Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Антон Тарас. ПУЛЬС. Канец маленькага ўтульнага свету

 

Беларусь стаіць на парозе сур’ёзных грамадскіх узрушэнняў. Калі гісторыкі не памыляюцца ў сваіх тэорыях, то хутка мы прачнемся ў крыху іншай краіне.

Антон Тарас (31 ліпеня 1983, Мінск). Карэспандэнт інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Працаваў перакладчыкам англійскай мовы ў галіне СМІ. Прафесійныя цікавасці: міжнародныя стасункі, правы чалавека.

Адной з адметных асаблівасцяў урада, чыя ўлада заканчваецца, з’яўляецца яго няздольнасць аператыўна рэагаваць на звесткі пра наяўную абстаноўку. Гэта тым больш актуальна ў нашым стагоддзі, якое, на думку расійскага эксперта ў галіне кіравання часам, генеральнага дырэктара кампаніі «Арганізацыя часу» Глеба Архангельскага (і не толькі яго) з’яўляецца стагоддзем інфармацыі. «Калі ўзгадаць заняпад вялікіх імперый, можна выдзеліць адну агульную ўласцівасць: самыя высокія эшалоны ўлады робяцца нечуллівымі да інфармацыйных сігналаў — лістам з месцаў, данясенням і да т.п., — адзначае Глеб Архангельскі. — Самасупакоенасць і самазадаволенасць прыводзяць да глухаты».

Пра тое, што ў Беларусі ўтварылася менавіта такая сітуацыя, сведчаць, напрыклад, заявы беларускіх чыноўнікаў, якія, нягледзячы на крызіс, бяздзейнічаюць і адно што супакойваюць народ да працягваюць цалкам шчыра хваліць капітана карабля, што тоне, за мудрае кіраванне і ўнікальнасць пракладзенага курса. Чаго толькі вартае выказванне старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка, які прапанаваў вылучыць Аляксандра Лукашэнку на Нобелеўскую прэмію па эканоміцы!

«Ідэя пабудовы дзяржавы з сацыяльна арыентаванай эканомікай, якую першым прапанаваў прэзідэнт краіны — гэта ідэя сусветнага значэння, новае слова ў тэорыі развіцця грамадства і дзяржавы, — заявіў прафсаюзны лідар улетку, калі валютны крызіс ужо лютаваў. – Пройдзе дзясятка два гадоў, і я ўпэўнены, што сучасныя эканамісты сфармулююць матрыцу эканамічных механізмаў, якія дазволяць вырашаць задачы такога грамадства».

Вось толькі ці праіснуе яшчэ два дзясяткі гадоў рэжым спадара Лукашэнкі?!

Не варта думаць, што глухатой да інфармацыйных сігналаў беларускія ўлады захварэлі толькі сёлета. Пра тое, што можа здарыцца штосьці падобнае на цяперашні крызіс, іх папярэджвалі ўжо даўно. «Мы можам сутыкнуцца з неплацежаздольнасцю беларускага ўрада і эканомікі ў сувязі з недастатковасцю золатавалютных рэзерваў», — заяўляў міністр фінансаў Расіі Аляксей Кудрын яшчэ ў 2009 годзе.

А яшчэ ён казаў, што «стрымліванне валютнай палітыкі прывядзе да вялікіх праблем у будучыні», і што «адміністратыўны рэсурс Беларусі падмяняе рынкавыя механізмы і рэгулюе доступ да валютных сродкаў прадпрыемстваў».

Чалавек, які ў снежні 2010 года прадказаў беларускую дэвальвацыю і яе прыкладныя тэрміны, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, польскі дыпламат Марэк Буцька лічыць, што прынцыпова вырашыць праблемы беларускай эканомікі можа толькі прыватызацыя. На яго думку, мадэрнізацыю эканомікі «нельга рабіць у межах дзяржаўнай цэнтральнай сістэмы, цэнтральнага кіравання эканомікай, прычым сацыялістычнай эканомікай, у якой самая вялікая ўласнасць знаходзіцца ў руках дзяржавы».

Неўспрымальнасць улад да сігналаў пра рэальнае становішча пацвярджаецца ўсім, што адбывалася ў гэтым годзе — спачатку катастрафічным, насуперак рэкамендацыям шэрагу экспертаў (напрыклад, былога дарадчыка прэзідэнта Расіі эканаміста Андрэя Іларыёнава) адкладваннем дэвальвацыі беларускага рубля; і, у дадатак, няздольнасцю вырашыць ганебную для сучаснай еўрапейскай дзяржавы сітуацыю з недахопам валюты.

Аляксандр Лукашэнка быццам бы агучыў, нарэшце, меры па стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку. Але сярод іх няма самай перспектыўнай — а менавіта, абмежавання дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, пачатку ўпэўненага пераходу да рынкавай эканомікі.

Беларуская мадэль ледзьве дыхае, але тыя, у каго ёсць улада, упарта імкнуцца гэтага не заўважаць, займаючыся крызісным кіраваннем і выбіраючы салодкі сон, але не клопат пра далёкую будучыню дзяржавы.

У адказ на гэта чытач можа сказаць, што самыя кемлівыя кіраўнікі, вядома, у дастатковым аб’ёме валодаюць інфармацыяй пра рэальны стан рэчаў у Беларусі. Не спрачаюся, разуменне сітуацыі, заснаванае на аналітычных запісках і стасунах з элітамі, дазваляе фігурам накшталт кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзіміра Макея будаваць некаторыя планы адносна сваёй будучыні. Але ці не адарванае такое разуменне ад рэальнага жыцця людзей, якія хутка ўсур’ёз пачнуць дамагацца перамен — і не толькі таму, што ім не хапае валюты ці мяса?

Само па сабе бядотнае становішча ў эканоміцы не вядзе да сацыяльнага выбуху. Па маім глыбокім перакананні, рэвалюцыя адбываецца тады, калі ў дзяржаве на працягу некаторага часу назіраецца паступовае паляпшэнне жыцця грамадзян, а затым улада альбо перапыняе гэтае развіццё, альбо апынаецца няздольнай падтрымліваць дастаткова хуткія перамены. І вось тады людзям хочацца большага; яны выходзяць на пляц і застаюцца там, пакуль не дамогуцца свайго.

Гэта не мая думка, яна прысутнічае ў літаратуры як мінімум з XIX стагоддзя.

У заключэнне прывяду ўрывак з выдадзенай у Нью-Ёрку кнігі спецыяліста Стывена Лі «Аспекты еўрапейскай гісторыі»: «У сярэдзіне XIX стагоддзя Алексіс дэ Таквіль вылучыў тэорыю, што французская рэвалюцыя разгарнулася, калі ўмовы паляпшаліся. Ён адзначыў: «Да рэвалюцый не заўжды прыводзіць толькі пагаршэнне умоў жыцця народа». Акрамя таго: «Грамадскі парадак, які разбурае рэвалюцыя, амаль заўсёды горшы за той, што непасрэдна ёй папярэднічаў». У 1962 годзе Джэймс Дэвіс выкарыстаў крыху іншы падыход, але пахваліў бачанне дэ Таквіля. Ён прапанаваў, што «рэвалюцыі, цалкам верагодна, адбываюцца, калі на змену працягламу перыяду аб’ектыўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця прыходзіць перыяд рэзкага адкату». Гэта, здаецца, пацвярджаюць агульныя эканамічныя тэндэнцыі XVIII стагоддзя».

Паступовы рост эканамічнага дабрабыту беларускіх грамадзян перапынены. Невінаватыя вязні нашых «бастылій» чакаюць вызвалення. І хто ведае, выйдуць яны на волю па літасці ўлады альбо будуць вызвалены натоўпам.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.60 (всего оценок: 20)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • Для революции нужна организаующая сила. Политический субъективный фактор: партия, движение. А наша продажная прозападная, марионеточная оппозиция таким фактором не является. Она даже между собой договориться по каким-то вопросам не в состоянии. Так что возглавить революцию в Беларуси некому. Хотя революционная ситуация в целом складывается. Тут согласен.