Перад ім схіліў галаву Лукашэнка



Кірыла ПАЗНЯК



Па смерці Васіля Быкава пра ягоную асобу і яе гістарычны след у нашым грамадстве будуць гаварыць вельмі і вельмі багата. Будуць казаць пра сакральнасць — пра тое, што пісьменнік, які шмат пісаў пра вайну, памёр у дзень яе пачатку — 22 чэрвеня, і пра тое, што пасля некалькіх гадоў жыцця на чужыне ён прыехаў на радзіму — нібы адчуў, што трэба пражыць апошнія хвіліны на сваёй зямлі. Натуральна, будуць казаць пра ягоны талент сусветнага маштабу і маральны аўтарытэт для ўсёй беларускай нацыі.





І гэта ўсё дарэчы, але яшчэ больш дарэчы ўзяць ды перачытаць ягоныя творы. Варта асэнсаваць тое, чым і кім быў Быкаў у беларускай літаратуры і наогул у Беларусі. Абы толькі абышлося без дзяжурнага, заштампаванага, а таму пошлага абагаўлення і без цынічных ці істэрычных палітычных спекуляцый. Бо на Быкаву няспынна рабілі палітыку што ўлады, што апазіцыя. Ва ўладзе яго імя выкарыстоўвалі ці каб зганіць за дысідэнцтва, ці каб падкрэсліць, што "нягледзячы на ўсё" паважаюць як таленавітага майстра; у процілеглым жа лагеры ягоным імем карысталіся як бізуном, каб ямчэй дапячы рэжым.





У прыватнасці, апазіцыя па смерці Быкава найперш падкрэслівае тое, як яго цкавалі ўлады і змусілі на з'ехаць з краіны. Хаця наўрад ці зусім карэктна весці гаворку пра змушаную фізічную эміграцыю. Быкаву проста было тут няўтульна ў духоўным плане і неспрыяльна ў творчым. Як, між іншым, і многім беларусам у сябе на радзіме.





З жалобнай нагоды старшыня грамадскай ініцыятывы "Рада беларускай інтэлігенцыі" Уладзімір Колас у інтэрвью БелаПАН заявіў, што "мы яшчэ да канца не асэнсавалі, кім быў для нас Быкаў і як нацыя вінаватая перад ім. Вінаватая ў тым, што апошнія дні свайго жыцця ён пражыў у выгнанні, у цяжкіх умовах, зведваючы страшэнны ціск афіцыйнай варожасці". Але, даруйце, у чым вінаватыя перад Быкавым простыя беларусы? Ёсць канкрэтныя персаналіі, якія атруцілі пісьменніку жыццё. У прыватнасці, тыя сексоты, якія "пасвілі" яго яшчэ ад савецкіх часоў. І тыя вертухаі-ідэолагі старой загартоўкі, што бэсцілі яго за нібыта "ачарненне" народнага подзвігу.





Як ні прыкра, але і гэтая жалоба не стане момантам ісціны і штуршком для нейкага нацыянальнага паразумення. Для гэтага ой як мала нават глабальнасці, значнасці і знакавасці Быкава. Але хочацца верыць, што смерць пісьменніка змусіць усіх да элементарнай прыстойнасці хаця б вакол ягонай асобы. Бо як бы хто асабіста ні ставіўся да Васіля Уладзіміравіча, да ягонай грамадзянскай пазіцыі і да ягоных твораў, але, як сказаў паэт Рыгор Барадулін, "па Васілю Быкаву ведалі, ведаюць і будуць ведаць Беларусь, беларускую літаратуру, шчырасць і жывучасць беларускай мовы".





Таму ніякавата трохі было зранку 23 чэрвеня праглядаць навіновыя зводкі. З'явілася інфармацыя, што Уладзімір Пуцін даслаў спачуванні сваякам і блізкім Васіля Быкава. І міністр культуры Расіі сказаў, што смерць Быкава — гэта трагедыя для літаратуры і культуры ў цэлым. А праз некалькі гадзін, прыкладна а палове на дзесятую, пайшло паведамленне БЕЛТА са згадкай пра прэзідэнта Беларусі. Але не з нагоды смерці Быкава, а пра тое, што Аляксандр Лукашэнка збіраецца паглядзець у гэты дзень фільм "Анастасія Слуцкая". Стала неяк крыўдна за дзяржаву… Няўжо кіраўнік краіны абмяжуецца агульным афіцыйным некралогам?





Але трэба аддаць належнае, беларускі прэзідэнт урэшце аказаўся на ўзроўні трагічнай сітуацыі — і сказаў правільныя, нават можна сказаць пранікнёныя словы. На сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі ён ушанаваў хвілінай маўчання памяць класіка беларускай літаратуры. "Ушел из жизни человек, имя которого непосредственно связано со стремлением нашего народа жить в свободной и независимой стране", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле ягоных словаў, "по-разному мы понимаем суверенитет и независимость, но нельзя отказать этому человеку в желании страстной борьбы за свободу нашей страны и независимость".





Зрэшты, наогул пра нейкую зацятую антыбыкаўскую пазіцыю ўладаў апошнім часам казаць і не выпадала. Вунь 19 чэрвеня да 79-га дня нараджэння пісьменніка "Советская Белоруссия" выйшла з адмысловым артыкулам. Дазволю сабе некалькі цытатаў. Прэзідэнцкая газета раіць беларусам яшчэ раз перачытаць класіка і парадавацца, "что у нас есть писатель такого масштаба, как Василь Быков. Пока есть память — прошлое остается частью настоящего. Пока писателя читают на родине — он не одинок, и он со своим народом".





"Здоровье Василя Быкова, к сожалению, пошатнулось. Он перенес тяжелую операцию. Пусть любовь и уважение белорусских читателей самых разных поколений помогут ему обрести новые силы!". На жаль, цуда не здарылася…