Колькасць гісторыка-культурных каштоўнасцей зменшаць росчыркам пяра
Савет міністраў падрыхтаваў даручэнне аб неабходнасці аналізу існуючага Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей і ўнясення прапаноў па яго скарачэнні...
Добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры звярнулася да намесніка прэм’ер-міністра Анатоля Тозіка з лістом, у якім выказваецца занепакоенасць маючым адбыцца, па звестках арагнізацыі, скарачэннем Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Па інфармацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саветам міністраў падрыхтавана даручэнне ад 23.03.2013 № 05/206-88 аб неабходнасці аналізу існуючага Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ўнясення прапаноў па яго скарачэнні.
Старшыня таварыства Антон Астаповіч у каментары для Naviny.by падкрэсліў, што што інфармацыя не публічная, але, па звестках таварыства, — дакладная.
У лісце таварыства гаворыцца, што мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ў выкананні вышэйназванага даручэння ўжо рыхтуюцца прапановы па цэламу шэрагу нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей для далейшага разгляду на пасяджэннях Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры з мэтай іх далейшага выключэння з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей.
“Напрыклад, у мяне ёсць звесткі пра тое, што Бабруйскі гарвыканкам рэкамендаваў пазбавіць статуса 15 аб’ектаў з 49 на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы”, — кажа Астаповіч.
Між тым згодна з артыкулам 3 закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” дзяржаўная палітыка ў гэтай сферы павінна грунтавацца на прызнанні гісторыка-культурнай спадчыны фактарам развіцця дзяржавы, на адказнасці дзяржавы за захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, захаванні і аднаўленні гісторыка-культурных каштоўнасцей, утрыманні і выкарыстанні гісторыка-культурных каштоўнасцей з улікам неабходнасці безумоўнага захавання іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей.
Астаповіч падкрэслівае, што зараз сапраўды могуць знайсціся аб’екты, якія згубілі сваю вартасць. Пункт 3 артыкула 23 вышэйназванага закона прадугледжвае, што матэрыяльныя аб’екты і нематэрыяльныя праяўленні творчасці чалавека могуць быць пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Саветам міністраў у выпадку страты імі іх адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей, якія абумовілі наданне ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама ў выпадку іх знішчэння, страты ці знікнення ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў або іншых сітуацый пры немагчымасці іх аднаўлення.
Аднак, адзначае Антон Астаповіч, узнікае некалькі пытанняў: “Дзе адказнасць уладальніка аб’екта, які давеў помнік да разбурэння? І чаму ён не прыцягваецца да адказнасці згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь? Дзяржава мае ўсе механізмы і рэсурсы для таго, каб прымусіць уласніка зрабіць аднаўленне помніка. Чаму дзяржава гэтага не робіць?”.
Ёсць яшчэ меркаванне, што шэраг аб’ектаў быў унесены ў спіс памылкова, маўляў, яны не вартыя таго, каб там быць, а былі ўключаны дзякуючы прасоўванню мясцовых уладаў, якія былі зацікаўленыя ў гэтым з-за некалі існуючых льготаў. Між тым рашэнне прымала Рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры і Савет міністраў.
“Калі стосамі ў дзяржспіс уключаліся аб’екты, якія не мелі адпаведнай вартасці, паўстае пытанне аб кваліфікацыйным узроўні навукова-метадычнай рады”, — адзначае Астаповіч.
Таварыства лічыць, што калі спіс насамрэч скароцяць, адбудзецца парушэнне і дыскрэдытацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
“Дадзеная ініцыятыва Савета міністраў Рэспублікі Беларусь, — гаворыцца ў лісце да віцэ-прэм’ера Анатоля Тозіка, — накіравана не на ўмацаванне прадугледжаных заканадаўствам захадаў па ахове помнікаў гісторыі і культуры, а паспрыяе распаўсюду прававога нігілізму сярод юрыдычных і фізічных асобаў — уласнікаў і ўладальнікаў гісторыка-культурных каштоўнасцяў”.
Антон Астаповіч лічыць, што скарачэнне спісу на руку тым чыноўнікам, якія хочуць пазбавіцца адказнасці, што накладаецца на іх дзеючым заканадаўствам па ўтрыманню і захаванню помнікаў.
“Я адчуваю маральную адказнасць за тое, што адбываецца, бо наша арганізацыя на працягу шматлікіх гадоў на прафесійным юрыдычным узроўні ўзнімала пытанні аховы культурнай спадчыны і прыцягвала ўвагу да гэтай праблемы. Што, у сваю чаргу, вымушае адпаведныя кантралюючыя органы займацца праверкаміаў. І хоць асноўны цяжар адказнасці нясе ўласнік помніка, гэта не здымае адказнасці з мясцовых органаў улады за збяражэнне спадчыны і кантроль за яе ўтрыманнем. Такім чынам, пазбавіцца гэтай адказнасці — значыць жыць спакойна і рабіць усё, што хочуць, на сваёй тэрыторыі. Вельмі часта мясцовае кіраўніцтва паводзіць сябе ў сваім рэгіёне, як ваявода”, — адзначае Антон Астаповіч.
Па меркаванню экспертаў таварыства, менавіта Анатоль Тозік можа змяніць сітуацыю, бо ён як раз і з’яўляецца яе стваральнікам. Па неафіцыйных звестках, менавіта ён падпісаў даручэнне скараціць спіс.
Раней, нагадаем, Анатоль Тозік актыўна выказваў розныя прапановы, якія павінны былі, на яго погляд, скараціць выдаткі дзяржавы ў бюджэтных галінах — адукацыі і сістэме аховы здароўя.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заклікала Анатоля Тозіка адклікаць даручэнне Савета міністраў аб скарачэнні Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей і згарнуць працы з боку Міністэрства культуры, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў па рэалізацыі дадзенага даручэння.
Між тым уваходжанне ў Дзяржаўны спіс зусім не гарантуе, што аб’ект ахоўваецца належным чынам. З пачатку года ў краіне было праведзена 10 праверак выканання патрабаванняў заканадаўства ў сферы гісторыка-культурнай спадчыны і 14 аглядаў аб'ектаў спадчыны. Паўсюдна былі выяўленыя парушэнні, вінаватыя прыцягнуты да адказнасці — хто да адміністрацыйнай, хто да дысцыплінарнай.
Як распавяла Naviny.by загадчыца сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір, праверка кранула, да прыкладу, будынкі па вул. Леніна, 2 у Пінску, будынкі брацкага корпуса былога кляштара базыльян у Оршы, былога дома купца Мураўёва ў Гродне, шэрагу будынкаў у сталіцы — па вуліцах Якуба Коласа, Веры Харужай, Усходняй і іншых.
Пры гэтым спецыяліст адзначыла, што правяраюцца, як правіла, не самі аб'екты, а іх уласнікі і выкананне імі патрабаванняў заканадаўства. Па словах Хвір, выяўленыя парушэнні тычыліся як вядзення дакументацыі, так і канкрэтных правілаў утрымання будынкаў.
На сённяшні дзень у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь ўключана 5532 помніка, сярод іх помнікі архітэктуры — 1763 аб'екта, археалогіі — 2350, гісторыі — 1191, мастацтва — 60, горадабудаўніцтва — 11, запаведныя месцы — 4. Таксама ў спіс уваходзяць па 77 аб'ектаў рухомых і нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Обсудим?