Другие материалы рубрики «Общество»

  1. Байнет 1 апреля: русский тоннель, презервативы по рецепту и смартфон в тесте
    1 апреля многие интернет-ресурсы имеют вполне легальное оправдание той фигне, которую обычно публикуют...
  2. В Могилеве вандалы снова повредили бюст Тарасу Шевченко
    Это уже не вандализм, а проявление сепаратизма, считает глава местного объединения украинцев «Дніпро»…


Общество

Новы мэр Гродна: працую без выходных, зарабляю 14 млн. рублёў


Два месяцы таму Мечыслаў Гой, які дагэтуль узначальваў райвыканкам у Смаргоні, быў прызначаны мэрам Гродна. Чыноўнік даў першае інтэрв’ю Naviny.by, у якім распавёў пра інвестыцыі ў рэгіёне, затрыманні чыноўнікаў за карупцыю і свой заробак.

— Спадар Мечыслаў, ці было нечаканым для вас прызначэнне на пасаду старшыні Гродзенскага гарвыканкама?

— Не, таму што апошнія сем год я знаходзіўся ў рэзерве кадраў на пазіцыю першага намесніка старшыні аблвыканкама, які курыруе сельскую гаспадарку. Таму рана ці позна пасада павінна была знайсці мяне.

— У Беларусі высокіх чыноўнікаў прызначаюць, у той час як у суседніх краінах гэта выбарныя пасады. Можа, і нам варта праводзіць выбары мясцовай улады?

— Трэба ці не трэба, не магу адказаць. На сёння існуе такі парадак у Беларусі, і гэта замацавана заканадаўча.

— Якія задачы вы ставіце перад сабой на новай пасадзе?

— Апошнія 10 год я працаваў старшынём Смаргонскага райвыканкама. Давялося шмат чаго зрабіць — гэта і рэарганізацыя сельскай гаспадаркі, і абнаўленне прамысловага сектару. Раён за час майго кіравання ўпершыню ў гісторыі стаў чацвёртым па аб’ёме выпуска прамысловай прадукцыі. Атрымалася прыцягнуць замежныя інвестыцыі, што вельмі важна, бо на сёння не хапае заёмных сродкаў. Вось гэтая практыка будзе працягнутая і ў Гродне. Горад інтэнсіўна развіваецца, за апошнія чатыры гады на 26,5 тысячы жыхароў стала больш. Важна, каб гродзенцам было не толькі дзе адпачыць, але і — у першую чаргу — дзе працаваць. Па ўзроўні заробку Гродна ідзе ўслед за Мінскам у рэйтынгу абласных гарадоў. Вельмі важна і надалей трымацца гэтых паказальнікаў.



Асобная ўвага будзе нададзена кадравай палітыцы. Вельмі важна, каб больш моладзі прыходзіла ў дзяржаўнае кіраванне. У іх зусім іншыя погляды, больш прагрэсіўныя. Вобразна кажучы, у мэра ў адной руцэ — грошы, у другой — кадры. І толькі пры правільным кіраванні можна дасягнуць балансу.

— Два месяцы вы ўзначальваеце гарвыканкам ў Гродне. Якія першыя праблемы ў горадзе ўжо паспелі заўважыць?

— Я быў здзіўлены, што каля 30% зваротаў грамадзян датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Аналіз паказвае, што шмат грошай у ЖКГ можна знайсці, калі ўдасканаліць кіраванне структурамі. Шэраг арганізацыяў выконваюць пасярэдніцкую фунцыю. Яны будуць спрошчаныя.

— Віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў, што да 2017 года беларусы будуць на 100% аплачваць камунальныя паслугі. На ваш погляд, ці гатовыя да гэтага нашыя людзі?

— Хачу адзначыць, што па вывазу смецця ў Гродна мы амаль выйшлі на поўную аплату. Тое самае і па вадзе. А калі прыбраць усё разгільдзяйства ў ЖКГ, то выйдзем за 100%. Адзінае пытанне стаіць па ацяпленні, мы пакуль не гатовыя да гэтага. Але паступова мы павінны выходзіць на поўную аплату камунальных паслугаў.

— Смаргонь падчас вашага кіравання мела досыць высокія паказальнікі па інвестыцыях. Ці ёсць ідэі, якіх інвестараў можна прыцягнуць у Гродна?

— Перадусім Гродна патрэбныя паслугі гасцініц. Горад гістарычны, яго нездарма называюць каралеўскім. Дзве гасцініцы, якія на балансе горада, проста ніякія. Паслугі пражывання павінны прадастаўляць прыватныя структуры. І гэтага не трэба баяцца. На сферу гандлю, турыстычныя і іншыя паслугі не трэба траціць бюджэтныя грошы. Задача дзяржавы — будаваць школы і дзіцячыя сады, бальніцы і паліклінікі. Уся астатняя інфраструктура можа фарміравацца за кошт інвестараў, беларускіх ці замежных. Гэта мая стратэгія.

— А калі звярнуцца да буйных інвестыцыйных праектаў, як, напрыклад, горадаўтваральнае прадпрыемства “Гродна Азот”? Конкурс па продажу акцый не адбыўся. Эксперты, аналізуючы інвестыцыйны клімат Беларусі, кажуць, што адна з прычын нізкай зацікаўленасці бізнэсу — высокі кошт праектаў і звышнагрузка на інвестараў у выглядзе сацыяльных аб’ектаў, якія знаходзяцца на балансе дзяржаўнага прадпрыемства. Што вы думаеце на гэты конт?

— Я прытрымліваюся той пазіцыі, што ўсёй непрамысловай сферай павінен займацца бюджэт. І я згодны, што прадпрыемствы павінны займацца вытворчасцю, а не цягнуць баласт… Задача “Гродна Азота” — выпускаць угнаенні і плаціць падаткі. А мы на гэтыя грошы павінны ўтрымліваць структуры. Сёлета перадалі пяць інтэрнатаў і чатыры дзіцячыя садкі на баланс горада. Летась — паліклініку “Гродна Азота”. Такую палітыку падзяляе і Гродзенскі аблвыканкам. Што тычыцца продажу акцый “Гродна Азота”, то, наколькі мне вядома, на прапанову інвестара дырэктар прадпрыемства адказаў: “Я з такімі ўмовамі сам з завода зраблю цацку”. Таму тут пытанне, ці патрэбны такі інвестар.

— Я б хацела перайсці да сферы адукацыі. Наколькі мне вядома, у Гродне востра стаіць праблема з беларускамоўным навучаннем у садах і школах…

— Калі была б праблема, на працягу двух месяцаў да мяне прыйшлі б і пра гэта сказалі. Напрыклад, пытанне са школай у мікрараёне Вішнявец мы вырашылі. Прэм’ер-міністр даў загад, і сёння будаўнікі працуюць на аб’екце.



— Але маё пытанне закранае не інфраструктурную праблему. Вельмі прыкра, што ў горадзе, як вы адзначылі, гістарычным, каралеўскім і, я б яшчэ дадала, прабеларускім, фактычна не засталося навучання па-беларуску.

— Я не гатовы на сёння адказаць на гэтае пытанне.

— Давайце тады пагаворым пра яшчэ адну праблему ў горадзе — кіёскі “Тытунь”, якія з’явіліся на прыпынках грамадскага транспарту. У інтэрнэце вельмі шмат нараканняў. Цыгарэты па-ранейшаму прадаюць у крамах, а цяпер яшчэ і на прыпынках. Як усталяванне такіх аб’ектаў стасуецца з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя і колькі яшчэ ў горадзе з’явіцца кіёскаў з тытунём?

— Праграма размяшчэння гэтых кіёскаў была прадугледжана летась. Частка з’явілася год таму, частка сёлета. Але ў далейшым іх размяшчэнне не прадугледжваецца. Я асабіста не палю, як і трое маіх сыноў.

— Яшчэ адна шкодная звычка ператварылася ў цэлую праблему, прычым не толькі для Гродна, але і для ўсё краіны. Я маю на ўвазе алкагалізм. Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, 100% забойстваў на Гродзеншчыне здзейснена ў стане алкагольнага ап’янення. Як можна вырашыць гэтую праблему?

— Тыя забарончыя меры, якія прымаюць некаторыя раёны Гродзенскай вобласці, — забарона продажу пладова-ягадных вінаў, абмежавання часу продажу алкаголя, напэўна, не дадуць таго станоўчага выніку, якога мы хочам.

— Тады якім чынам супрацьстаяць?

— Алкаголь жа прадаецца ва ўсіх краінах свету…

— Але цэны на алкаголь розныя.

— Вядома ж, у першую чаргу можна паўплываць цэнамі. Другое — даступнасць алкаголя. У невялікіх крамах крокавай дасяжнасці няма патрэбы прадаваць алкаголь. Павінны быць асобныя кропкі. Але проста забараняць продаж алкаголя немэтазгодна. З’яўляюцца “туры” ў іншыя раёны — хто на веласіпедзе, хто на кані едзе за танным віном. Я калісьці яшчэ выкарыстоўваў прафілактычныя меры — сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў прысутнасці ксяндза і бацюшкі, прадстаўнікоў “Ананімных алкаголікаў”.

— На мінулым тыдні стала вядома, што на працоўным месцы былі затрыманыя два чыноўнікі Гродзенскага гарвыканкама. Іх падазраюць у атрыманні хабару. Ці вядомыя нейкія падрабязнасці?

— Я пакуль устрымаюся ад каментароў, паколькі справаю займаецца Следчы камітэт. Адзначу толькі, што адзін з супрацоўнікаў вызвалены ад займанай пасады. Наконт другога рашэнне пакуль не прынятае, паколькі ідуць следча-аператыўныя мерапрыемствы.

— Апошнім часам усё часцей стала з’яўляцца інфармацыя пра падобныя выпадкі. Выглядае, што праваахоўныя ворганы сур’ёзна ўзяліся за такія справы. На ваш погляд, як можна стрымаць карупцыю ў Беларусі?

— Я зараз чытаю кнігу “З трэцяга свету ў першы” былога прэм’ер-міністра Сінгапура Лі Куан Ю. У Сінгапуры, як вядома, карупцыя была вынішчана. Для чыноўніка майго рангу вельмі важна азнаёміцца з такімі выданнямі. Як толькі яго прачытаю, дам дадатковы каментар па гэтай тэме.

— Гэта сапраўды выдатная кніга. Але дазвольце ўдакладніць. Многія эксперты кажуць, што перамагчы карупцыю немагчыма без адкрытасці і падсправаздачнасці чыноўнікаў. У суседніх краінах — Польшчы, Літве — грамадзяне могуць без праблем атрымаць поўную інфармацыю пра заробкі і маёмасць чыноўнікаў. У Беларусі чамусьці гэта інфармацыя закрытая. На ваш погляд, ці варта нашым дзяржслужачым паказаць свае даходы народу?

— Зараз ідзе абмеркаванне закона аб прадухіленні карупцыі, таму вы можаце накіраваць сваю прапанову…

— Такая прапанова ўжо накіроўвалася. Але асабіста вы маглі б агучыць, які ў вас заробак?

— Я абсалютна нармальна да гэтага стаўлюся. Я пабудаваў дом у Смаргоні. Узяў крэдыт на 40 год пад 1%. Такі быў крэдыт, якім карысталіся практычна ўсе жыхары Смаргоні. Мой заробак — 14 млн. рублёў у месяц. Працую я без выхадных. На першы погляд, праца старшыні можа быць незаўважнай. Але калі бачыш поспехі ў адукацыі, медыцыне, калі паступае менш скаргаў, думаеш: і мая заслуга ў гэтым ёсць…

— А ваша сям’я?

— Малодшы сын пераехаў са мной у Гродна, а старэйшыя засталіся ў Смаргоні. Абодва скончылі Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Адзін працуе ў сістэме міжрайгаза, другі — інжынерам-механікам на “Смаргонскіх малочных прадуктах”.



— Апошняе пытанне, яго прасілі задаць гродзенцы. Вельмі доўга абмяркоўваецца стварэнне вуліцы імя Васіля Быкава. Было вельмі шмат зваротаў і просьбаў…

— Рашэнне па гэтым пытанні прынятае. Вуліца імя Васіля Быкава з’явіцца ў новым мікрараёне Альшанка. Там жа будуць пабудаваныя царква і касцёл.

 

Даведка Naviny.by

Мечыслаў Гой нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Шловенцы Воранаўскага раёна. Скончыў Беларускі інстытут механізацыі (1989), Акадэмію кіравання пры прэзідэнце (2004). Працаваў галоўным інжынерам ў калгасе імя Леніна, пазней узначальваў сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Агра-правожа”. У 2004 годзе прызначаны старшынём Смаргонскага райвынканкама, у 2014 — старшынём Гродзенскага гарвыканкама. Жанаты, мае трох сыноў. Па веравызнанні — каталік.

Оценить материал:
Средний балл - 4.38 (всего оценок: 16)
Tweet

Ваш комментарий

Регистрация

Последние Комментарии

  • И человек возрастом за 50, его комплекции, работающий без выходных - знацицца работает "на износ". Кому и зачем это надо? В этом сволочизм нынешней модели государства...
  • Я лично позитивно к аффтору и герою материала отнёсся. Беда только в том, что все наши руководители входят в своего рода "группу риска"...