Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алёна Германовіч. СУСЕДЗІ. Ментальныя асаблівасці хатняга гвалту

 

Алена Германович

Алена Германовіч. Нарадзілася днём 23 сакавіка 1978 года. Праз месяц, у тры гадзіны ночы, мяне ў беспрытомным стане па прычыне немаўляцкага ўзросту і ў строгай сакрэтнасці ахрысцілі. Хроснымі выступілі член Камуністычнай партыі, дырэктар школы і першы сакратар райкама камсамола, што і вызначыла маю будучыню. Не, я не стала камуністам — партыя развалілася, не стала святаром — па прычыне іншага полу. Але люблю тэатр, экстрым і літаратуру. А, вось яшчэ — я ўласны карэспандэнт БелаПАН па Гомельскай вобласці.

Гэтую гісторыю ведаюць мае знаёмыя. Але гэтае трагікамічнае здарэнне так мяне здзівіла, што я вырашыла і вам яго распавесці.

Гэта здарылася раней, вясной, на гадзінніку было недзе 13.00, абед. Я бегла з крамы, заціскаючы ў руках пакунак з нейкімі прадуктамі. Была галодная і спяшалася дахаты. Мяне там чакаў мой віртуальны свет натуральнага гвалту, пякельнай сумесі навінаў, чорнай часткі майго жыцця, чырвонай палоскі цяжарнасці словамі, якія трэба нарадзіць, стукаючы пальцамі па клавіятуры. Мой імклівы парыў уварвацца віхурай у пад'езд, праскочыць праз тры ступенькі, заляцець на свой паверх быў спынены крыкам: «На, на, на! Усю морду наб'ю, усю морду!».

Я застыла. Карціна была брутальная: ля суседняга пад'езду нейкая п'яная асоба мужчынскага полу жорстка лупіла кулаком ў твар нецвярозую асобу жаночага полу. Мой Дарослы (па Берну) сказаў патрабавальна: «Ты — не пры чым, цябе гэта не тычыцца, ідзі дахаты, працуй!». Мой Бацька кінуў скрозь зубы: «Чорт іх бяры, алкашоў, нічога страшнага не здарыцца». Маё Дзіця жалобна прапішчала-папрасіла: «Кідайся ў бойку, абарані жанчыну, пабі алкаша, выклікай міліцыю, барані слабых, аднаві справядлівасць!».

Пакуль я на хвіліну застыла, пакутліва думаючы, каму са Сваіх аддаць перавагу, і выдатна разумеючы, што Дзіця перамагло ў спрэчцы, пакуль я даставала мабільны, сама між тым набліжаючыся да агрэсара, каб адчайна ўлезці ў бойку, той як даў жанчыне нагой! Па твары! Што яна проста праляцела праз паркан і звалілася ў кветнік усім сваім целам.

Я паспяшалася на дапамогу, пакутліва вырашаючы: ці выцягваць жанчыну з кветніка, ці бегчы біць мужчыну, у той жа момант набіраючы «102» на мабільным. І тут я заўважыла, што я — не адзіная сведка здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння: з суседняй лаўкі да месца здарэння наперадзе мяне ўжо дружна і бадзёра несліся бабулькі. Ну, зараз нашы адважныя чэкісткі навешаюць таму алкашу, заклічуць яго да парадку, выратуюць няшчасную ахвяру хатняга гвалту, супакоіла я сваё кволае сумленне.

Бабулькі несліся, як апараныя, увесь іх выгляд і рухі сведчылі аб крайняй ступені абуранасці і жаданні аднавіць грамадскі парадак і супакой грамадзян. Яны падбеглі да паркана і пачалі крычаць на жанчыну, якая пабітая ляжала ў кветках: «І чаго ты, сволач, разлеглася ў нашых кветках?! Ці ты іх садзіла, ці ты іх палола? Як ты толькі туды залезла, карова ты, чаго ты толькі разлеглася там?! Вылазь, вылазь, сволач, а то мы зараз вось гэтым дручком увесь хрыбет табе пераб'ём!».

Так крычалі бабулі на жанчыну, пры гэтым адна размахвала дручком, а дзве — злосна цягнулі няшчасную за ногі, выцягвалі з кветніка. Яшчэ бабулі крычалі, што «Ды мы на цябе, карова ты, сволач, падла, кветкі нашы паламала, міліцыю зараз выклічам!».

Мяне здзівіла, што бабулькі гэтыя, якія ўсю дарогу сядзелі на лаўцы і бачылі ўсю карціну маслам, з пачатку і да канца, усю гэтую алкагалічную драму, абвінавацілі чамусьці ахвяру, а не агрэсара.

Жанчына, цягнутая за ногі праз паркан, неяк выбралася з кветак, выслухала шмат непрыемнага ад бабулек, усё выбачалася чагосьці перад імі і пасунулася некуды. Бабулькі праводзілі яе пагрозлівым узмахам дручка, маўляў, ужо ў наступны раз! Па хрыбце! Па хрыбце! Агрэсар таксама сышоў, з пераможнымі дзікунскімі крыкамі: «Я цябе, я цябе, я цябе, падла!».

Я націснула на чырвоную кнопку на мабільным «адмяніць выклік» і пайшла дахаты. Шмат думала.

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.78 (всего оценок: 18)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • “хто каго любіць, той таго і чубіць” ))