«Ня можаце зрабіць — не рабіце». У Магілёве павесілі герб горада без «Пагоні»
На ўезьдзе ў Магілёў усталёўваюць святлодыёдныя гербы горада без аднаго важнага яго элементу — Пагоні. На месцы, дзе павінен быць узброены коннік — адтуліна.
На ўезьдзе ў Магілёў усталёўваюць святлодыёдныя гербы горада без аднаго важнага яго элементу — Пагоні. На месцы, дзе павінен быць старадаўні беларускі герб — адтуліна. На прадпрыемстве «Магілёўсвятло» заяўляюць, што ўштукаваць «Пагоню» ў гарадскі герб тэхнічна немагчыма.
Між тым на сайце Магілёўскага гарвыканкаму пададзена, які павінен быць герб гораду. Само слова «Пагоня» ў тэксце ня згадваецца, але апісваецца, як яна выглядае:
«Герб горада Магілёва ўяўляе сабою выяву на блакітным фоне барочнага шчыта трох срэбных вежаў, у адчыненай браме сярэдняй з якіх знаходзіцца срэбраны рыцар у даспехах з паднятым над галавой мячом. Уверсе над брамай на ўсечаным па сваім падножжы круглым чырвоным шчыце пад дахам цэнтральнай вежы знаходзіцца срэбны ўзброены коннік з мячом і шчытом», — сказана ў афіцыйным апісанні гарадскога герба Магілёва.
Такім прадаецца герб горада ў шапіках «Белпошты»
Геральдычныя знакі на слупах ліній электраперадачы на Мінскай шашы начэпліваюць як упрыгожанні.
Праваабаронца Аляксей Колчын адным з першых з магілёўцаў звярнуў увагу на адсутнасць «Пагоні» ў гербе. На ягоную думку, не ўштукавалі беларускі сімвал у гарадскі герб свядома, і ў гэтым, кажа ён, небяспека сітуацыі.
«З герба выкінутая гістарычна важная ягоная частка — „Пагоня“. Вядома, што беларускія ўлады з асцярожнасцю ставяцца да гэтай гістарычнай сімволікі. У тым, што выкінутая „Пагоня“, ёсць палітычны падтэкст, і тое, што ў афіцыйна зацверджаным гарадскім сімвалы адсутнічае „Пагоня“ — гэта якраз мяне і зачапіла», — кажа праваабаронца.
«Такога кшталту ігнараванне гістарычнай сімволікі — небяспечныя гульні. Гэта прыводзіць да тых праблемаў, якія мы бачым на ўсходзе Украіны, — мяркуе актывіст. — Калі да сваёй гістарычнай сімволікі пачынаюць ставіцца як не да сваёй, пачынаюць яе дзяліць на вартыя элементы і ня вартыя, то гэта прыводзіць да трагічных падзеяў».
Як заўважае Аляксей Колчын, тэхнічнай складанасці ў тым, каб вырабіць для гарадскога герба «Пагоню», няма, бо зрабілі ж, на ягоную думку, больш складаны элемент — выяву рыцара.
Усталяваннем геральдычных знакаў займаецца магілёўскае прадпрыемства «Гарсвятло». Там заяўляюць, што ніякага свядомага ігнаравання і палітычных падтэкстаў у адсутнасці «Пагоні» няма. Але вырабіць яе немагчыма.
«Конніка зрабіць тэхнічна немагчыма. Мы над гэтым думалі. Некалькі варыянтаў спрабавалі. З цяжкасцю зрабілі рыцара, што ўнізе. Каб не псаваць выгляд, мы вырашылі наагул не размяшчаць конніка ў гербе. Зразумейце, пакуль няма такіх матэрыялаў, каб зрабіць конніка. Калі вырабіць з таго, што ёсць, замест яго будзе проста пляміна», — паведаміў прадстаўнік прадпрыемства.
Магілёўскі гісторык, сябра тапанімічнай камісіі пры Магілёўскім гарвыканкаме Ігар Пушкін заўважае, што ёсць рэгламент, якога неабходна трымацца.
«Гарадскі герб афіцыйна зацверджаны, і адпаведныя службы павінны сачыць за тым, каб сімвал падаваўся бязь зменаў. Як тэхнічна зрабіць немагчыма яго, то і ня варта брацца, бо ўносіць змены ў афіцыйна зацверджаныя выявы нельга», — настойвае гісторык.
Герб гораду з «Пагоняй» зацвердзіў сваім указам Аляксандр Лукашэнка ў 2005 годзе.
Прадпрыемства «Гарсвятло» збіраецца вывесіць на слупах Мінскай шашы 20 гербаў без «Пагоні». Дзесяць з іх, як паведамляе Магілёўскі гарадскі інфармацыйна-даведачны партал са спасылкай на кіраўніка «Гарсвятла» Аляксандра Пашкевіча, ужо вывешаныя.
Герб гораду на гарадскім сцягу
Цяперашні герб гораду гістарычны. У 1661 годзе Магілёву яго надаў кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Ян Казімір Ваза. Тады гораду вярнулі Магдэбургскае права, якога пазбавілі ў 1654 годзе, калі гараджане ўпусцілі у горад маскоўцаў, якія прыйшлі вайной на беларускія землі. 1 студзеня 1661 году магілёўцы паўсталі і перабілі маскоўскі гарнізон.
Обсудим?