Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Аляксандр Мілінкевіч. ЗА СВАБОДУ. Рушым далей і да перамогі!


Аляксандр Мілінкевіч. Старшыня Руху “За Свабоду”. Нарадзіўся ў 1947 годзе ў Гродне. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт. Намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкаму (1990-1996). Кандытат у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў у 2006 годзе. Лаўрэат прэміі Еўрапейскага парламенту імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”.

5 год — дастаткова доўгі перыяд жыцця чалавека, арганізацыі ці ідэі, каб ацаніць вынікі дзейнасці, спраўдзіць кірунак развіцця, прааналізаваць ды выправіць недахопы.

Рух “За Свабоду" адзначае першы малы юбілей у працоўным парадку — нават пікніка правесці не далі


Найперш, у чым адметнасць руху “За Свабоду”?

Мы — арганізацыя, створаная на хвалі народных пратэстаў 2006 году. Пасля чарговых сфальсіфікаваных выбараў мы хацелі аб’яднаць усіх тых, хто хоча жыць годна, у краіне без хлусні, дзе людзі і ўлада паважаюць закон і адзін аднаго.

Мы — адна з нямногіх дэмакратычных структураў, якая была афіцыйна зарэгістравана аўтарытарнай уладай Беларусі ў апошнія гады. Што праўда, пасля чатырох спробаў і пільнай увагі з боку нашых еўрапейскіх сяброў на пачатку дыялогу.

Адна з нашых статутных задач — “садзейнічанне стварэнню ўмоваў для правядзення ў Беларусі ўсеагульных, свабодных і роўных выбараў прэзідэнта, дэпутатаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі”. Калі па логіцы, дык, рэгіструючы нас, улада дэ-факта прызнала, што ў Беларусі сёння няма ўмоваў для такіх выбараў.


Што такое Рух сёння?

Рух — гэта сотні актывістаў па ўсёй Беларусі, якія сваёй штодзённай дзейнасцю будуюць грамадзянскую супольнасць і пашыраюць еўрапейскія каштоўнасці ў краіне, бо развіццё і самаарганізацыя грамадзянскай супольнасці і еўрапеізацыя Беларусі — галоўныя кірункі нашай дзейнасці

Рух — гэта праваабарончая дзейнасць у супрацоўніцтве і праз Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць”.

Рух — гэта сцэнары рэфармавання і мадэрнізацыі Беларусі праз супрацоўніцтва з паўсотняю вядомых беларускіх экспертаў і спецыялістаў, тэматычныя канферэнцыі і круглыя сталы ў рамках “Народнай праграмы”. 

Рух — гэта сетка Еўрапейскіх клубаў як пляцовак, дзе адбываюцца інфармаванне і абмеркаванні, навучанне і пашырэнне ведаў пра аб’яднаную Еўропы і месца ў ёй Беларусі.

Рух — гэта штогадовае ўручэнне прэміі імя Васіля Быкава "За свабоду думкі", лаўрэатамі якой ужо сталі Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Павел Севярынец, Алесь Пушкін, Ада Райчонак і Ўладзімір Някляеў. 

Рух — гэта трывалыя сувязі з уплывовымі дэмакратычнымі арганізацыямі і палітыкамі Еўропы і ЗША дзеля пераадолення самаізаляцыі Беларусі і вяртання яе ў сям’ю вольных еўрапейскіх народаў. Адна з галоўных заслугаў Руху за гэтыя гады — тое, што пра Беларусь пачалі больш сур'ёзна размаўляць у аб’яднанай Еўропе.

Можна сказаць, што Рух адбыўся як аб’яднанне свабодных беларусаў. Аднак шмат чаго з запланаванага і пажаданага не было дасягнута. Кожны з нас адчувае і мае сваю долю адказнасці і за здзяйсненні, і за няўдачы.

Але мы не пасыпаем галовы попелам.

Нас яднаюць нашы каштоўнасці, наш беларускі патрыятызм, прыхільнасць ідэі еўрапейскай інтэграцыі, адэкватнае ўспрыняцце сітуацыі ў краіне і нашых магчымасцяў, каб дамагчыся зменаў да лепшага.

Наша праеўрапейскасць — не замена, а дадатак да нашай прабеларускасці. Мы разумеем: няма чароўнай палачкі, панацэі ад усіх бедаў. Галоўны цяжар арганічнай працы трэба рабіць нам. Тут і цяпер. Еўрапейская інтэграцыя — толькі дадатковы чыннік, які можа паспрыяць эфектыўнаму адказу на выклікі крызісу. Цяперашні крызіс у еўразоне абумоўліваецца ранейшымі нацыянальнымі рашэннямі і палітычнымі прэферэнцыямі, а не празмернай інтэграцыяй.

Еўрапейская будучыня Беларусі павінна стварацца ўжо сёння. Нашы задачы — заахвоціць у грамадстве дыскусію аб бачанні будучай Беларусі, паглыбіць веды пра гісторыю, перавагі і выклікі еўраінтэграцыі, дасягненні і памылкі рэформаў новых чальцоў Еўразвязу, весці падрыхтоўку будучай рэгіянальнай уладнай эліты, распрацоўваць дарожныя мапы беларускіх рэформаў разам з экспертамі Славакіі, Эстоніі, Польшчы ды іншых краінаў-суседзяў. Мы хочам дагрукацца да маладых дынамічных патрыётаў Беларусі, якім і выпадзе будаваць яе “пасля”

Наша грамадства за 5 апошніх год пасталела, стала менш наіўным і больш патрабавальным. Але яно яшчэ да канца не абудзілася ад постсавецкага аўтарытарнага сну. Нам належыць адчуць ягоны пульс і эфектыўна адказваць на запыты ды чаканні, не цураючыся сваіх базавых каштоўнасцяў. Час пазітыўнай альтэрнатывы вымагае ад нас салідарнасці, кампетэнтнасці, адкрытасці і адказнасці.

Толькі даказаўшы, што салідарнасць — гэта не пусты гук, мы зможам звацца людзьмі.

Рух — грамадская арганізацыя, і мы разумеем, што грамадская дзейнасць сёння дае нам шырэйшыя магчымасці працаваць з людзьмі. Але чальцы Руху могуць і павінны мець палітычныя амбіцыі, балатавацца і думаць пра неабходнасць пры патрэбе аб’яднання ў межах уплывовай правацэнтрысцкай партыі. Абставіны могуць хутка змяніцца, і нам трэба быць гатовымі да розных сцэнароў.

Сябры, паплечнікі! Дзякуй за самаахвярнасць дзеля Беларусі і за салідарнасць у імя справядлівасці і свабоды. Веру — можам і пераможам!

Дай Божа нам волі і розуму, а беларусам — трываласці, патрыятызму ды годнасці!

Рушым далей і да перамогі!

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 2.97 (всего оценок: 34)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева