Жыхары авіягарадка ў Бабруйску пра расейскую базу: “Мо так і трэба?”
Апошні савецкі самалёт пакінуў Бабруйск амаль дваццаць гадоў таму — у 1993-м. Але хутка на мясцовым аэродроме зноў будзе шумна…
У 2015 годзе ў Бабруйску павінна зьявіцца расейская авіябаза. Сёлета расейскія вайсковыя самалёты ўжо прызямліліся на мясцовым аэрадроме. Апошні ж савецкі самалёт пакінуў Бабруйск амаль дваццаць гадоў таму — у 1993-м.
У колішнім авіягарадку шмат што зьмянілася за часы сувэрэннай Беларусі. Некаторыя вайсковыя аб’екты прыстасавалі пад цывільныя патрэбы. А як ставяцца жыхары гарадка да разьмяшчэньня расейскай авіябазы? Ці бачаць яны ў гэтым пагрозу для сувэрэнітэту Беларусі? І ад каго будуць бараніць расейскія самалёты беларусаў?
Бабруйскі авіягарадок у савецкія часы хаваўся за агароджай. Цяпер ад яе не засталося ні знаку. Плотам абнесены толькі інжынэрна-аэрадромны полк, што на ўскрайку гарадка, ды ягоныя аб’екты. Да цэнтру Бабруйску ад колішняга вайсковага паселішча — меней за пятнаццаць хвілін хады.
У самім гарадку — цішыня. У будні па дагледжаным паселішчы шпацыруюць маладыя маці зь дзецьмі ў вазках. Шмат пэнсіянэраў бавяць час у дварах цагляных трохпавярховікаў.
З трыма кабетамі, якія бавіліся гульнёй у карты, гутару пра магчымыя зьмены ў жыцьці гарадка. Разьмяшчэньне расейскай авіябазы жанчыны вітаюць.
«Надзейней і спакайней будзе нам. Вы ж паглядзіце, што ва Ўкраіне творыцца. А яны ж побач. Там жа ўжо ўсе павар’яцелі. На іх надзеі няма. Расею і Пуціна, як кажуць, ніхто ня зваліць. А Расея і Беларусь — адзіныя. Няхай тут стаіць расейская база — яна нам не перашкаджае. Мала што надумае Ўкраіна — возьме ды пойдзе на Беларусь», — тлумачаць сваю пазыцыю кабеты.
Украінцы застаюцца для жанчын братамі, але суразмоўніцы лічаць, што яны трапілі пад моцны ўплыў ворагаў — якіх, не ўдакладнілі.
«Яны там нібы замбаваныя. У мяне дачка там жыве, дык ёй на гэтую тэму нельга слова сказаць. Была ў мяне летам. Усё адразу становіцца, як гэта…», — выказваецца адна жанчын.
На заўвагу «а мы ці не замбаваныя?» пярэчаць: «Не, вы што. Мы ж жывём пакуль спакойна».
Суразмоўніцы кажуць, што ў Беларусь прыехалі за сваімі мужамі, якія служылі авіятарамі. Пражылі тут не адзін дзясятак гадоў і заяўляюць, што любяць Беларусь. Наракаюць на тутэйшую неўладкаванасьць жыцьця. Бэсьцяць уладу за занядбаныя вайсковыя будынкі і спадзяюцца на расейцаў, якія, паводле жанчын, зробяць у гарадку парадак:
«Кажуць, і садок пабудуюць, і школу, і шмат дамоў і крамаў. Вядома ж, жыцьцё тут будзе весялейшае. Мы за Расею з усіх бакоў. Каб была тут адзіная валюта. Лукашэнка казаў, што пэнсіі будуць аднолькавыя».
Наступны суразмоўца, мужчына сярэдняга веку, таксама кажа, што расейская авіябаза патрэбная Беларусі. Бараніць будзе ад натаўскіх войскаў, якія, паводле яго, абклалі краіну з усіх бакоў. На ягоную думку, беларуская авіяцыя разьвітая кепка, таму прыдасца і расейская:
«Мы ж без Расеі ніхто, і мы ад яе ўсё адно залежым — ад ейнага газу, нафты. Ніводная вайна міма тэрыторыі Беларусі. У любым разе, калі будзе яшчэ адна вайна, то мы пападаем пад яе. І ў выпадку чаго ў нас будзе чым бараніцца», — тлумачыць сваю пазыцыю мужчына.
Суразмоўца, аднак, не спадзяецца на вялікія эканамічныя выгады ад разьмяшчэньня расейскай авіябазы ні для Беларусі, ні для Бабруйску.
«Тут узьвядуць лішні дом для расейскіх авіятараў. Ён у пляне ўжо ёсьць. Каб яны жылі не ў інтэрнаце, а ў сваім доме. Для нас жа ў пляне эканомікі нічога ня зьменіцца, але будуць свае ваенна-паветраныя сілы», — даводзіць жыхар авіягарадка.
Многія жыхары паселішча адзначалі адну нязручнасьць ад расейскай авіябазы.
«Цяпер тут ціха, добра. А будуць самалёты, дык будзе шумна — гэта кепска, — бядуе жыхарка гарадка. — Але мо, ня ведаю, мо так і трэба. Але ж гэта, відаць, будуць расейскія самалёты, расейская база? Як сказаць, чужыя яны нам ці не чужыя? Калі мы сябруем з Расеяй, то, відаць, і ня дужа чужыя. У Беларусі ж сваіх самалётаў няма. І не было ніколі. Тут жа заўжды стаяла расейская дывізія».
Апошні савецкі самалёт пакінуў Бабруйск у 1993 годзе. Сёлета некалькі расейскіх апрабавалі мясцовы аэрадром. Кажуць, што ён у неблагім стане, але вымагае рэканструкцыі. За яе возьмуцца расейцы.
Беларускія вайскоўцы з інжынэрна-аэрадромнага палку на пытаньні пра расейскую авіяцыйную базу, якая можа зьявіцца ў гарадку, адказваць адмаўляліся. Выслухаўшы журналіста, тут жа сыходзілі. Толькі адзін адказаў, што ў расейскай базы ёсьць свае плюсы і мінусы. Што ён меў на ўвазе — не патлумачыў.
За часы сувэрэннай Беларусі ў колішнім вайсковым паселішчы ўзьвялі не адзін шматпавярховік. У гарнізонным Доме афіцэраў цяпер мастацкая школа. Каля яе — сьцяна славы з назвай «Они взлетали, чтобы победить» і мапай, на якой пазначаныя гарады, якія бамбавалі самалёты савецкага вайсковага злучэньня. Помнік Леніну зьнік.
Ад савецкай мінуўшчыны засталіся назвы вуліц з расейскамоўнымі шыльдамі ды памятнымі знакамі. Адну з дарог да гарадку актыўна рамантуюць. Мясцовыя жыхары кажуць, што за расейскія грошы.
Обсудим?