Мнения других авторов

Все материалы рубрики «Мнение»



Мнение

Алег Сіўко. АДЗІНАЯ БЕЛАРУСЬ. Радыёперадача, якой не было


Алег Сіўко

Алег Сіўко. Нарадзіўся ў 1980 г. у Гародні, дзе і жыву зараз. У 2002 г. скончыў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Працую ў кампаніі, якая займаецца міжнароднымі грузаперавозкамі. Жанаты, маю сына. З’яўляюся прадстаўніком “народжаных у БССР”, на гэтым і грунтуецца вера ў “сацыяльную дзяржаву”. Пры гэтым атрымаў зарад “незалежнасці” на пачатку 90-х, які даў ўпэўненасць у тым, што эфектыўнае развіццё на зямлі беларускай магчыма выключна пры самастойнасці мясцовых эліт, як эканамічнай, гэтак і духоўнай.

Чараговая дата аб’яднання беларускага народа ў які ўжо раз прайшла для гэтага самага народа незаўважана. Яе абыйшлі ўвагай усе электронныя і друкаваныя СМІ (а калі і ўспомнілі, дык усяго некалькімі радкамі). Пра гэтую дату не казалі ні палітычныя, ні грамадскія лідэры. Дата, што можа стаць краевугольным камянём беларускай ідэалогіі, сарамліва замоўчваецца, ці выкарыстоўваецца як нагода для антырасійскіх альбо антыпольскіх спекуляцый. Магчыма, прычына ў тым, што якога б ты не прытрымліваўся пункта гледжання на гэтую гістарычную падзею, заўжды знойдуцца тыя, хто будзе пакрыўджаны. Таму медыйныя персоны апошнім часам і не чапаюць гэтую тэму — каб не псаваць свой рэйтынг. У мяне ніякага рэйтынгу няма, таму я рызыкну...

***

Добры дзень, паважанае спадарства. Добрай раніцы. Надвор’е сёння не тое, штоб выдатнае, але, тым не меньш, дазвольце мне ўсіх вас павіншаваць са святам. У гэты тлумны і шэры дзень мы адзначаем угодкі самай галоўнай падзеі, што адбылася з нашай радзімай у дваццатым стагоддзі. Некаторыя лічаць, што самым галоўным днём для нашай краіны ў мінулым стагоддзі быў трэці дзень ліпеня 1944 года, калі войскі Беларускага фронта(не памятую ўжо якога, другога ці трэцяга) занялі нашу сталіцу, слаўны горад Менск. Не буду спрачацца з важнасцю гэтай падзеі, тым больш, что яна, важнасць гэная, замацавана ў заканадаўстве, якое называе гэты дзень Днём Незалежнасці.

Іншыя лічаць галоуным днем 25 сакавіка 1918 года, калі было аб’яўлена аб стварэнні БНР. Дзень гэны таксама безумоўна архіважны, як сказаў бы дзядуля Ленін, для беларускай гісторыі.

Аднак дазвольце мне выказаць думку, што калі 3 ліпеня — гэта Дзень Незалежнасці, а 25 сакавіка — дзень першай беларускай дзяржаўнасці, няхай сабе і пад нямецкай акупацыяй, то 17 верасня — гэта дзень народзінаў беларускай нацыі. Той самай нацыі, якая сёння жыве ТУТ. Нацыі, якой усю яе доўгую гісторыю так не хапала адзінства. Нацыі, якая заместа таго, каб ваяваць з захопнікамі, заўсёды ваявала сама з самой, ператвараючы любую інтэрвенцыю ў грамадзянскую вайну. Якую дзялілі на працягу вякоў межамі, верай, мовай, а яна, тым не меньш, захавалася.

Семдзесят чатыры гады таму яна нарэшце ўз’ядналася. Так, усё было не вельмі лагодна. Была кроў, але якая гісторыя без крыві.

Так, не адразу Беларусь атрымала незалежнасць, але гэта быў першы крок. Першы крок да таго, што адбылося значна пазней, у 91-м, калі з’явілася на свет Рэспубліка Беларусь.

Сёння ёсць яшчэ тыя, хто лічаць, што гэты дзень павінен стаць днём нацыянальнай жалобы, бо дзякуючы яму мы апынуліся ў краіне крывавага сталінізму. Ёсць і тыя, хто лічыць гэты дзень святам, калі Расея зноўку надавала палякам, чарговы раз згвалціўшы нашых старых суседзяў (чацверты раз за сваю гісторыю, між іншым, падзяліўшы Польшчу).

Такія думкі я лічу натуральнымі і для палякаў, і для расейцаў, але калі такія словы я чую ад беларусаў, то бачу ў іх тых самых здраднікаў, якія замест таго, каб змагацца з захопнікамі, пачыналі змагацца са сваімі суайчыннікамі, якія глядзяць не ў той бок, што яны, альбо не на той мове Богу моляцца.

Сёння мы не пачуем шчырых віншаванняў з нагоды беларускага адзінства. Усходнія вобласці не адправяць святочныя тэлеграммы і кветкі заходнім абласцям. Па вуліцах 17 верасня, якія ёсць у кожным больш меньш значным горадзе заходняй Беларусі і на якой, дарэчы, жыву і я, не прайдуць святочныя шэсьці з прыгожымі дзяўчынамі ў караценькіх спадніцах і з вялікімі барабанамі. Ніхто не заўважыць гэты дзень, і толькі на форумах будуць паліваць адзін аднаго памыямі польскія жалобнікі і расейскія трыюмфатары, сыплючы ганебнымі гістарычнымі фактамі адзін пра аднаго. Афіцыйныя і апазіцыйныя ідэёлагі прамаўчаць, каб, не дай Бог, не пакрыўдзіць суседзяў з Усходу і з Захаду.

Кшталту, выбачайце нас за тое, што мы ёсць. Ніхто не ўспомніць пра адзіны беларускі народ.

Успомняць пра Сталіна. Адныя, як пра крывавага тырана, другія -- як пра бацьку народаў, але ж ніхто не падзякуе яму за з’яднанне беларусаў. Літоўцы не паддзякуюць яму за Вільню, якую ён ім падараваў, не паддзякуюць за Клайпеду, якую яны забралі ў немцаў, калі тых усе піналі пасля Першай сусветнай, ды так і не аддалі. Палякі не падзякуюць Сталіну за Беласток і Гданьск, Шчэцін, Вроцлаў ды Быдгашч. Што было ў сорак шостым, нікога не чапае, галоўнае, што тут, у трыццаць дзевятым, Сталін палякаў падмануў. Што было то было, праўда гэта, падмануў.

Мала хто ведае і амаль ніколі пра гэта не гавораць, што паміж СССР і Польшай быў заключаны Пакт аб ненападзенні, такі самы, як паміж Германіяй і СССР. Таму, нягледзячы на тайную дамову з Германіяй аб падзеле Польшчы, СССР так доўга не нападаў. Ажно 17 дзён чакаў Сталін, што немцы возьмуць Варшаву, ды Рэч Паспалітая перастане існаваць, і тады ўжо ён, не парушаючы Пакта, проста зойме адзначанныя тэрріторыі, на якіх не будзе ўжо польскай юрысдыкцыі. Не вышла. Занадта адчайна супраціўляліся палякі, ды яшчэ плянавалі перакінуць усходнія войскі на захад. Прыйшлося трошкі забрудзіцца. Тыдзень ганьбы, і нарэшце нямецкія і савецкія камандзіры ціснуць адзін аднаму рукі ў Берасці, які, дарэчы быў захоплены менавіта немцамі, а потым перададзены СССР.

Не вельмі прыгожая гісторыя, але, тым не меньш, дзякуй вам, таварыш Сталін, за адзіную Беларусь. Дзякуй за БССР. Калі б не было БССР, не было б і Рэспублікі Беларусь. Можа і было гэта ўсё чыстай вады паказуха, але галоўнае тое, што мы маем сёння.

Людзям, якія тут жылі ў тыя часы, я б не пазайздросціў. Ёсць вельмі шмат крыніц, і не заўсёды толькі афіцыёзных, якія сцвярджаюць, што заходнія беларусы ўсё ж такі жадалі з’яднання з усходнімі братамі, што не адносіцца да палякаў, якіх шмат пражывала ў гарадах і мястэчках і якія нават спрабавалі весці нешта накшталт партызанскай барацьбы. Аднак сельскае насельніцтва, пераважна беларускае, якое было ў большасці, калі і не сустракала чырвонаармейцаў кветкамі, але ўспрымала ўз’яднанне пазітыўна.

І вінаватыя ў гэтым самі палякі, якія за дваццаць год суіснавання з беларусамі так і не зрабілі іх сапраўды польскімі грамадзянамі. Гульні ў польскую дэмакратыю скончыліся ў пачатку трыццатых гадоў, менавіта тады, калі скончыліся гульні ў савецкую беларусізацыю. Атрымаўшы ў польскім Сойме беларускіх дэпутатаў, якія хаця і не дабіваліся для беларусаў аўтаноміі, але цверда трывалі ідэю захавання беларускай нацыянальнай свядомасці, палякі вырашылі беларусам больш слова не даваць. І пачалося тое, што называецца нацыянальным прыгнётам.

Канешне, праўда у тым, што калі ў Польшчы беларускіх нацыяналістаў кідалі за краты, то ў Савецкай дзяржаве іх проста растрэльвалі. Але польскія беларусы пра гэта не ведалі, а калі і чулі, то лічылі фальшыўкай, зробленнай, так, так, у Польшчы. Але яны цвёрда ведалі, што там, за ўсходняй мяжой ёсць беларуская рэспубліка, там беларусаў не называюць пся крэў і не лічаць недадзеланымі палякамі, там беларускія дзеці могуць вучыцца на радной мове, і наогул, уся ўлада належіць народу.

Пасля 17 верасня ў заходніх беларусаў раптам наступіла празрэнне, але было позна. Яны ўбачылі і рэпрэссіі, і калектывізацыю, і раскулачванне. Яны адчулі, што такое бесперапынны страх і цяжкая праца за рысачкі, але ненадоўга, бо пачалася вайна, і не такая цацачная, як у 39-м, а сапраўдная, якая заліла крывёй усю беларускую зямлю.

Ўсё гэта гісторыя, у якой беларусы былі альбо статыстамі, альбо гарматным мясам, альбо пакутнікамі. Мы не можам змяніць гісторыю альбо надаць ёй ускосны лад — што было б калі... Ёсць так, як ёсць. Мы маем тое, што пасля 1939 года нарэшце былі зноў аб’яднаныя землі старажытнай Літвы і яе народа і аб’яднаны не у складзе Польшчы ці Расеі, а як самастойная зямля — Беларусь. Так, спачатку пад уладай Масквы, але гістарычная непазбежнасць нарэшце прывяла гэтую зямлю да сапраўднай незалежнасці, калі беларускім народам самастойна быў абраны першы прэзідэнт. Добры, дрэнны, не ў гэтым справа, галоўнае, што ён быў абраны адзіным беларускім народам.

Канешне, не ўсё так сладка, як можа падацца на першы погляд. Мы згубілі Вільню, мы згубілі Беласток і Падляшша. За гэта Сталін падзякі не атрымае. Беларусы Віленшчыны пераўтварыліся ў рускіх альбо ў літоўцаў, і толькі апошнія старыя дзе-нідзе ў вёсках яшчэ памятаюць, што яны беларусы (ходзяць чуткі, што на Віленшчыне ў некаторых вёсках ёсць нават маладзёны, якія размаўляюць па-беларуску, але я ніколі не чуў ні пра нейкія беларускія цэнтры, ні пра беларускія школы).

А вось беларусы Падляшша, нягледзячы на тое, что Сталін у 1946 годзе аддаў іх Польшчы, і дагэтуль захавалі сваю беларускасць, і такую, што і мы, “сапраўдныя” беларусы, можам пазайздросціць. Менавіта тут, на Падляшшы, у 1946 годзе адбылася жудасная пацыфікацыя беларускіх вёсак, калі жаўнерамі Віленскай брыгады Арміі Краёвай пад кіраўніцтвам Рамуальда Райса былі забіты жыхары чатырох беларускіх вёсак. Калі Райса судзілі ў 1949 годдзе, ён распавядаў, што рабіў гэта з нягласнай згоды мясцовых польскіх улад, заклапочаных абурэннем беларусаў, якіх толькі далучылі да польскай дзяржавы.

Ёсць меркаванне, што Вільня — гэта было сэрца Беларусі, а Падляшша — яе душа. Няўжо мы страцілі і тое і другое. Няўжо і праўда Беларусь засталася гэткім кадаўрам -- толькі розум, ды цела. Разумны, прагматычны Захад, ды разбэшчаны, без князя ў галаве Усход. Ды новае, сталёва-бетоннае сэрца — Менск, які высмоквае ўсе сокі з аслабленай краіны. Можа таму і дрыгаемся як тая лялька на нітках і ніколі не можам дамовіцца. Хаця б да чаго-небудзь адзінага. Хаця б да таго, што адзінае, што ў нас засталося адзінага, гэта тое адзінства, што мы атрымалі семдзесят чатыры гады таму. Ужо звіняйце за таўталогію. Але гэтае слова я сёння гатовы паўтараць хоць сто разоў, бо свята такое. Свята адзінства. Свята з’яднання.

P.S. Калі б не было 17 верасня, не было б і мяне, бо маці мая з Віцебскага Усходу, а бацька з Глыбоцкага Захаду. Маю надзею, што я не адзіны такі ў Рэспубліцы.

Сталін даў нам адзіную краіну, але толькі мы самі можам стаць адзіным народам.

Дзякуй за увагу.

 

Меркаванні калумністаў могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Запрашаем чытачоў абмяркоўваць артыкулы на форуме, прапаноўваць для ўдзелу ў праекце новых аўтараў або ўласныя матэрыялы.

Оценить материал:
Средний балл - 4.44 (всего оценок: 16)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • ... у сэнсе пагугліць, бо тут не дазваляецца цэнзурай "Ошибка при добавлении сообщения" )
  • Орест Лютий - "З чого починалась Московія?" (випуск 8)
  • Молодец!