Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Хто скраў грошы на будаўніцтва лядовага палаца ў Шклове?
Жыхары Шклоўшчыны ўжо і спадзявацца перасталі, што калісці лядовая арэна будзе пабудавана, і шкадуюць аб сапсаваным маляўнічым месцы...
Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ. |
Выступаючы 1 лістапада на паседжанні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта, А.Лукашэнка запатрабаваў выкаранення фінансавых і іншых парушэнняў дысцыпліны ў сферы спорту і заявіў аб недапушчэнні фактаў карупцыі.
А яшчэ раней, 26 кастрычніка, на сходзе Нацыянальнага алімпійскага камітэта ён паабяцаў надзець кайданкі на некаторых функцыянераў ад спорту, хто, па яго меркаванню, нажываўся на беларускім спорце, будуючы катэджы...
Па сведчаннях прадстаўнікоў беларускіх уладных структураў, у нашай краіне сфармавана непрымірымая пазіцыя дзяржавы па супрацьдзеянню карупцыі і яе злачынным праявам. У апошнія гады на дзяржаўным узроўні прыняты шэраг законаў і праграм, скіраваных на барацьбу з гэтай негатыўнай з’явай.
Гэта, перш за ўсё, закон “Аб барацьбе з карупцыяй”, які ўступіў у сілу ў студзені 2007 года.
У 2007-2010 гадах у Беларусі рэалізоўвалася Дзяржаўная праграма па барацьбе з карупцыяй на 2007-2010 гады.
У верасні 2010 года зацверджана Дзяржаўная праграма па барацьбе са злачынствамі і карупцыяй на 2010-2012 гады.
Дзеля выканання указа прэзідэнта ад 17.12.2007 № 644, у сталіцы створаны цэлы штаб па барацьбе са злачынствамі і карупцыяй, старшынём якога з’яўляецца пракурор горада Мінска...
Але, нягледзечы на, здаецца, актыўныя меры з боку ўладаў, карупцыя ў краіне разрастаецца непамернымі крокамі. Ужо і сфера спорту па ацэнцы карупцыйнага складніка зблізілася з найбольш карумпаванымі галінамі вытворчасці. Такімі, як будаўніцтва, перапрацоўка, сельская гаспадарка.
Толькі, напрыклад, у сферы будаўніцтва, не кажучы ўжо пра іншыя, за 2010 год, па заключэнню сілавых структураў, каля 730 міліярдаў рублёў бюджэтных грошай былі выведзены ў нелегальны абарот (скрадзены). А гэта перавышае нават агульны кошт такога аб’екта, як “Мінск-Арэна”, уведзены ў строй напачатку 2010 года.
І колькі ж можна было бы пабудаваць толькі за гэтыя сродкі новых лядовых палацаў, іншых спартыўных аб’ектаў, будаўніцтва якіх было запланавана ў разнастайных гарадах краіны. Такіх, напрыклад, як лядовая арэна на 280 месцаў у горадзе Шклове.
Будаўніцтва лядовага палаца ў Шклове было распачата ў другім квартале 2010 года, і планавалася, што аб’ект будзе здадзены ў эксплуатацыю ў 2011 годзе. Пад будаўніцтва арэны адведзена самае маляўнічае месца на беразе Дняпра, дзе раней шматлікія шклаўчане бавілі свой вольны час.
На прылеглай да палаца тэрыторыі планавалася будаўніцтва летняга амфітэатра, лыжаролернай трасы, пляжа, выратавальнай станцыі, прычала для турыстычнага цеплахода і іншых пракатных плаўсродкаў для прагулак па Дняпры.
Праектны кошт будаўніцтва аб’екта на пачатку яго ўзвядзення складаў каля 50 млрд. рублёў.
Прайшоў час, на зыходзе ўжо 2012 год, а пра завяршэнне будаўніцтва палаца і не варта гаварыць, бо работы замарожаны на этапе падрыхтоўкі пляцоўкі з-за адсутнасці фінансавых сродкаў.
Месца, дзе раней гараджане нярэдка адпачывалі, зараз нагадвае палігон для выпрабавання цяжкай вайсковай тэхнікі.
Жыхары Шклоўшчыны ўжо і спадзявацца перасталі, што калісці лядовая арэна будзе пабудавана, і шкадуюць аб сапсаваным маляўнічым месцы на беразе ракі.
Не можа адказаць на пытанне аб лёсе лядовага палаца кіраўніцтва мясцовага райвыканкама.
Маўчыць і А.Лукашэнка. Бо сітуацыю з будаўніцтвам лядовай арэны ён назіраў у час адкрыцця рэканструяванага аўтамабільнага маста праз раку Днепр у Шклове 6 ліпеня 2012 года.
Ды што тут скажаш...
І толькі як грыбы пасля дажджу растуць шыкоўныя катэджы разнастайных беларускіх чыноўнікаў ад спорту, ад сферы будаўніцтва, сельскай гаспадаркі... І растуць не толькі ў Беларусі, а і па-за межамі нашай краіны.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. |
Обсудим?