Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Весна в Беларусь пришла еще зимой
    В целом за последние 25 лет средняя температура воздуха в нашей стране превысила температурную норму на 1,2°С...
  2. Оппозиция просила Марш Воли, а получила Марш тунеядцев
    Мингорисполком разрешил сбор участников шествия на День Воли, но перенес начало мероприятия на 15:00, и это в будний-то день...


Общество

Магічная мапа Гомеля ад Алы Брадзіхінай


Ала БрадзіхінаПершыя могілкі хатніх жывёлаў, брама ў іншае вымярэнне ды пернікавы дом — пра цікавыя месцы Гомеля, што не навідавоку для турыстаў, расказвае дацэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, крытык, даследчыца літаратуры Ала Брадзіхіна.




Магілы сабак Паскевіча

Каб стварыць магічную мапу Гомеля, трыма пунктамі абысціся складана: “іншапланетная талерка” цырка; вежа фабрыкі “8 Сакавіка”, побач з якой у ХІХ стагоддзі была і першая на тэрыторыі тагачаснай Расійскай імперыі ланкастэрская школа, і — у сярэдзіне ХХ стагоддзя — лагер ваеннапалонных, дзе загінула больш за 100 тысяч чалавек; Шведская горка з яе гарадзішчам жалезнага веку; раён Валатавы, ужо назва якога сведчыць пра таямнічых волатаў; жывапіснае Бурае балота; Дом камуны; Студэнцкі скверык каля касцёла Нараджэння Божай Маці, разбіты на месцы старых могілак; велізарная для горада з амаль паўмільённым насельніцтвам драўляная забудова з яе ўнікальнай разьбой…



Усяго не пералічыць. Толькі ў раёне цэнтральнага парка — візітоўкі горада — такіх месцаў з адмысловай, назавем яе гомельскай, энергетыкай з ходу можна назваць больш за дзясятак. А ўжо пра таямнічыя лёхі, якія дасталіся палацу Румянцавых-Паскевічаў у спадчыну ад старадаўняга Гомельскага замка, вам раскажа ледзьве не кожны старажыл, дадаўшы “праўдзівую гісторыю”, як ён па тых самых лёхах у дзяцінстве трапляў на супрацьлеглы бок Сожа.

Ёсць у парку, акурат над Лебядзінай сажалкай, і даволі непрыкметнае месца з двума камянямі-намагіллямі, на якіх высечаны надпісы “Лордъ” і “Марко”. Кажуць, раней быў і трэці камень, але няўмольны час знішчыў надмагілле, а разам з ім сцерлася з памяці мясцовых жыхароў і мянушка трэцяга сабакі — ці то Ральф, ці то Плутон. Гэта не проста першыя могілкі хатніх жывёл у Гомелі, іх узнікненне звязанае з цікавай гісторыяй.

Апошні гомельскі князь Фёдар Іванавіч Паскевіч-Эрыванскі меў цяжкі характар і сабак, відаць па ўсім, любіў значна больш за людзей. Сапраўдным захапленнем князя было паляванне: ён і стрэльбы англійскія замаўляў, і багатую калекцыю трафеяў меў. Чаго варты толькі Сабачы хутар, які знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Паўлава. Калі памерлі любімыя гадаванцы Фёдара Іванавіча Лорд і Марка, ён зладзіў багатую і пышную пахавальную цырымонію па ўсіх правілах і паставіў на магілах памятныя камяні. Так у гомельскую гісторыю князь упісаў імёны найлепшых сяброў чалавека, хаця якраз гэтымі самымі “сябрамі чалавека” Фёдар Іванавіч і цкаваў неасцярожных гамяльчан, якія траплялі на тэрыторыю парка ў недазволены час.

Магічныя месцы здольныя спараджаць чуткі ды легенды. Не менш за “афіцыйную” мне падабаецца літаратурна-міфалагічная версія паходжання камянёў, выкладзеная ў кнізе “Здані і пачвары Беларусі” У. Ахроменкі і М. Клімковіча.

Згодна з ёй, князя Паскевіча суправаджаў на паляванні сібірскі кот Лорд — драпежная і злосная жывёла, якая наводзіла містычны жах на мясцовых сялян, бо ўлюбёнай здабычай ката былі людзі. Здань ката і дагэтуль бадзяецца каля камянёў, і найпершыя яе ахвяры — разбэшчаныя юнакі і падлеткі. Так што, як будзеце ў Гомелі, не прыдумайце распіваць піва ды падобныя трункі на тэрыторыі парка, бо ведайце: за адміністратыўнымі правапарушэннямі сочыць тут не толькі міліцыя, але і прывід Паскевічава сібірскага ката, помста якога будзе страшнай.


Таямнічая брама

Яшчэ адным атмасферным месцам, пра якое, аднак, згадае далёка не кожны гамяльчанін, з’яўляецца царква Пакроўская (1840 г.) на ўскраіне горада, у раёне Новая Мільча, назва якога паходзіць ад аднайменнага колішняга паселішча старавераў — ці не самага буйнога на тэрыторыі сучаснага Гомеля. Дакладней, не царква, а самотная брама, якая засталася ад храма.



Гэта адзін з вобразаў, што нязменна асацыюецца ў мяне з дзяцінствам, бо знаходзіцца недалёка ад дома маёй цёткі, дзе я і мой стрыечны брат любілі бавіць час летам. Каларытная брукаванка вяла ад прыпынку завода “Цэнтраліт” і абрывалася роўна перад брамай, праз якую можна было трапіць толькі… у будынак мясцовага медпункта — таксама “сакральнае” месца для ўсіх мясцовых жыхароў, бо найбліжэйшая паліклініка знаходзілася даволі далёка.

Імкненне спасцігнуць таямніцу брамы спараджала ў нашых дзіцячых галовах розныя версіі. Самай прыцягальнай была думка, што гэта ўваход у іншае вымярэнне… Мы баяліся праходзіць праз браму, баяліся, што знікнем назаўсёды, як знікла бясследна загадкавая царква старавераў.


Дамок-пернік

Сваю асаблівую прыцягальную аўру мае і гістарычная забудова вуліцы Савецкай. Сто гадоў таму былая Румянцаўская ўжо была гэткім раёнам Гомель-сіці, пра што і сёння нагадвае шэраг будынкаў колішніх банкаў — Арлоўскага, Віленскага, Руска-Азіяцкага (сімвалічна, што першая банкаўская ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явілася якраз у нашым горадзе — у 1870 годзе) ды прыбытковых дамоў. Да пабудовы значнай часткі з іх, дарэчы, меў самае непасрэднае дачыненне выбітны архітэктар Станіслаў Данілавіч Шабунеўскі.



Сярод усіх гэтых упрыгожаных барэльефамі ды канелюрамі будынкаў Савецкай-Румянцаўскай самым “святочна прыбраным” быў і застаецца колішні прыбытковы дом Л. Маянца. Дом, які нагадвае мне велізарны пернік. Дадатковую магію гэтаму месцу ў маім сціплым савецкім дзяцінстве надаваў той факт, што сузіранне яго, як правіла, суправаджалася пакупкай абновак у краме насупраць — адной з галоўных крам горада з красамоўнай назвай “Стары Універмаг”. А які яшчэ ўнівермаг можа быць у старым горадзе?..


Сутнасць праекта “Магічная мапа” кампаніі “Будзьма беларусамі!”: з існых адасобленых “пазлаў” — мясцінаў беларускіх гарадоў — стварыць агульную, актуальную калектыўную гарадскую гісторыю Беларусі. Горад — прастора супольная. І магічная мапа павінная стварацца супольна. Таму прапаноўваем стаць удзельнікам праекта ўсім, хто хоча падзяліцца сваімі таямнічымі ведамі.

Мы чакаем і вашых допісаў! Дасылайце на адрас кампаніі [email protected] (з пазнакай у тэме ліста “Магічная мапа”) спіс сваіх магічных месцаў (не больш за тры), тых месцаў, якія маюць сваю гісторыю і патэнцыйна будуць цікавыя іншым жыхарам горада. Дасылайце пералік разам з кароткім тлумачэннем: чаму гэтае месца для вас дарагое альбо чаму вы лічыце яго магічным, адметным. Найцікавейшыя аповеды будуць публікавацца на нашай старонцы “Магічная Мапа” і аздабляцца малюнкамі Андруся Такіндага. Калі вы малюеце самі, дасылайце і свае малюнкі!

Чытаць пра праект “Магічная мапа” ад кампаніі Будзьма беларусамі!”


Оценить материал:
Средний балл - 5.00 (всего оценок: 2)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

В настоящее время комментариев к этому материалу нет.
Вы можете стать первым, разместив свой комментарий в форме слева