай праграмы, у яе былі ўнесены новыя, дадатковыя пункты.
3) Маніфест аб абароне нацыянальных інтарэсаў адыграў значную ролю ў маім пазіцыянаванні напачатку кампаніі. Шчыра скажу, мы хацелі скарыстаць гэты дакумент як штуршок, якія прымусіў бы палітыкаў задумацца над сваімі учынкамі, і з гэтай роллю маніфест цудоўна справіўся. Некаторыя назвалі дакумент антырасейскім, але пачытайце ягоныя палажэнні. Ніводны свядомы палітык, які стаіць на грунце нацыянальных інтарэсаў, ад палажэнняў маніфэста не адмовіцца. Дзякуючы маніфэсту мы выйшлі на пагадненне ў межах выбарчай акцыі “Беларускі выбар”.
Пазьняк і Байкот
Я з вялікай павагай стаўлюся да Зянона Станіслававіча. Аднак у ацэнцы бягучай палітычнай сітуацыі ён глыбока памыляецца. Байкот ніколі не быў сродкам змагання і служыў апраўданнем нічоганерабленню. Але сёньня ён нясе смяротную небяспеку для незалежнасці нашай Бацькаўшчыны. Можа стацца, што, нарэшце, Крэмль захоча змяніць Лукашэнку на Хроснага бацьку-2, даслаўшы нам новага, больш паслухмянага сваім гаспадарам дыктатара, можа, з большым еўрапейскім лоскам. Бо яны там, у Крамлі, разглядаюць Беларусь як звычайную губернію, як Татарстан ці Башкартастан, дзе кіраўнікі ужо змененыя. І няўдзел нацыянальна дэмакратычных сілаў дазволіць Крамлю бесперашкодна рэалізаваць свой новы сцэнар. Гэтага дапусціць нельга. Мы павінныя ўмяшацца ў гэтую гульню і скарыстацца грамадзкай напругай, каб здзейсніць нацыянальна-дэмакратычную рэвалюцыю.
А Зянон Станіслававіч?.. Ведаеце, у гістарычным сэнсе ён перамог. Ягоныя ідэі, ягонае бачанне перамагло. Няхай сабе і не ў такой форме, як ён прадстаўляў. Незалежная Беларусь – гэта перамога Зянона і соцень іншых беларускіх дзеячоў ХХ стагоддзя, якія рупліва змагаліся за, здавалася б, безнадзейную справу. Але, выйграўшы гістарычна, як палітык Пазьняк — прайграў. Ён зрабіў выбар на карысць эміграцыі, і па чалавечы яго зразумець можна. Інакш мог паўтарыць лёс Ганчара і Захаранкі. Але ў палітыцы гэта было для яго заканчэннем кар’еры.
Я б мог параўнаць сённяшнюю сітуацыю з 1989-1991 гадамі, калі БНФ з Пазьняком на чале скарыстаў маскоўскія падзеі на карысць нацыянальным інтарэсам Беларусі, насуперак сапраўдным планам Крамля. Цяпер мы павінныя зноў зрабіць гэта, скарыстаць расійскі намер скінуць Лукашэнку, але не даць магчымасці крамлёўска-газпрамаўскай агентуры накінуць нам ярмо новай дыктатуры.
Праграма-мінімум і праграма-максімум
Я маю досвед палітычнай дзейнасьці больш за 20 год і цудоўна разумею, што першы дэмакратычны ўрад новай, свабоднай Беларусі непазбежна будзе ўрадам кааліцыйным. У ім будуць прадстаўлены магчымасці для рэалізацыі ўсіх здаровых ідэяў, якія выказваюць апазыцыйныя палітыкі.
Новых ідэяў няма толькі ў Лукашэнкі. Ягоная “пабудова дзяржаўнай ідэалогіі” пацярпела фіяска, і цяпер рэжым трымаецца толькі на расійскіх падачках, якіх усё меней, на тэлевізійным замбаванні насельніцтва ды на сілавых структурах падаўлення іншадумцаў. У ідэйным сэнсе Лукашэнка збанкрутаваў і мусіць сыйсці.
АПАД, АДКБ ды Эўразьвяз
Часам нас папракаюць, што мы акцэнтуем увагу на ўступленне ў Арганізацыю паўночнаатлантычнай дамовы (АПАД, вядомы як НАТО). Маўляў, давайце прыхаваем гэты пункт, бо ён выглядае занадта экзатычным і часам адштурхоўвае выбаршчыка. Але ж мы імкнемся давесці, што Беларусь мусіць зрабіць цывілізацыйны выбар, выбар на карысць заходняй цывілізацыі. І АПАД ёсць ядром, крэпасцю гэтай цывілізацыі. Ведаеце, нават Расія непазбежна будзе уключаная ў гэты блок, калі суцешыць свае імперскія амбіцыі, вызваліць паняволеныя народы. Бо толькі саюз з АПАД дазволіць Расіі процістаяць тым пагрозам, якія чакаюць яе з боку ісламскай і кітайскай цывілізацыі.
Мы прапануем выйсьці з АДКБ і вывесці з тэрыторыі краіны расійскія вайсковыя аб’екты. Гэта дазволіць распачаць працэс далучэння Беларусі да палітычных, а ў перспектыве — і да вайсковых элементаў еўраатлантычнай сістэмы бяспекі, а таксама прыняць удзел у пабудове новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі, якую вядзе Еўрапейскі Зьвяз. Згодна з перадвыбарчай платформай Партыі БНФ, АПАД павінна стаць гарантам незалежнасці Беларусі. Указ аб пераглядзе вайскова-палітычнай дактрыны на пасадзе прэзыдэнта я планую падпісаць пасля кансультацыяў з асноўнымі палітычнымі суб’ектамі, кіраўніцтвам Міністэрства абароны і Генеральнага штабу, і з улікам меркаванняў маючага адбыцца Канстытуцыйнага сходу.
АПАД – крэпасць заходняй цывілізацыі і гарантыя нашай нацыянальнай бяспекі.
Што да ўступленьня ў Эўразьвяз, – гэта далёкая перспектыва, але яе трэба трымаць за арыентыр. Тут больш важна не фармальнае далучэнне да структуры ЭЗ, а выкананне еўрапейскіх стандартаў у эканамічнай, сацыяльна-прававой ды палітычнай сферах. Я лічу, што Беларусь павінна ўступаць у Еўразьвяз моцнай, развітой дзяржавай. Таму спярша нам неабходна паўнавартасная дэсаветызацыя і набліжэнне да еўрапейскіх стандартаў, і толькі потым на парадку дня з’явіцца само пытанне пра ўступленне.
Сімволіка і Канстытуцыя
Гэтае пытанне зрабілася маркерам для сённяшняй палітычнай сцэны. Хто за Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг – той, маўляў, дэмакрат і нацыяналіст. Але не ўсё так проста.
Юрыдычна вяртанне да нацыянальнай сімволікі будзе магчымым праз вяртанне да Канстытуцыі 1994 года ў яе першасным варыянце, без паправак, прынятых на шматлікіх фальшывых рэферэндумах.
Але вяртанне да Канстытуцыі 1994 года натуральна не можа быць канчатковым вырашэннем праблемы інстытуцыйнай ўстойлівасці, бо у свой час гэты дакумент не перашкодзіў прыходу да ўлады Лукашэнкі. Пасля нам варта будзе вырашаць, якім будзе канстытуцыйны лад будучай Беларусі. Я выступаю за парламэнцкую рэспубліку, але, паводле перадвыбарчай платформы БНФ, гэтае пытаньне будзе вырашаць Канстытуцыйны сход.
Люстрацыя
Яшчэ адно пытанне, якое некаторыя дамарошчаныя паліттэхнолагі лічаць занадта рэзкім пунктам у маёй праграме. Маўляў, так мы напалохаем наменклатуру і не атрымаем ад яе падтрымкі. Але скажу адразу: люстрацыя не закране спецыялістаў і ўрадоўцаў, якія цяпер сумленна працуюць на сваіх пасадах. Упэўнены, што шмат хто з міністраў чакае, калі дыктатарскі рэжым рухне і можна будзе спыніць пабудову пацёмкінскіх вёсак. Ведаеце, мы ў жніўні канструктыўна камунікавалі з міністэрствам лясной гаспадаркі з нагоды канцэпцыі развіцця лясной гаспадаркі на 2011-2015 гады. І я вам скажу, што ў словах спецыялістаў адчувалася вялікае жаданне пераменаў, стомленасць ад тыранічнай сістэмы кіравання. Смешна, але лукашэнкаўская адміністрацыя адрэагавала на нашае ўзаемадзеянне па лясным пытанні ўзмацненнем ідэалагічнага ціску ў гэтым міністэрстве. Нядаўна апарат ведамства быў вымушаны сабрацца на сход у савецкім стылі дзеля дэманстрацыі лаяльнасці дыктатару.
Так што спяшаюся супакоіць чынавенства і спецыялістаў, што нікога з іх люстрацыя не закране. Дзякуй богу, ачышчэнне ад лукашызму не будзе патрабаваць ахвяраў.
А вось злачынцы, якія цяпер хаваюцца за фігуру дзеючага прэзідэнта, якраз і будуць падпадаць пад люстрацыю. Мы ня можам сабе дазволіць забыцца на палітычна матываваныя знікненні, збіцьцё дэпутатаў Парламенту і шматлікія факты рэпрэсіяў супраць вольнадумцаў. Усе факты парушэння законнасці мусяць быць расследаваныя аб’ектыўна. Дзеля гэтага будзе створана камісія па люстрацыі з шырокімі паўнамоцтвамі і ясным мэханізмам перадачы назапашаных матэрыялаў і вынікаў следзтва ў органы пракуратуры і суд. Матэрыялы для працы камісіі назапашаныя і чакаюць свайго часу. Усіх вінаватых чакае справядлівы і аб’ектыўны суд.
Прыватызацыя і гаспадарка
Няправільна, калі прэзідэнт або іншы чыноўнік аднаасобна вырашае пытанні продажу прадпрыемстваў, якія складаюць аснову нацыянальнага дабрабыту. Павінна быць створана спецыяльнае прыватызацыйнае агенцва. У яго склад павінны ўвайсьці і грамадзкія дзеячы з бездакорнай рэпутацыяй.
І вельмі важна тут – грамадскае абмеркаванне. Каб у прэсе абмяркоўваліся ўсе “за” і “супраць” кожнай буйной прыватызацыйнай здзелкі.
А вось Белтрансгаз мы ад расійцаў вернем беларускай дзяржаве. Бо гэтае прадпрыемства было перададзеная Крамлю (а Газпрам ёсць дзяржаўнай кампаніяй!) ўзамен на палітычную падтрымку рэжыму. Усе падобныя здзелкі будуць перагледжаныя з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў.
Прыватная ўласнасць на зямлю – лякарства ад многіх хваробаў грамадзтва, я ў гэтым перакананы. Напрыклад, інвестары зараз баяцца будаваць новыя прадпрыемствы ў Беларусі, бо няма ўпэўненасці ў захаванні інвестыцыяў. Прыватная ўласнасць на зямлю дасць магчымасці моладзі рэалізоўвацца там, дзе яны жывуць, і знізіць нагрузку на Мінск.
Дэмаграфічная сітуацыя, якая склалася цяпер, пагражае незалежнасці і самому існаванню беларускай нацыі. Кожная сям’я пры ўзяцці шлюбу павінна атрымліваць грант у памеры сярэдняга гадавога заробку, якім зможа скарыстацца пры нараджэнні другога дзіцяці.
Вырашэнне дэмаграфічнай праблемы немагчымае без умацавання сям’і і вырашэння жыллёвага пытання для шматдзетных сем’яў. Дзеля гэтых мэтаў будзе заснаваны Фонд будучых пакаленняў, у які будуць пераведзеныя сродкі з усіх прэзідэнцкіх фондаў, а таксама грошы, атрыманыя праз скасаванне органаў палітычнага пераследу.
Дэмакратыя і правы чалавека
Скасаванне смяротнай кары ёсць у маёй праграме. Улетку я далучыўся да падпісання петыцыі супраць смяротнага пакарання, так што гэтая мая пазіцыя цвёрдая і падмацаваная дакументальна. Адным з маіх першых крокаў будзе ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне і далучэнне да Эўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, каб для беларусаў адчыніліся еўрапейскія інструменты абароны правоў чалавека.
Прынцыпова важным для мяне з’яўляецца вяртанне да прынцыпаў прававой дзяржавы. Для гэтага трэба, каб законы мелі вышэйшую юрыдычную сілу за ўказы і дэкрэты прэзідэнта. Гэта будзе прынцыпам новай улады.
Таксама павінен быць справядлівы і незалежны ад выканаўчай улады суд, які будзе падпарадкоўвацца толькі закону, і свабодная прэса (уключаючы электронную)
Людзі стаміліся жыць у дыктатуры, яны прагнуць пераменаў. Але пытанні, якія яны задаюць сёння, можна было б вырашыць дзесяць год таму, калі б іх вырашэнне ажыццяўлялася з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў. Калі б улада слухала прапановы Партыі БНФ яшчэ ў 1994 годзе, сёння мы б жылі ня горш за суседзяў. Калі б у 1994 годзе кандыдат ад Партыі БНФ быў абраны кіраўніком дзяржавы, сёння Беларусь была бы рэгіянальным лідэрам.
Таму наша задача цяпер — не ўпусціць шанец, дзейнічаць дзеля пераменаў свядома, адказна, на падставе нацыянальных інтарэсаў. Я заклікаю людзей уважліва падыйсці да выбару, не памыліцца на гэты раз!
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева