Мнения других авторов
- 27.03 // 12:38 Анна Красулина. ТАЛАКА. Как реформировать энергетику Беларуси и избежать войны // Статья
- 26.03 // 15:22 Андрей Дмитриев. ПРАВДА. Мечты Лукашенко и реальность // Статья
- 25.03 // 19:17 Ярослав Романчук. КРИЗИС. Чиновники-башмаки // Статья
- 25.03 // 11:53 Таццяна Караткевіч. НАРОДНЫ РЭФЕРЭНДУМ. Воля да Волі // Статья
- 25.03 // 08:29 Уладзімір Някляеў. ПРАЎДА. Шлях Волі // Статья
Другие Мнения этого автора
- 07.02 // 13:37 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Колькі вяровачцы не віцца… // Статья
- 21.12 // 13:27 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Аб дзейнасці беларускага ўраду і свінстве // Статья
- 23.11 // 13:46 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Аб тактыка-эканамічных хітрасцях магілёўска-шклоўскай вертыкалі… // Статья
- 26.10 // 12:25 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. І хто ж у нас утрыманцы і дармаеды??? // Статья
- 28.09 // 10:53 Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Дарэфармаваліся… // Статья
Мнение
Рыгор Кастусёў. ЛІНІЯ ФРОНТУ. Запрашэнне на душэўную размову
Рыгор Кастусёў. Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010. Нарадзіўся ў 1957 годзе ў вёсцы Цяхцін Бялыніцкага раёна. У 1982 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасці інжынер-механік. Служыў у Савецкай арміі, працаваў галоўным інжынерам, дырэктарам саўгаса, дырэктарам Шклоўскага раённага аб'яднання жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У 2001 годзе вымушаны быў сысці з пасады пад ціскам уладаў з-за працы ў камандах кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. Быў дырэктарам сумеснага беларуска-ўкраінскага прадпрыемства. Тройчы абіраўся дэпутатам мясцовых саветаў. Аўтар праграмы развіцця і рэфармавання жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2010-2015 гады, прапанаванай Партыяй БНФ. |
Адкрыты ліст да А.Р. Лукашэнкі.
Ужо каторы год запар да мяне звяртаюцца шматлікія жыхары Шклоўшчыны з прапановамі і просьбамі, каб я якімсці чынам распавёў вам інфармацыю аб негатыўных працэсах, што адбываюцца ў Шклоўскім раёне. Раёне, дзе вы зрабілі свае першыя жыццёвыя крокі... А ў далейшым ён стаў для вас і стартавай пляцоўкай у вялікую палітыку.
Я заўсёды аднекваўся ад падобных просьбаў і прапановаў, бо казка пра добрага “цара” і кепскіх “баяр” — гэта не для мяне.
Але апошнія вашыя выказванні ў адрас прадстаўнікоў апазіцыі на прэс-канферэнцыі 15 студзеня 2013 года ў Мінску, як кажуць, зачапілі мяне за жывое і прымусілі змяніць свае адносіны да просьбаў землякоў. Гэта вашыя словы аб тым, што нікога з апазіцыі вы не жадаеце бачыць у Беларусі на якіх-небудзь кіруючых пасадах. Бо, па вашых меркаваннях, гэта здраднікі інтарэсаў беларускага народу. Тут вы жадаеце бачыць людзей, якія змагаюцца за незалежную краіну, і змагаюцца рэальна, а не языком ляпаюць.
У час прэс-канферэнцыі вы нават далі непрывабную ацэнку шэрагу прадстаўнікоў апазіцыі, што ў свой час працавалі ў вашай камандзе, але па розных прычынах вымушаны былі сыйсці ад вас.
Я не бярусь даваць ацэнку працы вашых былых прыхільнікаў і паплечнікаў, якія сыйшлі ад вас у апазіцыю, але не з’ехалі з Беларусі. Размова і не пра тых, што працуюць на прасторах Расійскай Федэрацыі, як, напрыклад, Ціцянкоў, Рахманько, Бажэлка, пра якіх вы зараз маўчыце, хаця раней у адкрытую казалі аб скрадзеных імі з бюджэта Беларусі дзесятках і сотнях тысячаў долараў.
Сёння размова аб тым, што адбываецца ў Шклоўскім раёне. Раёне, які знаходзіцца пад асабістым вашым кантролем, не кажучы пра іншыя рэгіёны, дзе ўсялякі кантроль цалкам адсутнічае. Пастараюся выказаць свае меркаванні без эмоцыяў, каб яны не былі ўспрыняты як абраза. Гэта спроба на прыкладзе аднаго раёна паказаць некаторыя факты негатыву, што адбываюцца ва ўсёй краіне.
Адразу хачу адзначыць, што маё запрашэнне на душэўную размову не варта ўспрымаць як асабісты зварот для атрымання якіх-небудзь прэферэнцый, або просьбу для атрымання пасады, як гэта разумелі ў свой час некаторыя чыноўнікі.
Лічу, што са сваёй жыццёвай пазіцыяй і працоўным досведам я маю маральнае права даваць ацэнку сітуацыі, што склалася ў розных рэгіёнах і краіне ў цэлым. Пацверджаннем гэтаму з’яўляюцца і вашыя выказванні ў мой бок у час прэзідэнцкай кампаніі 2010 года.
На сваім асабістым прыкладзе хачу паказаць вам парадак падбору кадраў на месцах. Такіх кадраў, якія, як вы кажаце, “змагаюцца за незалежную Беларусь”, “а не языком ляпаюць”.
Да лістапада 2001 года я працаваў на пасадзе дырэктара Шклоўскага раённага аб’яднання ЖКГ. У часы майго кіравання аб’яднаннем прадпрыемства неаднаразова выходзіла ў лідары не толькі па вобласці, а і ў краіне. На перыяд маёй працы на гэтай пасадзе выпаў этап падрыхтоўкі і правядзення ў Шклове рэспубліканскага свята “Дажынкі”. У час падрыхтоўкі да свята раённае аб’яднанне ЖКГ з’яўлялася заказчыкам па рамонту, рэканструкцыі і будаўніцтву больш як трохсот аб’ектаў. З тае пары прайшло ўжо 12 год, але дагэтуль бачна добрая якасць выканання работ. Шклоўскія “Дажынкі” — адны з нешматлікіх, пасля якіх не было ўзбуджана крымінальных спраў.
Нягледзечы на гэта, па палітычных матывах, з-за асабістых “намаганняў” кіраўніка справамі прэзідэнта Г.Жураўковай і тагачаснага старшыні Шклоўскага райвыканкама А.Агеева ў лістападзе 2001 года я вымушаны быў сысці з пасады...
З тае пары прайшло 11 год. За гэты час з пасады кіраўніка Шклоўскай ЖКГ звольнены 4 дырэктары па прычыне злоўжывання службовым становішчам. Двое з іх ужо адседзілі пэўныя турэмныя тэрміны, адзін зараз знаходзіцца пад следствам. І самае цікавае, што тыя, хто адседзіў, ужо зноўку прэтэндуюць на пасаду.
Падобная чахарда з кіраўніцтвам ЖКГ прывяла да вялікай цякучасці кадраў, што ў сваю чаргу адмоўна адбіваецца на якасці камунальных паслугаў і выклікае занепакоенасць у шклаўчан станам камунальных аб’ектаў. А трохразовае за 10 год рашэнне Шклоўскага райвыканкама па раздзяленню і аб’яднанню “Водаканала” з “Жылкамгасам” выклікала хвалю анекдотаў сярод жыхароў горада і раёна.
І гэта ўсё адбываецца пад наглядам нязменнага намесніка старшыні Шклоўскага райвыканкама Я.Семянкевіча, які курыруе ЖКГ.
Не жадае заўважаць усяго гэтага і памочнік прэзідэнта па Магілёўскай вобласці Г.Лаўранкоў, адказны за падбор кадраў у вобласці. Тым больш, што Генадзь Міхайлавіч у свой час працаваў старшынём Шклоўскага райвыканкама і ведае шклоўскія кадры асабіста.
Не менш цікавыя рэчы адбываюцца ў сельскай гаспадарцы раёна. Аб чым сведчыць, напрыклад, факт знікнення 17 млрд. даінфляцыйных рублёў, выдзеленых з бюджэту на закупку буйной рагатай жывёлы для новапабудаванага комплексу ў в.Дабрэйка. Амаль два гады следства не можа вызначыць, дзе ж прапалі грошы, і хто ў гэтым вінаваты. А новы комплекс, пабудаваны за дзяржаўныя сродкі, да гэтай пары так і стаіць цалкам не запоўнены.
Не менш падобнага негатыву адбываецца і на іншых прадпрыемствах раёна (папяровая фабрыка “Спартак”, завод газетнай паперы), што адмоўным чынам адбіваецца на вытворчых працэсах, а бывае прыводзіць і да аварый на “новых” тэхналагічных лініях, закупленных зусім нядаўна за бюджэтныя сродкі. Але ўсё ўмела замоўчваецца. Як гэта адбылося на заводзе газетнай паперы тры-чатыры дні таму назад.
Спробы сумленных людзей, якія працуюць на гэтых прадпрыемствах, супрацьстаяць негатыўным з’явам, не маюць поспехаў. Яны проста вымушаны сыходзіць з пасадаў пад ціскам кіраўніцтва.
Падобныя факты яскрава сведчаць аб тым, што шматлікія кадры чыноўнікаў і кіраўнікоў, якіх вы прызначаеце разам са сваімі памочнікамі на разнастайныя адказныя пасады, змагаюцца не за Беларусь, а за свой уласны інтарэс. Працуючы на пасадах у Беларусі, за кошт беларусаў яны ствараюць сабе шляхі адступлення і запасныя “аэрадромы” па-за межамі краіны. У Расіі, Літве, Польшчы, іншых краінах Еўропы, набываючы там нерухомасць, уладкоўваючы туды на жыхарства сваіх дзетак...
Не лепш абстаяць справы і ў суседніх са Шкловам рэгіёнах: Бялынічах, Горках, Магілёве ды іншых. Але аб гэтым — іншым разам і пры тым, калі ў нас атрымаецца задушэўная размова.
Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. |
Последние Комментарии