Мнения других авторов
- 26.09 // 12:22 Маттео Мекаччи. ВЗГЛЯД ОБСЕ. Народ Беларуси заслуживает лучшего // Статья
- 25.09 // 11:58 Андрей Курейчик. ПИСЬМА МИНСКОМУ ДРУГУ. Письмо четырнадцатое: о выборах // Статья
- 24.09 // 10:20 Александр Зимовский. РЕЗОНАНС. Гомосексуал в кабинке. Записки наблюдателя // Статья
- 23.09 // 14:09 Алена Германович. ВЫБОРЫ. Финальный аккорд баяна // Статья
- 22.09 // 12:41 Владимир Некляев. ПРАВДА. Очевидное и вероятное // Статья
Мнение
Алесь Лагвінец, Рыгор Астапеня. МАДЭРНІЗАЦЫЯ. Беларусы мусяць самі кшталтаваць свой лёс
Казаць пра рэформы — абавязак кожнага палітыка, які верыць у Беларусь і дбае пра лепшыя магчымасці для нашай краіны. Дзеля гэтага трэба разумець, адкуль нашы праблемы і якім чынам іх можна вырашыць. Адна з праблемаў — дэфіцыт грамадзянскай культуры і, адпаведна, нізкі ўзровень грамадскай дыскусіі і адказнасці людзей за паспалітую справу, Res Publica.
Даследаванні грамадскай думкі усё больш паказваюць: ранейшая прымітыўная формула "болей чаркі, болей шкваркі" мала каго натхняе. Кожны хацеў бы бачыць Беларусь краінай рэальных магчымасцяў для як мага большага кола людзей, а не ўсяго толькі тэрыторыяй, дзе ўлада трошкі згадвае пра людзей хіба што пад выбарчыя кампаніі, штучна накручваючы заробкі і старанна хаваючы сапраўдны стан рэчаў.
Сёння неабходна зрабіць так, каб беларусы не проста пасіўна згаджаліся на мадэрнізацыю, якую нібыта мусіць нехта для іх зрабіць, але і самі пачалі вымагаць нармальных зменаў — павагі да сябе і сваіх правоў з боку ўладаў, эфектыўнай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі, якая дазваляе самарэалізавацца і гарантуе годны лад жыцця, а таксама фармавання аўтэнтычнага беларускага духу і беларускай мары, не горшай за іншых, а для нас беларусаў, вядома, самай жаданай і выключнай.
Царская і савецкая імперыі рабілі ўсё, каб пераканаць людзей, што яны самі ні на што не здатныя, затое “наверсе” наперад ведаюць, што трэба і важна. Сённяшні посткамуністычны аўтарытарызм ідзе тым жа шляхам. Таму лічым, што галоўнай ідэяй рэформаў у Беларусі мусіць быць вяртанне людзям веры ў сябе, веры ў тое, што Асоба, беларус можа сам кшталтаваць свой лёс.
Натуральна, калі ў краіне няма жывое грамадскае дыскусіі, няма свабоды слова, няма сапраўднага парламента, няма мясцовага самакіравання, а законы пішуцца і перапісваюцца толькі дзеля патрэбы самадзяржаўнага ручнога кіравання — ці можа ў такіх умовах развівацца чалавек, грамадства або эканоміка? Менавіта таму нам здаецца, што чым хутчэй беларусы адчуюць патрэбу і моц сваёй уласніцкай, грамадзянскай і нацыянальнай годнасці, тым хутчэй яны здолеюць раскрыць свой патэнцыял і патэнцыял краіны.
Першы крок — гэта адкінуць ідэалагічнае шалупінне, якое запаланіла дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, што існуюць за паспалітыя грошы. Трэба ня весціся на ману пра “эканамічны цуд” і вельмі эфектыўную сацыяльна-эканамічную мадэль, нібыта пабудаваную сённяшнімі уладамі.
Сапраўды, пра якую “стабільнасць” кажуць людзі, што займаюць дзяржаўныя пасады? Хіба што толькі пра стабільнасць бітваў пенсіянераў за сацыяльнае малако (і тое ўжо скасавалі), стабільнасць працоўнай міграцыі ў Расію і стабільнасць жадання маладых людзей з'ехаць на Захад. У той самы момант Лукашэнка баіцца прызнацца, што сённяшняя сацыяльная сістэма амаль выдыхнулася і доўга не вытрымае.
У часе нядаўніх пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Аляксандра Мілінкевіча можна было вельмі добра пабачыць вынікі палітыкі адурманьвання і пазбаўлення грамадзянскіх правоў: у значнай колькасці нашых грамадзянаў — мала веры ў магчымасць што-кольвек змяніць, вялікі недавер да палітыкі і палітычнай дзейнасці.
У той жа час, бачна, што людзі стомленыя ад навязлівай прысутнасці аўтакрата і ягоных стаўленнікаў, яны інтуітыўна шукаюць альтэрнатыву, хочуць размаўляць. Бачны расчараванне, няпэўнасць, але ёсць таксама клопат за будучыню дзяцей і краіны.
Дастаткова закрануць пытанне так званай “сацыяльнай арыентаванасці” дзяржавы, каб адчуць пратэстныя настроі. Нават параўнанне з не вельмі паспяховымі дзяржавамі, такім як Расія ці Украіна, па шэрагу параметраў не на карысць Беларусі: у нас, напрыклад, сумарная дапамога ў звязку з нараджэннем дзіцяці вымяраецца сотнямі долараў там — дзясяткамі тысяч. І падобныя прыклады можна працягваць. Парадокс: у самай "сацыяльна арыентаванай дзяржаве" — найменшыя сацыяльныя льготы!
Таму наступны крок — гэта шырокая здаровая грамадская дыскусія пра патрэбу і пільнасьць эканамічнага і палітычнага рэфармавання краіны. Пакуль наша грамадства затаілася. Пакуль не маем дастаткова прыкметаў таго, што ўжо назапасілася крытычная маса актыўных прыхільнікаў пераменаў. А без такога перадавога атрада рух за рэформы і мадэрнізацыю не апануе грамадства.
Дзяржаўная прапаганда ўвесь час спрабуе ўбіць у галаву: эканамічныя рэформы прывядуць да галечы, а палітычныя — да ўладнага паралічу. Але гэта не так. Нашы браты-славяне на захад ад Бугу, рушыўшы шляхам глыбокіх рэформ, сёння жывуць больш годна і заможна, чым мы.
Гістарычную традыцыю грамадскага заняпаду, як тое было ў горшыя часы liberum veto, можна пераадолець. Але пры ўмове прававой дэмакратычнай дзяржавы, шчырай дыскусіі, нацыянальнай згоды і адчування адказнасці за сваю асабістую і паспалітую ўласнасць. Толькі такім чынам можна аб’яднаць тры Беларусі — пралукашэнкаўскую, праеўрапейскую і, найбольшую, зняверана-абыякавую.
Наша Радзіма ўсё яшчэ пакуль краіна нескарыстаных магчымасцяў і марнаванага патэнцыялу. Тут важна зразумець, што сітуацыя не фатальная, бо людзі нараджаюцца аднолькавымі, як у Беларусі, так і ў Заходняй Еўропе, як у Паўночнай Карэі, так і ў Паўднёвай. Таму вельмі важна толькі пайсці шляхам адказнага ператварэння гаспадаркі, дзяржаўных інстытутаў, грамадства на базе дэмакратычных і вольнарынкавых прынцыпаў. А пачаць рабіць гэта вельмі проста — паверыўшы ў сябе і ў Беларусь.
P.S. З увагі на абмежаваны фармат гэтай публікацыі аўтары сцісла акрэслілі адзін блок праблем. Усіх ахвотных паглыбіцца ў тэматыку магчымых і неабходных рэформаў у нашай краіне раім звярнуць сваю ўвагу на сайт, матэрыялы і абмеркаванні ў рамках “Народнай праграмы”, распрацаванай супольнасцю экспертаў пры падтрымцы руху “За Свабоду”.
Алесь Лагвінец. Нарадзіўся ў 1972 годзе ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёна. Палітолаг, выкладчык, перакладчык, заснавальнік руху “За Свабоду”. Ад лютага 2007 года — памочнік і дарадца лідэра руху “За Свабоду” Аляксандра Мілінкевіча. Удзельнік першай працоўнай экспертнай групы (палітычны дыялог і палітычная рэформа) ініцыятывы Еўразвязу “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі для Беларусі”. |
Рыгор Астапеня. Нарадзіўся ў 1990 годзе ў Салігорску, дзе і скончыў школу. Ад 2005 года — сябра зарэгістраванага ў Чэхіі "Маладога фронту". Магістрант Варшаўскага універсітэта па спецыяльнасці "Міжнародныя стасункі". Чалец ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. |
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы. |
Последние Комментарии