Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Байнет шутит: президент попал в бутылку
    «У этой певицы плохой английский, но хороший язык...»;
  2. Минск станет территорией относительной трезвости
    В столице в качестве эксперимента на два месяца введут запрет на продажу чернила…

Общество

Выклікі й дылемы для грамадзянскай супольнасьці Беларусі

 

Пры канцы чэрвеня ў Менску заплянаваная канфэрэнцыя Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці праграмы “Усходняга партнэрства”.

Выклікі й дылемы для грамадзянскай супольнасьці БеларусіNaviny.by гутараць з сябрам камітэту гэтага Форуму, старшынём міжнароднага кансорцыюму EuroBelarus Уладам Вялічкам і праваабаронцай Аленай Танкачовай, старшынёй праўленьня “Цэнтру прававой трансфармацыі”, які актыўна ўдзельнічае ў працы Нацыянальнай плятформы, пра цяперашнія выклікі й дылемы для грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

— Спадар Вялічка, 10 чэрвеня на сустрэчы з прадстаўнікамі магілёўскіх грамадзкіх ініцыятываў Вы заявілі, што беларусы пакуль не гатовыя ўзяць адказнасьць за лёс краіны. Чаму так думаеце?

Улад Вялічка— Здольнасьць грамадзянаў несьці адказнасьць за краіну адлюстроўваецца ў колькасьці і якасьці іхных грамадзянскіх дзеяньняў. Тыя дзеяньні, якія назіраюцца сёньня ў Беларусі, паказваюць, наколькі беларусы паводзяць сябе як грамадзяне ў выпадках, калі трэба абараніць пэўныя грамадзкія інтарэсы, калі трэба дзейнічаць супольна — па іх я мяркую, што ўзровень грамадзянскага ўплыву ў нашай краіне адносна нізкі. Уся адказнасьць за краіну на дадзены момант — у руках сёньняшняй палітычнай улады. І для дзеяньняў грамадзянаў застаецца вельмі невялікая прастора. Я лічу, што гэта ня правільна, і не згаджаюся з такіх балянсам. Мы, як удзельнікі Нацыянальнай плятформы, спрабуем спрыяць, каб уплыў грамадзян на працэсы прыняцьця рашэньняў, узровень грамадзянскай адказнасьці павялічваліся.

— Асноўныя выклікі й дылемы, якія, паводле зноў жа вас, цяпер стаяць перад беларускай грамадзянскай супольнасьцю — гэта дэсаветызацыя, беларусізацыя і эўрапеізацыя. Чаму менавіта яны?

— Выклікаў значна больш, але гэтыя тры кампанэнты паказваюць пэўны шлях — адкуль і куды трэба рухацца, каб Беларусь станавілася паўнавартаснай эўрапейскай нацыяй. Такая лёгіка пакрывае большую частку працэсаў, якіх не існуе пакуль у нас і якія павінны былі б разварочвацца ў Беларусі як доўгатэрміновыя.

— Наколькі гэтыя тры кампанэнты зразумелыя для людзей і адэкватна імі ўспрымаюцца?

— Зразумела, што кожны па-свойму разумее гэтыя паняцьці. Але ж з майго гледзішча яны гучаць дастаткова ёмка, каб кожны ў гэтым вялікім коле праблемаў і магчымасьцяў выбраў, можа быць, невялікае, але важнае для сябе. Яны дастаткова складаныя паняцьці, але не настолькі складаныя, каб не зразумець асноўныя пасылы, якія можна па рознаму расшыфраваць і ўдакладняць.

— Спадарыня Танкачова, з боку ўлады актуалізаваўся інтарэс да праграмы “Усходняе партнэрства”. На вашу думку, ці магчымае разьвіцьцё ў Беларусі гэтай праграмы пасьля падзеяў 19 сьнежня 2010 году ды пры наяўнасьці палітвязьняў?

Алена Танкачова— Эўрапейская павестка дня для Беларусі наўпрост залежыць ад вырашэньня праблемы з палітвязьнямі й тут Эўропа пасьлядоўная. Што да праграмы “Ўсходняга партнэрства”, то палітычныя праблемы не былі вырашаныя ў Беларусі і да 19 сьнежня 2010 году. Не Эўропа пасьля 19 сьнежня звузіла ў межах праграмы “Ўсходняе партнэрства” магчымасьці для Беларусі. Беларусь афіцыйна й мэтадычна аддалялася. Калі заўтра Беларусь возьме й бразьне дзьвярыма, то фактычна мы губляем апошні рэальны мэханізм няхай невялікай, але супольнай працы ў кантэксьце Эўрапейскай пэрспэктывы для Беларусі. Цяпер ледзьве не ўся адказнасьць ляжыць на грамадзянскім сэктары ў тым, каб утрымаць Беларусь ва “Усходнім партнэрстве” — але ўтрымаць не любой цаной. То бок, утрымаць праз разьвіцьцё дыялёгу аб правах чалавека, праз разьвіцьцё канструктыўнай павесткі па даволі складаных і вострых пытаньнях. Праграма “Усходняга партнэрства” дае нам такую магчымасьць, бо гэта тая пляцоўка, на якой мы можам іх агучваць уладзе, і той даволі складана ігнараваць гэтую павестку. Мы павінны быць пасьлядоўнымі прыхільнікамі мадэлі, так ці інакш, узаемадзеяньня з уладай.

— Ці гатовая грамадзянская супольнасьць да дыялёгу з уладай, калі надыдзе час для яго?

— У 2009-м і 2010 гадох кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей быў больш гатовы да таго, каб весьці дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, чым грамадзянская супольнасьць была гатовая да такога дыялёгу. Праўда, спадар Макей быў гатовы гэты дыялёг зьімітаваць і выдаць Эўрапейскай супольнасьці як працэс, які існуе насамрэч. Частка суб’ектаў грамадзянкай супольнасьці пагадзілася з мадэльлю дыялёгу, якая прапаноўвалася і ўступіла ў працэс імітацыі. Тое, што адбываецца цяпер у рамках Нацыянальнай плятформы форуму “Усходняга партнэрства”, — гэта падрыхтоўка да таго, каб раней ці пазьней якасна й адказна ўступіць у працэс перамоваў з уладай. Мы павінны дамаўляцца й быць гатовымі для перамоваў цяпер і мець канкрэтны набор патрабаваньняў адносна таго, у якім фармаце гэты дыялёг зьяўляецца для нас прыймальным.

Даведка Naviny.by. Нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці “Усходняга партнэрства” была заснаваная ў ліпені 2010 года і стала агульнай пляцоўкай для кансалідацыі і каардынацыі дзеяньняў арганізацый грамадзянскай супольнасьці Беларусі дзеля дэмакратызацыі краіны і набліжэньня да эўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сфэрах жыцьця грамадзтва.

Оценить материал:
Средний балл - 3.40 (всего оценок: 10)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева

Интересные Факты

Загрузка ...