IV Усебеларуская дыктоўка. Пішам Багдановіча

Дыктоўка пачнецца 21 лютага а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску...

Максім БагдановічСтаршыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў запрашае ўсіх ахвотных на IV Усебеларускую дыктоўку, якая пачнецца 21 лютага а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Траецкае прадмесце) ў Мінску.

Старшыня ТБМ адзначыў, што дыктоўка прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. Паводле яго слоў, тэксты для дыктоўкі падрыхтаваныя на аснове твораў Максіма Багдановіча, 120-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца 9 снежня 2011 года.

Як адзначыў Алег Трусаў, найбольш актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымаюць прызы.

Дыктоўка праводзіцца ў тры этапы: першы — 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, другі — 15 сакавіка, у дзень прыняцця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і трэці — 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

ТБМ прапанавала выкарыстаць для дыктоўкі тэксты вядомага верша Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…» (1915) і адаптаванага эсэ паэта «Хто мы такія?» (1915).


Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...

Максім Багдановіч

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
„Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”

1915


Хто мы такія?

Беларусы! Мы — вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас была свая дзяржава, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царкве ды касцёле. І ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі краінай.

Жывём мы паміж народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, мае сабе пашану і павагу. I — хто ведае? — быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. I будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога.

Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачомся, не забудзем, не кінем на глум; будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое распавядаць.

Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця.

Паводле Максіма Багдановіча
(1915)


  • Вот бы под эту "дыктовку" подпали министры образования, информации, культуры и председатель Белтелерадиокомпании. А то оставляют белорусский язык на самовыживание.