Мнения других авторов
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 24.03 // 19:02 Алег Гайдукевіч. ДЗЕНЬ ВОЛІ. Ад БНР да Незалежнай Беларускай Дзяржавы // Статья
- 24.03 // 12:52 Наталья Рябова. КАК ОБУСТРОИТЬ БЕЛАРУСЬ. Крабий бюджет // Статья
Другие Мнения этого автора
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
- 06.03 // 18:08 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Вайна Лукашэнкі // Статья
- 30.12 // 14:00 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Комплекс Саланевіча // Статья
- 09.08 // 12:33 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. «СОМ-57» і «СУ-27-М» // Статья
- 02.02 // 12:54 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. З таго свету табе адзавуся // Статья
Мнение
Уладзімір Някляеў.ПРАЎДА. Маналог пра дыялог
Зратуем Беларусь!
Уладзімір Някляеў. Паэт, лідэр агульнабеларускай кампаніі “Гавары праўду!”. Кандыдат у прэзiдэнты Беларусi на выбарах 2010 года. |
Мы не чуем адзін аднаго. А калі чуем, дык толькі тое, што хочам пачуць.
Варта было кампаніі “Гавары праўду” загаварыць пра неабходнасць дыялогу — адразу закіды ў здрадніцтве, у змове з Лукашэнкам.Пакуль высвятляліся адносіны з намі, арыштавалі Алеся Бяляцкага. Беларускай дыктатуры аказала ў гэтым “прававую дапамогу” дэмакратычная Літва. Нас пляжылі за спробу дыялогу, а яго ўжо наладзіла з Лукашэнкам найбліжэйшая да нас еўрапейская краіна.
Як яно так сталася?
Адны даводзяць: знюхаліся спецслужбы. Іншыя заяўляюць: нехта з Мінску заплаціў некаму ў Вільнюсе. А чыноўнікі з літоўскага мінюсту разводзяць рукамі і кажуць разгублена: “Не дапялі, не падумалі. Выбачайце, вінаватыя”.
Ім ніхто не верыць ні ў Беларусі, ні ў Літве, ні ў Еўразвязе, ні ва ўсім свеце. А я схільны паверыць.
Чаму?
Бо мы самі, выбачайце, вінаватыя.
Дваццаць гадоў беларуская апазіцыя распавядае Еўропе і ЗША, чаго яна хоча, а ні Еўропа, ні ЗША так і не зразумелі: чаго?
Мы даводзім: “Наша мэта — дэмакратычная, свабодная, еўрапейская Беларусь. Наша мара — прававая дзяржава. Наша задача — адраджэнне гістарычный памяці, нацыянальнай культуры...” Нам адказваюць: “Добра! Перамажыце на выбарах — і ўсё гэта ў вас будзе”.
Вось тут звычайна — паўза. Рэпу чэшам. “Мы б і перамаглі, і ўсё было б добра, калі б не кепскі Лукашэнка...”
І так з году ў год...
Лукашэнка кепскі. І нават горшы за кепскага. Пра тое ўсе ведаюць. Але ж паўсюль былі і ёсць свае кепскія. У Літве таксама. Альгірдас Бразаўскас, Вітаўтас Ландсбергіс, Валдас Адамкус, Раландас Паксас… А цяпер кепская, нават горшая за кепскую Даля Грыбаўскайтэ. Бо размаўляе з Аляксандрам Лукашэнкам. І мы крычым, бо ў нас праблемы са слыхам, але няма праблем з горлам: «Здрада! Ганьба!.. Мы спадзяваліся на літоўцаў!..». А літоўцы, якія спадзяюцца на сябе, слухаюць і думаюць: прэзідэнты, міністры, добрыя і кепскія прыходзяць і сыходзяць, а мы застаемся. І дзяржава наша застаецца, і дзяржаўныя, і міждзяржаўныя інтарэсы… Дык пакуль дзіўнаватыя беларускія дэмакраты ўсё ніяк не могуць прыйсці не тое што да ўлады — да згоды, нам дзеля нашых інтарэсаў трэба размаўляць і дамаўляцца з той беларускай уладай, якая ёсць. Ну й, дамаўляючыся, закінуць пару слоўцаў за беларускую дэмакратыю, каб надта ўжо моцна яе не білі.
Гэтага мала? «А чаго вы, — здзіўляюцца літоўцы, якія самі адстаялі сваю свабоду, — яшчэ хацелі?..».
19 снежня білі моцна. І літоўскі амбасадар мужна ратаваў беларускіх дзяўчатак ад раз'юшанага беларускага спецназу. Калі нехта пра гэта забыўся, дык я помню. Як памятаю і пра дапамогу шведскага амбасадара, польскага, венгерскага, ангельскага, нямецкага, часовага паверанага ЗША…
Гэтага зусім не мала. Але ад усіх амапаўскіх дубінак амбасадары нас не абароняць. Дый не для таго яны тут.
Яны пыталіся пасля Плошчы: “Чым яшчэ мы можам вам дапамагчы?..” І кожны ведаў, і дакладна адказваў, чым. Калі лекамі, дык якімі.
Вось чаго ні Еўропа, ні Амерыка не могуць дабіцца ад беларускай апазіцыі. Дакладнага адказу на пытанне: “Чым яшчэ мы можам вам дапамагчы?”. Адказу, які не можа быць зведзены да хоць і эфектнай, але ўсё адно для Захаду няўцямнай фармулёўкі “ШОС!”. Бо што павінен зрабіць Захад, каб збылося гэтае самае “ШОС”? Падкупіць паварыху, каб падмяшала мыш'яку ў зацірку? Прыслаць туды, дзе пяюць дразды, роту амерыканскіх “марскіх коцікаў”? Бамбануць рэзідэнцыю натаўскімі самалётамі?..
Захад не выведзе на Плошчу рабочых МТЗ і МАЗа.
Захад ні ў чым не стане пераконваць ні амапаўцаў, ні спецназаўцаў.
Захад не змусіць суддзяў быць справядлівымі, а міліцыянтаў адмовіцца ад ілжывых сведчанняў.
Захад не ўгаворыць беларускую ўладу не йсці на злачынствы. Ён мог бы мацней націснуць на яе праз эканамічныя санкцыі, але не бачыць, які з таго эфект? Ён мог бы абумовіць крэдыты, увогуле эканамічную падтрымку зменамі ў нашых законах, але не ведае, канкрэтна ў якіх і канкрэтна для чаго? Захад увогуле не разумее, хто мы такія і што ў нас адбываецца! — вось у чым асноўная праблема. І гісторыя з арыштам Бяляцкага гэта толькі пацвердзіла.
Як і чаму праблема ўзнікла? Мы ж нібыта даводзілі й даводзілі, тлумачылі й тлумачылі, казалі й казалі… Так, даводзілі і тлумачылі, казалі, але кожны — пра сваё.
Праваабаронцы — пра правы і свабоды, пра невыносны рэжым у турмах, пра гвалт над жанчынамі і дзецьмі. Абавязкова — пра неабходнасць адмены смяротнага пакарання, бо пра гэта прынята казаць у Еўропе.
Дзеячы культуры, мастакі, літаратары — пра катастрафічны стан нацыянальнай мовы. Колькі разоў я сам распавядаў, што для таго, каб дапытаць беларускага паэта Уладзіміра Някляева па-беларуску, у Камітэце дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь знайшоўся толькі адзін следчы — і той зрабіць гэтага не здолеў.
Прадстаўнікі нацыянальных і рэлігійных меншасцяў распавядаюць на Захадзе пра пераслед сяброў іх суполак, пра немагчымасць атрымаць гуманітарную дапамогу, неабходную літаратуру...
Усё яно — праўда. Так і ёсць, як кажуць праваабаронцы, рэлігійныя дзеячы, прадстаўнікі культуры. Пытанне толькі ў тым, чаго ў такім разе павінны патрабаваць Еўропа з Амерыкай ад беларускай улады?
Адмены смяротнага пакарання?
Увядзення пасады амбудсмена?
Адкрыцця тузіна школ і аднаго ўніверсітэта з навучаннем па-беларуску?
Спрашчэння працэсу регістрацыі релігійных, нацыянальных суполак?..
Як у рэкламе пыталіся: “Колькі ўзважваць?!.” Калі дадаць сюды барацьбу з супрацьтанкавымі мінамі, неабходнасць прытулкаў для бяздомных катоў ды сабак, праблему ворыва на забруджаных тэрыторыях, дык парадак дня, які цалкам задаволіць цяперашнюю беларускую ўладу, будзе складзены.
Нешта накшталт таго ўжо й адбываецца.
Палітрук Уладзімір Макей, які звёў рахункі з палітычным жыццём падчас выбараў 2010 года, рэанімаваны разам са сваёй грамадска-кансультацыйнай радай. Сяброў яе прашу на мяне не крыўдаваць, я не пра персаналіі. Я пра тое, што сама рада прыдумана Макеем, склад яе вызначаны Макеем, кіруецца яна Макеем і склікаецца па жаданні Макея. Чаму раптам пра яе, як і пра Макея, успомнілі? Бо ў паветры запахла дыялогам. Тым самым, які я, пераступіўшы праз усё асабістае, прапанаваў уладзе адразу па выхадзе з СІЗА КДБ — і чаго чуць не захацела значная частка актывістаў беларускай апазіцыі. Яны крычаць: “ШОС!” — і ім здаецца, што вось-вось яно спраўдзіцца. Неяк ці само — ці ад крыку, праз які насамрэч яны толькі аддаляюць перспектыву палітычных рэформаў і працуюць па-сутнасці на палітрука Макея, перад якім пастаўлена адна, але найважная на сёння задача: яшчэ раз падмануць Захад. Вы жадаеце дыялогу з грамадскасцю? Дык вось жа ён! І вось яна — грамадскасць! Усе сур'ёзныя, канструктыўна настроеныя людзі, якіх рэальна хвалюе лёс краіны! Яны ўзважана патрабуюць саступак — і ўлада з радасцю гатовая ім саступіць! І не трэба нам апладысментаў…
І пойдзе ўлада на саступкі!
І будзе ўведзеная пасада амбудсмена, і зойме яе нехта з сяброў рады!
І расчыняцца дзверы тузіна беларускамоўных школ і аднаго ўніверсітэта!
І будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне!
І…
І ўсё застанецца, як было. Бо і нацыянальныя школы былі. І следчыя КДБ беларускую мову вывучалі. І свабодна рэгістраваліся грамадскія суполкі… І ўсё ў адзін момант перапынілася. Скончылася. Бо забраныя былі галоўныя свабоды — палітычныя. Людзей пазбавілі права выбара. Вызначэння напрамку, курсу, па якім рухацца краіне. Сказалі: ўсё ўжо вызначана. Раз і назаўсёды.
Я пайшоў на прэзідэнцкія выбары, каб раз і назаўсёды гэта змяніць. Каб раз і назаўсёды ўзаконіць права свабоднага выбару. Не ўдалося дайсці да гэтага найкароткім шляхам — пайду даўжэйшым. І калі вы спытаеце, чыю праграму я падтрымаў бы сёння на прэзідэнцкіх выбарах, адкажу: калі не сваю, дык Дзмітрыя Вуса. Кандыдата ў прэзідэнты, над якім цынічна пасмейваліся праз ягонае кепскаватае здароўе і не чулі, чуць не хацелі, як ён патрабаваў найважнага, самага галоўнага, што павінен мець кожны чалавек, грамадства, краіна: права на выбар. І ніхто — уключна са мной — не адстойваў на тых выбарах сваю пазіцыю больш сумленна, чым ён. Да канца, да суда, на які ён прыйшоў з ужо сабранымі ў турму рэчамі: “Калі трэба пакутваць — буду. Правата на маім баку…”
Так, правата на ягоным баку. Ад таго, ці вернем мы права на выбар, будзе залежыць і статус амбудсмена ў нашай краіне (ёсць жа ў нас цалкам марыянетачны Канстытуцыйны суд), і свабода релігійных і нацыянальных аб'яднанняў, і стан беларускай мовы, і павага да айчыннай культуры, гісторыі…
Палітычныя свабоды — першасныя. Грамадства будзе іх патрабаваць. Улада гэта разумее, таму і спрабуе праз Макея прапанаваць Захаду імітацыю дыялогу з грамадзянскай супольнасцю. Апазіцыя ж тым часам занятая высвятленнем таго, хто ў ёй герой, хто здраднік — і героі разам са здраднікамі хорам крычаць: “ШОС!” Таму няма ні агульнага рэгламенту дыялогу, ні ўзгодненага парадку дня, ні хоць неяк прапісаных сцэнароў магчымага развіцця падзей. І калі раптам заўтра ўлада вызваліць палітзняволеных, запросіць міжнародных назіральнікаў і прадэкларуе гатоўнасць хоць у нечым пайсці насустрач беларускай апазіцыі, дык палітычныя партыі будуць выглядаць горай за суполкі па ратаванні кінутых катоў і сабак. Бо тыя суполкі даўно дамовіліся нават пра дробязі (напрыклад, што іхнія сабакі іхнім катам хвасты не адгрызаюць), а мы ніяк не можам дамовіцца пра галоўнае.
Не пра ШОС! А пра ШТО?
ШТО мы разам стрыжнявой умовай дыялогу ставім вызваленне палітзняволеных — гэта першае.
ШТО мы разам не дапускаем падмены дыялогу ягонай імітацыяй — гэта другое.
ШТО мы разам выпрацоўваем фармат дыялогу, ягоны рэгламент, парадак дня — гэта трэцяе.
І чацвёртае: кожны крык кшталту: “Ды хто з вамі размаўляць будзе!” — альбо: “Ды вы з кім гаварыць надумалі!” — лічым правакацыяй, выкінутай на спажыванне з нетраў КДБ ці іншых службаў, якія ёсць падпоркамі сённяшняга палітычнага рэжыму.
Дыялог зусім не азначае супрацоўніцтва з уладай у тым, у чым нельга, немагчыма супрацоўнічаць. Ён не азначае спынення барацьбы з рэжымам за дэмакратычную Беларусь. Ён азначае толькі тое, што мы разумеем: выйсці з міжнароднай ізаляцыі, з сітуацыі палітычнага і эканамічнага крызісу можна толькі агульнымі намаганнямі ўсяго грамадства. І дыялог магчымы толькі ў тым выпадку, калі і ўлада гэта зразумее. Трэба дапамагчы ёй гэта зразумець. Прапанова дыялогу — крок да такога разумення.
Перадумовай фармальнага дыялогу апазіцыя-улада павінен стаць нефармальны дыялог апазіцыя-грамадзянская супольнасць. Прапанаваны ён грамадзянскай супольнасцю быў яшчэ вясной, але палітыкі прапановы не пачулі. Магчыма, праз тое, што сітуацыя была вельмі напружанай: пачыналіся палітычныя судовыя працэсы. Цяпер трэба вярнуцца да ідэі малога дыялогу ў дэмакратычным асяродку як першага кроку да вялікага дыялогу ў нашым грамадстве.
Нам трэба змяніць правілы палітычнага жыцця ў краіне, зблізіццца ў гэтым з Захадам. Знайсці агульную палітычную мову, прыйсці да ўзаемазразумелых сэнсаў, паняццяў. Тады нас пачуюць і здолеюць дапамагчы. Дзеля гэтага мы павінны зблізіцца самі з сабой. Як паказвае досвед — гэта найцяжэйшае з усяго, што мы мусім зрабіць. Але мусім. Каб зратаваць Беларусь.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии