Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Минском зоопарку 30 лет. Скоро здесь будут жить пингвины
    Директор Минского зоопарка рассказал Naviny.by о том, как изменился зоопарк за три десятка лет и что его ждет впереди…
  2. Байнет шутит: в Европу — пожрать!
    Путин решил показать, что он настоящий западный лидер, и тоже ввел санкции против России...


Общество

Дома сумна. Падарожжа пятае. Неглюбка

 


Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!


Падарожжа першае. Івакі
Падарожжа другое. Кольна
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы



Неглюбка, Веткаўскі раён. Тут ткалі і ткуць такія ручнікі, якія больш нідзе ніхто не створыць, тут размаўляюць не так, як там, і спяваюць так, як нідзе больш. Тут захавалася паганскае свята — на пачатку лета «водзяць і хаваюць Стралу». Раней тут рабілі і гармонікі, ды памерлі майстры, а іх нашчадкі не ўмеюць ці не хочуць. Раней, у канцы 19-га стагоддзя, тут жылі больш за тры тысячы чалавек, зараз жа — і тысячы няма, затое люд стаў больш «разнастайны»: пасля аварыі на ЧАЭС і розных «гарачых кропак» у вёску прыехалі на сталае месца жыхарства ўзбекі, таджыкі, туркмены, казахі і іншыя прадстаўнікі нацыянальнасцяў былой адной агульнай радзімы. 

 

 

Неглюбка не адсялілася, хаця вакол яе — зона. Едзеш на аўтобусе праз зону — і цябе палохаюць жоўтыя з чырвоным і чорным таблічкі, падобныя, калі не прыглядацца, на хэлоўінскі гарбуз са свечкамі. Нам не страшна. Тут ужо нікому не страшна. Як і тым 59 вёскам Веткаўскага раёна, якія пасля аварыі на ЧАЭС больш не існуюць.

А Неглюбка — існуе. Ці адметныя, неверагодна прыгожыя, з сакральным зместам ручнікі яе захавалі, ці Страла, якую тут штогод хаваюць, але вёска не згінула ў радыяцыйнай калатнечы. 

 

Дарэчы, па афіцыйнай статыстыцы Веткаўскага райвыканкама, дэмаграфічная сітуацыя ў раёне была і застаецца стабільнай апошнія тры гады: смяротнасць у два разы перавышае нараджальнасць. Напрыклад, у 2011 годзе ў раёне нарадзіліся 190 дзяцей, а памерлі 420 чалавек, у 2012 годзе нарадзіліся 210 чалавек, а памерлі 390.

Не будзем пра сумнае, будзем пра часова вечнае. Напрыклад,..


Ручнікі

Неглюбскія тканыя ручнікі, выкананыя мясцовымі майстрыхамі на кроснах-станках, абышлі ўжо белы свет, былі на міжнародных выставах па замежжу. Раней ткалі іх па хатах, дарылі на вяселлі, і, па словах мясцовых, па ручніках, іх колькасці і прыгажосці ацэньвалі — ці добрая нявеста трапілася жаніху. Нявеста павінна была падарыць ручнікі, натуральна, якія яна саткала сама, розным сваякам. Сёстрам жаніха дарылі вышытыя рукавы для кашуль і сукенак, братам нарачонага — тканае палатно на порткі. Хату жаніха ўпрыгожвалі ручнікамі, якія саткала нявеста, а госці ішлі паглядзець на яе майстэрства. Калі нявестка (малодка — па-мясцоваму) была беднай, то цёткі-сёстры-радня давалі ёй пасаг — ручнікі, просціны, палатно. А пасля вяселля патрабавалі аддаць назад.

Ручнікі вешалі на абразы, яны абавязкова ўдзельнічалі ў абрадах — земляробчых, вясельных, пры нараджэнні і пахаванні, праз жыццё і праз смерць. «Як я хату ўпрыгожвала на Вялікдзень, дык трыццаць ручнікоў трэба было развесіць. Зараз вось, я лічу, без ручнікоў, мая хата як непрыбраная. І прыбіраліся раней прыгожа, ой, як прыгожа! Ідуць мясцовыя людзі — аж гарыць на іх адзенне, такое ўсе прыгожае, не тое, што зараз — джынсы ды чорныя футболкі», — успамінае Еўдакія Барсукова

 

Раней, каб захаваць традыцыйную культуру, у Неглюбцы быў створаны філіял фабрыкі мастацкіх вырабаў. Жанчыны з ахвотай працавалі там, ткалі ручнікі. Потым філіял разваліўся, ці развалілі яго. Зараз традыцыі працягваюцца ў мясцовай школе, дзе створаны ткацкі гурток. 

 

Каля трыццаці дзяцей займаецца тут. Кіруе гуртком Лідзія Чарнушэвіч. Раней яна працавала на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Яна распавяла нам пра сакрэты вядомага неглюбскага ручніка. 



Каб выткаць такі неверагоднай прыгажосці і цеплыні ручнік, патрэбна каля месяца! А за ніткі трэба аддаць не менш за трыста тысяч рублёў. Кожны ўзор мае сваю назву: «цярэшкі» (матылькі), «яблыкі з вінаградам», «васьмірогі», «самавары», «крывулі», «павукі», «круччы» «колы», «звёзды кучаравыя», «хрэшчыкі», «хрэст у крывулі», «лапы».

Наогул, апісваць прыгажосць і адметнасць ручнікоў — ці варта? У Неглюбцы пачалі з 2012 года праводзіць Свята ручніка, а на пачатку лета, на Ўшэсце, праводзілі і праводзяць абрад «Пахаванне Стралы». Гэта магічная дзея з мэтай адвесці «грамавую стралу» ад вёскі, зберагчы яе ад пажару. Стралу вядуць на поле з азімым жытам, ды там хаваюць. Можна прыехаць і паглядзець на ўсе гэтыя цуды ўласнымі вачыма.


Песні

Спяваюць тут жанчыны народныя песні ў своеасаблівай манеры.

Па словах Еўдакіі Барсуковай, неяк яна склала, а ахвотныя да народнай творчасці запісалі 215 частушак. Толькі скардзяцца жанчыны, што яны ўжо старэюць, хваробы настойліва адрываюць ад песень ды ткацтва, а перадаць традыцыі практычна няма каму.

Размаўлялі мы і пра лёс ткацкага гуртка ў школе, у святле таго, што, дзякуючы няспыннаму клопату нашай сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, з наступнага навучальнага году ўсе гурткі будуць платныя. Дарослыя перажываюць, што не змогуць больш дзеці ткаць на кроснах пасля заняткаў, таму што: 1. Людзі і так ў Неглюбцы бедна жывуць, наўрад ці ёсць лішняя капейка на гурток; 2. Многія вяскоўцы злоўжываюць алкаголем, і наўрад ці яны будуць плаціць за заняткі — як з-за адсутнасці грошай, так і з-за неразумення — навошта тым ткацтвам займацца?

Радуйцеся, дзядзі, дзень і ноч рыхтаваўшыя новыя пастановы пра платныя гурткі — хай памірае ткацтва ў Неглюбцы, навошта тыя традыцыі, навошта тая культура?

Здзіўляе і радуе бадзёрасць, любоў і прага да жыцця і творчасці Еўдакіі Барсуковай. 

 

Вырасцілі з мужам пяць дзяцей, батрачыла ўсё жыццё на ферме, а пасля працы — дома, хатняя гаспадарка, варыва-печыва, дзеці, мноства клопатаў, праз якія яна заўсёды знаходзіла хвіліну, каб «вышыць крыжык» на ручніку. «Толькі крыжык адзін вышыю — трэба на ферму бегчы, кінула палатно, вярнулася — на бягу яшчэ крыжык паставіла на ручніку — пабегла жывёлу хатнюю даглядаць. Так і працавала», — распавядае жанчына.

Яна паклікала суседку, і яны праспявалі некалькі песень. 




Людзі

Не будзем брахаць — людзі ў Неглюбцы гасцінныя. Запрашаюць у хату, распавядаюць пра жыццё-быццё, прапануюць пачастунак. Адна жанчына, мясцовая, неглюбская, вельмі хвалявалася, што мы спазняемся на аўтобус і не паспелі пакаштаваць яе боршч. Іншы жыхар Неглюбкі, таджык Алі Азізаў, запрашаў у госці і прапаноўваў пачаставаць пловам. Ён тут жыве з сям'ёй ужо 15 гадоў. А трапіў у Неглюбку так: «Вецер павеяў — вось мы і тут». Алі жыве недалёка ад праваслаўнай царквы. 

 

 

Пытаемся — ці наведвае хрысціянскі храм? «А як жа? Раз царква ёсць — дык трэба хадзіць. Праўда, я хаджу па пятніцах, а не па нядзелях, як раней у нас было», — тлумачыць Алі. 

 

Па словах мужчыны, ён у Неглюбцы не адчувае сябе чужынцам, і людзі ставяцца да яго добра. «І мне дапамагаюць, і я дапамагаю, нармальна ўсе жывём, няма на што скардзіцца, тут людзі добрыя і дружныя», — кажа таджык.

Мы пытаемся ў мясцовых пра інтэграцыю з Расіяй, якая побач. «А што нам з той Расіі? Што ад таго, што побач мяжа? Ну, калі ў нас была дэвальвацыя, дык яны, расіяне, сюды ехалі, скуплялі ўсё, што бачылі, бо ім вельмі танна было, а зараз не, лавачка закрылася. А нам што з той Расіі? Ну, хіба што праз наш раён усю дарогу возяць металалом на Расію, ды міліцыя іх ловіць час ад часу», — разважаюць мясцовыя.

Сваю думку пра інтэграцыйныя працэсы мае і таджык Алі. Ён думаў над пытаннем, думаў, ды і адказаў: «Яно агульнае, канечне, харошае. Але сваё ўсё-такі лепш».

Свайго ў нас шмат, сапраўды. І яно праўда лепшае. Толькі вось захаваць яго...

Оценить материал:
Средний балл - 4.79 (всего оценок: 20)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • таки гарны таджик, можа, няхай и жыве...

Интересные Факты

Загрузка ...